СІНКЛІНА́ЛЬ (ад грэч. synclinō нахіляюся),

сінклінальная складка, увагнутая складка пластоў горных парод, з нахілам слаёў да восі (замка), з больш маладымі пародамі ў цэнтр. ч. (ядры). Адрозніваюць С. сіметрычныя і асіметрычныя, каробчатыя (з плоскім дном), кілепадобныя і інш. Авальныя С. наз. брахісінкліналямі або мульдамі, акруглыя — чашамі. С. звычайна спалучаюцца з выпуклымі выгінамі слаёў — антыкліналямі. На Беларусі С. вядомы ў розных гарызонтах, найлепш вывучаны ў дэвонскай саляноснай тоўшчы Прыпяцкага прагіну, дзе прадстаўлены складкамі даўж. 4—25 км, шыр. 1,5—8 км. Гл. таксама Складкі горных парод.

І.​В.​Клімовіч.

т. 14, с. 402

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)