СІ́НКЛЕР ((Sinclair) Эптан Біл) (20.9.1878, г. Балтымар, ЗША — 26.11.1968),
амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Калумбійскім ун-це (Нью-Йорк). З 1920 займаўся выдавецкай дзейнасцю. Удзельнік літ. руху «макрэйкераў» («разграбальнікі бруду»), якія імкнуліся да выкрыцця грамадскіх заганаў, карупцыі ва ўсіх сферах жыцця. Дэбютаваў раманам «Кароль Мідас» (1901). Найб. значны твор — «сацыялагічны» раман «Джунглі» (1905) пра трагічныя лёсы рабочых. Аўтар раманаў «Сталіца» (1908), «Сільвія» (1913), «Кароль Вугаль» (1917), «Джымі Хігінс» (1919), «100%. Біяграфія патрыёта» (1920), «Нафта» (1927), «Бостан» (1928), «Аўтамабільны кароль» (1937), цыкла публіцыст. кніг «Мёртвая рука» (1918—25), кн. мемуараў «Аўтабіяграфія» (1962), эпапеі пра Лані Бэда (т. 1—11, 1940—53), шматлікіх аповесцей, апавяданняў, п’ес, кінасцэнарыяў і інш. Яго творы ўключаюць дакладныя факты, сацыялагічныя і гіст. дакументы; яны адметныя вастрынёй маральна-этычных канфліктаў, зваротам да эстэтыкі натуралізму ў спалучэнні з рэалізмам, свядомай тэндэнцыйнасцю, надзённасцю сюжэтаў, выразнай публіцыстычнасцю.
Тв.:
Бел. пер. —Злодзей: П’еса. Мн., 1930;
Аўтамабільны кароль. Аповесць аб фордаўскай Амерыцы. Мн., 1939;
Рус. пер. — Джунгли М., 1956;
Джимми Хиггинс. М., 1957;
100%. Биография патриота. М., 1957;
Столица.
М., 1957; Король Уголь. Донецк, 1981; Дельцы; Автомобильный король М., 1986; Сильвия; Замужество Сильвии. СПб., 1992.
Літ.:
Богословский В.Н. Эптон Синклер. М., 1976.
Е.А.Лявонава.
т. 14, с. 401