Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЯРА́Т (позналац. majoratus ад лац. major большы, старэйшы) у цывільным праве, парадак атрымання ў спадчыну нерухомай маёмасці (найперш зямлі), паводле якога яна цалкам перадаецца старэйшаму ў сям’і або ў родзе без права продажу, здачы ў арэнду, дарэння, драблення. Меў на мэце захаванне буйных зямельных уладанняў ад драбнення.

Вядомы ў заканадаўствах стараж. Індыі, афінскім праве і інш.; у краінах Еўропы (Англіі, Францыі, Германіі і інш.) пашыраны з 11—13 ст. У Расіі ўпершыню ўведзены ў 1714 паводле ўказа Пятра I «аб адзінаспадчыннасці» (адменены ў 1730). У 1845 прынцыпы М. пашыраны ва «запаведныя» (атрыманыя ва ўзнагароду ад цара), а таксама на некаторыя родавыя і купленыя маёнткі. М. супярэчыў патрабаванням развіцця рыначнай эканомікі і ў 19 — пач. 20 ст. ў большасці краін скасаваны. Найдаўжэй захоўваўся ў Вялікабрытаніі як аснова лендлардызму.

На Беларусі афіцыйна зацверджаныя М. існавалі з 16 ст. (гл. Ардынацыя). У 19 ст. некат. канфіскаваныя маёнткі раздаваліся рас. урадам на правах М. выхадцам з Расіі дзеля ўмацавання рас. землеўладання ў краі, пры згасанні роду ў мужчынскай лініі зямля вярталася ў казну.

т. 10, с. 243

МА́ЯТНІК,

цвёрдае цела, здольнае пад уздзеяннем прыкладзеных сіл вагацца вакол нерухомага пункта ці восі. Ваганні могуць адбывацца пад дзеяннем сілы цяжару, калі вось М. не супадае з цэнтрам цяжару цела, або пад дзеяннем сіл пругкасці, што ўзнікаюць пры дэфармацыях сціскання-расцяжэння і кручэння.

Адрозніваюць матэматычны маятнік (напр., невял. масіўны груз на доўгім нерасцяжным падвесе), фізічны маятнік (маса цела размеркавана па ўсёй даўжыні падвеса), а таксама спружынны М. (груз, падвешаны на спружыне, здольнай да дэфармацыі сціскання-расцяжэння) і круцільны М. (дыск, падвешаны на лёгкім стрыжні, здольным да дэфармацыі кручэння). Пры гарманічных ваганнях цыклічная частата ω і перыяд Τ = 2π / ω ваганняў М. вызначаюцца інертнымі і пругкімі ўласцівасцямі сістэмы. Напр., для спружыннага М. ω​2 = k/m, дзе k — каэфіцыент жорсткасці спружыны, m — маса грузу; для круцільнага М. ω​2 = D/I, дзе D — модуль кручэння падвеса (гл. Модулі пругкасці), I — момант інерцыі дыска. Уласцівасці М. выкарыстоўваюцца ў розных прыладах для вызначэння часу, момантаў інерцыі, паскарэння свабоднага падзення і інш. дынамічных характарыстык мех. сістэм.

А.​І.​Болсун.

Да арт. Маятнік: 1 — матэматычны; 2 — фізічны; 3 — спружынны; 4 — круцільны.

т. 10, с. 243

МА́ЯТНІКАВАЯ МІГРА́ЦЫЯ,

рэгулярныя перамяшчэнні людзей з аднаго нас. пункта ў іншы, ад месца жыхарства да месца працы ці вучобы і назад. У аснове М.м. — неадпаведнасць у размяшчэнні вытв-сці і рассяленні насельніцтва. Рэгулярнасць М.м. адпавядае рэжыму прац. дзейнасці або вучобы. Гал. напрамкі — з вёскі ў горад, з малога горада ў буйны. Найб. значная і ўстойлівая ў прыгарадных зонах вял. гарадоў і гарадскіх агламерацый, а таксама ў сельскай мясцовасці урбанізаваных тэрыторый. Часам да М.м. адносяць таксама рэгулярныя паездкі сельскіх жыхароў у цэнтры абслугоўвання, пераважна гарады. Важная ўмова М.м. — развіццё транспарту. У Беларусі М.м. найбольш выражана ў рэгіёнах Мінска і абласных цэнтрах рэспублікі.

