Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СІНКАНСЕ́Н,

сістэма хуткасных чыг. магістралей у Японіі (Токіо—Кагосіма—Аомары—Сіманасекі). Мае двухкалейныя чыг. лініі даўж. 7 тыс. км. Макс. скорасць руху 250 км/гадз.

т. 14, с. 401

СІНКЕ́ВІЦКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1942,

баі партыз. атрадаў па адначасовым разгроме варожага гарнізона ў вёсцы і на чыг. ст. Сінкевічы Ленінскага р-на Пінскай вобл. 30 кастр. ў Вял. Айч. вайну. План аперацыі з мэтай зрыву руху паяздоў па чыгунцы Брэст—Гомель распрацаваў штаб Пінскага партыз. злучэння. Гарнізон і станцыя (больш за 100 гітлераўцаў) былі ўмацаваны дзотамі, узброены станковымі і ручнымі кулямётамі. Аперацыю праводзілі партыз. атрады імя М.​Шыша (камандзір М.​І.​Герасімаў) і «Пятровіча» (А.​П.​Савіцкі). Групы прыкрыцця вывелі са строю тэлеф.-тэлегр. лінію сувязі, грунтавыя дарогі і чыгунку на падыходах. На досвітку ўдарныя групы разграмілі ў вёсцы паліцэйскі ўчастак, камендатуру, на станцыі падпалілі састаў з боепрыпасамі, ад узрываў якога былі знішчаны станцыйныя пабудовы і чыг. палатно. У ходзе гадзіннага бою падарваны 3 чыг. і 4 масты на грунтавых дарогах, знішчана 3 км тэлеф.-тэлегр. лініі сувязі, спалены лесапільны і малочны з-ды, будынкі акупац. улад, на працяглы час спынены рух на чыгунцы.

Літ.:

Беларусь у Вялікай Айчыннай вайне, 1941—1945: Энцыкл. Мн., 1990.

т. 14, с. 401

СІНКЕ́ВІЦКАЯ ГЕО́РГІЕЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Сінкевічы Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 18 ст. на могілках. Царква — трохзрубная з прамавугольнымі ў плане аб’ёмамі роўнай вышыні. Цэнтр. зруб асн. аб’ёму завершаны невысокім чацверыком, накрыты 4-схільным шатром (знутры 8-схільным). Апсіда і бабінец пад вальмавымі дахамі з невял. гранёнымі галоўкамі. На адной восі з царквой пастаўлена зрубна-каркасная званіца; звонку 2-ярусная, мае схаваны прамежкавы ярус, накрыта 4-схільным шатром. У 1978—80 сцены будынкаў вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі і аздоблены падзорам.

Ю.​А.​Якімовіч.

Сінкевіцкая Георгіеўская царква.

т. 14, с. 401

СІНКЕ́ВІЧЫ,

вёска ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл., на левым беразе р. Лань, на аўтадарозе Лунінец—Мікашэвічы; чыг. ст. на лініі Брэст—Гомель. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 36 км на У ад г. Лунінец, 276 км ад Брэста. 960 ж., 312 двароў (2001). З-д «Палімер», лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі падпольшчыкам і землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. 30.10.1942 у Вял. Айч. вайну ў вёсцы і на чыг. станцыі партызаны правялі Сінкевіцкую аперацыю 1942. Помнік архітэктуры — Сінкевіцкая Георгіеўская царква.

т. 14, с. 401

Сінкевіч Аляксей Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 457

СІ́НКЛЕР ((Sinclair) Эптан Біл) (20.9.1878, г. Балтымар, ЗША — 26.11.1968),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). З 1920 займаўся выдавецкай дзейнасцю. Удзельнік літ. руху «макрэйкераў» («разграбальнікі бруду»), якія імкнуліся да выкрыцця грамадскіх заганаў, карупцыі ва ўсіх сферах жыцця. Дэбютаваў раманам «Кароль Мідас» (1901). Найб. значны твор — «сацыялагічны» раман «Джунглі» (1905) пра трагічныя лёсы рабочых. Аўтар раманаў «Сталіца» (1908), «Сільвія» (1913), «Кароль Вугаль» (1917), «Джымі Хігінс» (1919), «100%. Біяграфія патрыёта» (1920), «Нафта» (1927), «Бостан» (1928), «Аўтамабільны кароль» (1937), цыкла публіцыст. кніг «Мёртвая рука» (1918—25), кн. мемуараў «Аўтабіяграфія» (1962), эпапеі пра Лані Бэда (т. 1—11, 1940—53), шматлікіх аповесцей, апавяданняў, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Яго творы ўключаюць дакладныя факты, сацыялагічныя і гіст. дакументы; яны адметныя вастрынёй маральна-этычных канфліктаў, зваротам да эстэтыкі натуралізму ў спалучэнні з рэалізмам, свядомай тэндэнцыйнасцю, надзённасцю сюжэтаў, выразнай публіцыстычнасцю.

