ВІ́ШНЕВА,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл., на р. Альшанка. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад г. Валожын, 98 км ад Мінска, за 7 км ад чыг. ст. Багданаў, на аўтадарозе Валожын—Ашмяны. 537 ж., 211 двароў (1996).

З 14 ст. ў складзе Крэўскага княства. З 15 ст. ўласнасць Гедыголдавічаў, Гальшанскіх, Пацаў, Гаштольдаў, з канца 17 да канца 19 ст. — Храптовічаў. У 1583 мястэчка, цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскага ваяв. У канцы 17 — 1-й пал. 18 ст. дзейнічала школа базыльян. У 1780—1870 у Вішневе працаваў Вішнеўскі металургічны завод. З 1793 у складзе Рас. імперыі. У 19 ст. цэнтр воласці Ашмянскага пав. Віленскай губ. У 1865 дзейнічалі шкляная гута, цагельна-ганчарны з-д, сукнавальня, спіртзавод, вадзяны млын, царк.-прыходская школа, нар. і яўр. вучылішчы, праводзіліся 2 кірмашы на год. У 1919—20 і 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Валожынскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Валожынскага р-на. З чэрв. 1941 да 6.7.1944 акупіравана ням.-фаш. захопнікамі, якія загубілі тут 2060 жыхароў. У Вішнева жыў і памёр бел. асветнік С.Будны, жылі і пахаваны бел. паэтэса К.Буйло, мастак Ф.Рушчыц.

Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры — Вішнеўскі касцёл Марыі і Казьмадзям’янская царква (1865).

В.У.Шаблюк (гісторыя).

т. 4, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)