Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВІША́НСКАЕ РАДО́ВІШЧА НА́ФТЫ.

Каля г.п. Акцябрскі ў Акцябрскім і Светлагорскім р-нах Гомельскай вобл. На У мяжуе з Мармавіцкім радовішчам нафты. Пл. каля 40 км². Уваходзіць у Рэчыцка-Вішанскую зону нафтагазанамнажэння на Пн Прыпяцкага прагіну. Паклад нафты ў падсалявых адкладах верхняга дэвону на глыб. да 3000 м. Нафта высакаякасная, маласярністая, маласмалістая, парафінавая, мае ў сабе раствораны газ. Адкрыта ў 1967, распрацоўваецца з 1970.

т. 4, с. 238

«ВІ́ШАНЬКА»,

бел. нар. гульня. У гульню «Вішаньку» («Ірваць вішаньку») гуляюць пераважна на Каляды. Дзяўчына становіцца на ўслончыку паміж двух хлопцаў, якія, узяўшыся за рукі, ахоўваюць яе («вішаньку») ад трэцяга, што стаіць побач з імі. Дзяўчына, трымаючы ў роце саломінку, паварочвае галаву з боку ў бок. Той трэці павінен падскочыць да дзяўчыны і губамі схапіць саломінку. Калі гэта ўдаецца, дзяўчына цалуе яго.

т. 4, с. 238

ВІША́ПЫ

(іран.),

каменныя статуі (выш. да 5 м) у выглядзе рыбы або слупа з расцягнутай на ім скурай быка. Упершыню выяўлены ў 1909 у Арменіі ў раёне Гегамскага хр. Знаходзіліся паблізу стараж. каналаў і азёр, якія выкарыстоўваліся для вадапою жывёлы. Зроблены, магчыма, у 2-м тыс. да н.э. і звязаны з культам божастваў урадлівасці і вады. Пазней армяне лічылі статуі выявамі злых духаў і называлі іх вішапамі, г. зн. дэманамі. Выяўлены таксама на Паўн. Каўказе, у Грузіі, Манголіі.

т. 4, с. 238

Вішаўс Эрык

т. 18, кн. 1, с. 364

ВІШКАРО́Ў Барыс Якаўлевіч

(29.10.1905, г. Смаленск, Расія — 23.2.1974),

бел. акцёр, рэжысёр, педагог. Засл. дз. культуры Беларусі (1968). Скончыў Дзярж. эксперым. майстэрні пры Маскоўскім камерным т-ры (1929). Працаваў акцёрам у маскоўскіх т-рах, у 1944—47 у Дзярж. рус. драм. т-ры БССР. Выступаў пераважна ў ролях класічнага рэпертуару. З 1947 выкладаў у Бел. тэатр.-маст. ін-це. Працаваў на радыё, тэлебачанні як сцэнарыст і рэжысёр, выступаў з артыкуламі па пытаннях тэатр. мастацтва і драматургіі.

т. 4, с. 238

ВІ́ШНЕВА,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).

З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).

В.У.Шаблюк (гісторыя).

т. 4, с. 238

ВІ́ШНЕВА,

вёска ў Смаргонскім р-не Гродзенскай вобл., на беразе воз. Вішнеўскае. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 31 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Смаргонь, 252 км ад Гродна. 450 ж., 160 двароў (1996). Лясніцтва, сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік архітэктуры — касцёл Тадэвуша (1811).

т. 4, с. 238

ВІ́ШНЕЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Вілейскім р-не, на мяжы з Мядзельскім р-нам Мінскай вобл. і Смаргонскім р-нам Гродзенскай вобл., у бас. р. Страча, за 32 км на ПнЗ ад г. Вілейка. Пл. 9,97 км², даўж. 4,38 км, найб. шыр. 3,52 км, найб. глыб. 6,3 м, даўж. берагавой лініі 13,6 км. Пл. вадазбору 56,2 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, парослыя хваёвым лесам. Берагі нізкія, часта забалочаныя і затарфаваныя, пад хмызняком, на Пд і З высокія. Пойма шыр. 5—50 м, забалочаная, пад хмызняком. Дно плоскае, да глыб. 1,5 м выслана пяском і глеямі, глыбей — сапрапелямі. Паласа расліннасці шыр. 100—800 м. На Пн выцякае р. Смолка, якая злучае Вішнеўскае возера з воз. Свір.

т. 4, с. 238

ВІШНЕ́ЎСКАЯ Галіна Паўлаўна

(н. 25.10.1926, С.-Пецярбург),

руская спявачка (сапрана). Нар. арт. Расіі (1961), нар. арт. СССР (1966). Вучылася ў В.Гарынай. У 1952—74 салістка Вял. т-ра ў Маскве. Сярод партый: Таццяна, Ліза («Яўген Анегін», «Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Марфа («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Аіда, Віялета («Аіда», «Травіята» Дж.Вердзі), Тоска, Чыо-Чыо-сан (аднайм. оперы Дж.Пучыні). Упершыню на маск. сцэне выканала монаоперу «Чалавечы голас» Ф.Пуленка. Першая ўвасобіла вобразы Катарыны («Утаймаванне свавольніцы» В.Шабаліна) і Наташы Растовай («Вайна і мір» С.Пракоф’ева). Здымалася ў фільме-оперы «Кацярына Ізмайлава» Дз.Шастаковіча, выступала як драм. актрыса. Як канцэртная і камерная спявачка выконвала вак. творы П.Чайкоўскага, М.Мусаргскага, Шастаковіча і інш., часта з мужам М.Растраповічам (акампанемент фп.). Ёй прысвечаны творы Шастаковіча, Б.Брытэна. З 1974 жыве ў Парыжы. Аўтар кн. «Галіна. Гісторыя жыцця» (1991).

т. 4, с. 238

ВІШНЕ́ЎСКАЯ Іна Люцыянаўна

(н. 28.4.1925, г. Армавір, Расія),

рускі тэатразнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1975), праф. (1976). Засл. дз. маст. Расіі (1981). Скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1947). Даследуе праблемы драматургіі і т-ра. Аўтар першай манаграфіі пра творчасць А.Макаёнка «Камедыя на арбіце» (1979), артыкулаў пра п’есы К.Крапівы, К.Губарэвіча і інш.

т. 4, с. 239