Тв.:

Бел. пер. —Злодзей: П’еса. Мн., 1930;

Аўтамабільны кароль. Аповесць аб фордаўскай Амерыцы. Мн., 1939;

Рус. пер. — Джунгли М., 1956;

Джимми Хиггинс. М., 1957;

100%. Биография патриота. М., 1957;

Столица.

М., 1957; Король Уголь. Донецк, 1981; Дельцы; Автомобильный король М., 1986; Сильвия; Замужество Сильвии. СПб., 1992.

Літ.:

Богословский В.Н. Эптон Синклер. М., 1976.

Е.​А.​Лявонава.

т. 14, с. 401

СІНКЛІНА́ЛЬ (ад грэч. synclinō нахіляюся),

сінклінальная складка, увагнутая складка пластоў горных парод, з нахілам слаёў да восі (замка), з больш маладымі пародамі ў цэнтр. ч. (ядры). Адрозніваюць С. сіметрычныя і асіметрычныя, каробчатыя (з плоскім дном), кілепадобныя і інш. Авальныя С. наз. брахісінкліналямі або мульдамі, акруглыя — чашамі. С. звычайна спалучаюцца з выпуклымі выгінамі слаёў — антыкліналямі. На Беларусі С. вядомы ў розных гарызонтах, найлепш вывучаны ў дэвонскай саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну, дзе прадстаўлены складкамі даўж. 4—25 км, шыр. 1,5—8 км. Гл. таксама Складкі горных парод.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 402

СІНКЛІНО́РЫЙ (ад сінкліналь + грэч. oros гара),

комплекс складкавых дыслакацый слаёў зямной кары з агульнай сінклінальнай будовай, дзе люстэрка складкавасці (датычная паверхня да скляпенняў або замкоў антыкліналей) апушчана ў гал. восевай ч. структуры. Даўжыня — многія сотні кіламетраў, шырыня — дзесяткі, радзей больш за 100 км. Пашыраны ў складкавых збудаваннях і ўтвараюцца на месцы геасінкліналей або арагенных (міжгорных) прагінаў. Чаргуюцца з антыклінорыямі. Тыповыя С. — Залаірскі на Урале, Новарасійскі на Каўказе.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 402

СІНКЛІ́Т (ад грэч. synklētos скліканы савет),

1) у Старажытнай Грэцыі сход вышэйшых саноўнікаў (савет).

2) У пераносным сэнсе (звычайна іранічна) поўны склад асоб (часцей высокапастаўленых).

т. 14, с. 402

СІНКО́ПА (грэч synkopē літар. — абсяканне, скарачэнне),

1) у музыцы — зрушэнне акцэнту з метрычна больш моцнай долі такта на больш слабую. Абазначае зрухі націску, якія адбываюцца ў выніку несупадзення рэальнай і метрычнай акцэнтуацыі і прыводзяць да ўтварэння ў межах такта нарматыўных і ненарматыўных акцэнтаў. Асн. выразная якасць С. — абвастрэнне рытмічнага і меладычнага руху, актывізацыя метрычнай пульсацыі ці яе згладжванне. Сінкапіраваныя рытмы пашыраны ў прафес. і нар. музыцы многіх народаў свету, у т. л. беларусаў. Як характэрная адзнака ўласна муз. і выканальніцкага стылю С. ўласціва танц.-інстр. фальклору.

2) У вершаскладанні — пропуск галоснага гука або групы гукаў у сярэдзіне слова. Выкарыстоўваецца з мэтай дасягнення гукавой і сэнсава-эмацыянальнай выразнасці паэтычнага твора. Сустракаецца ў нар. творчасці, творах пісьмовай л-ры:

Стары дзед мяжой ішоў,
Залатыя ключы найшоў.
— Прападайце, златы ключы,
За старога не йсці.
(Бел. народная песня)

Т.​Б.​Варфаламеева (музыка), А.​А.​Майсейчык (вершаскладанне).

т. 14, с. 402