т. 10, с. 244

МА ДУА́НЬЛІ́НЬ (1228, прав. Цзянсі, Кітай — 1322?),

кітайскі гісторык эпохі дынастыі Сун. Аўтар энцыклапедычнай працы «Вэньсянь тункао» («Сістэматызаваны збор пісьмовых помнікаў і меркаванняў»), якая побач з творамі сунскіх гісторыкаў Чэн Чао і Сыма Гуана стала ўзорам для кіт. гісторыкаў больш позняга часу. М.Д. імкнуўся даследаваць эвалюцыю шэрагу сац. і дзярж. ін-таў і выявіць прычынныя сувязі некаторых гіст. з’яў. Лічыў, што для чыноўніка-канфуцыянца гіст. веды таксама важныя, як і канфуцыянская л-ра.

т. 9, с. 492

МА ЮА́НЬ, Цыньшань (канец 12 ст., прав. Шаньсі, Кітай — 1-я пал. 13 ст.),

кітайскі жывапісец. Дзеяч акадэміі жывапісу ў Ханчжоў. Паслядоўнік Лі Тана. Ствараў манахромныя з тонкай падфарбоўкай пейзажы («Адзінокі рыбак на рацэ ў халодны час») і кампазіцыі жанру «птушкі-кветкі» («Кветкі слівы, камяні і дзікія качкі ў горным патоку»), якія вызначаюцца філасофска-сузіральным ладам, абагульненасцю форм, манерай пісьма рэзкімі шырокімі мазкамі, новай для кіт. жывапісу асіметрычнасцю кампазіцыі.

Літ.:

Николаева Н.С. Художник, поэт, философ: Ма Юань и его время. М., 1968.

Я.​Ф.​Шунейка.

т. 10, с. 241

МБАБА́НЕ (Mbabane),

горад, сталіца Свазіленда, на выш. 1150 м. Адм. ц. акругі Хоха. Засн. ў канцы 17 — пач. 18 ст. Каля 50 тыс. ж. (1997). Аўтадарогай звязаны з чыгункай, якая вядзе ў порт Мапуту (Мазамбік). Аэрапорт. Прадпрыемствы металаапр., харч. і швейнай прам-сці. Апрацоўка с.-г. сыравіны. Ун-т.

т. 10, с. 244

МБЕ́КІ ((Mbeki) Таба Мвуелва) (н. 18.6.1942, Ідутыва, Паўд.-Афр. Рэспубліка),

палітычны і дзярж. дзеяч Паўд.Афр. Рэспублікі (ПАР). Скончыў Лонданскі і Сусекскі ун-ты. Лідэр Арг-цыі афр. студэнтаў — маладзёжнай арг-цыі Афрыканскага нацыянальнага кангрэса (АНК), у 1961—62 зняволены. З 1962 у эміграцыі. У 1971—72 пам. сакратара Рэв. савета АНК. У 1975—78 прадстаўнік АНК у Свазілендзе і Нігерыі. Чл. Нац. выканаўчага к-та АНК з 1975. Старшыня АНК з 1993, у 1993—97 нам. прэзідэнта, з 1997 прэзідэнт АНК. У 1994—99 1-ы віцэ-прэзідэнт, з чэрв. 1999 прэзідэнт ПАР.

т. 10, с. 244

МБРР,

гл. Міжнародны банк рэканструкцыі і развіцця.

т. 10, с. 244

МБУ́ЖЫ-МАЙІ (Mbuji-Mayi),

горад на Пд Дэмакр. Рэспублікі Конга. Да 1966 наз. Бакванга. Адм. ц. вобласці Усх. Касаі. Каля 550 тыс. ж. (1997). Вузел аўтадарог. Цэнтр здабычы алмазаў (пераважна тэхнічных). Харчасмакавая прам-сць.

т. 10, с. 244

МВА́НЗА (Mwanza),

горад на Пн Танзаніі. Адм. ц. вобласці Мванза. Каля 300 тыс. ж. (1997). Порт і гандл.-перавалачны пункт на воз. Вікторыя. Чыгункай звязаны з Дар-эс-Саламам (Індыйскі ак.) і Кігомай (воз. Танганьіка). Прам-сць: харчасмакавая, тэкст., гарбарна-абутковая, мылаварная. З-ды па вытв-сці кантэйнераў, буд. матэрыялаў, шкла, с.-г. і ірыгацыйнага абсталявання.

т. 10, с. 244