Лорд Бікансфілд (з 1876). Сын пісьменніка І.Дызраэлі. У 1837—76 дэп. палаты абшчын ад партыі торы (з 1846 кіраўнік фракцыі). Міністр фінансаў у 1852, 1858—59, 1866—68; распрацаваў і ажыццявіў праект выбарчай рэформы (1867). Значная яго роля ў пераўтварэнні партыі торы ў Кансерватыўную партыю Вялікабрытаніі (з 1868 яе лідэр). Прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі ў 1868 і 1874—80. Праводзіў актыўную знешнюю палітыку, накіраваную на пашырэнне тэр. і ўплыву Брыт. імперыі, у т. л. ў зоне Суэцкага канала (1875). Удзельнічаў у Берлінскім кангрэсе 1878. Аўтар раманаў і навел пра брыт. грамадства: «Вівіян Грэй» (1826—27), «Кантарыні Флемінг» (1832), «Сібіла, або Дзве нацыі» (1845), «Эндыміён» (1880) і інш.
Літ.:
Трухановский В.Г. Бенджамин Дизраели // Вопр. истории. 1990. № 2.
парушэнне мочаспускання. Звычайна праяўляецца балючасцю ці цяжкасцю вывядзення мачы з мачавога пузыра з прычыны сціскання мочаспускальнага канала гематомай, пухлінай, павялічанай прастатай, пры закупорцы камянямі і інш., а таксама ў выніку функцыян. расстройстваў пры хваробах нерв. сістэмы (спазма і інш.). Іншы раз да Д. адносяць балючыя і частыя мочаспусканні.
ДЫКАРЫЁН (ад ды... + грэч. karyon арэх, ядро арэха),
клетка грыба, якая мае збліжаныя, але не злучаныя паміж сабой гаплоідныя мужч. і жан. ядры. Узнікае пры палавым працэсе ў аскаміцэтаў (гл.Сумчатыя грыбы) і базідыяльных грыбоў.
ДЫ́КАС (Томаш) (25.9.1850, с. Гумніска каля г. Дэмбіца, Польшча — 19.4.1910),
скульптар. Вучыўся ў Львове ў Э.Яскульскага. Скончыў школу прыгожых мастацтваў у Кракаве (1878) і Акадэмію прыгожых мастацтваў у Вене (1883). Працаваў у мармуры, гіпсе, дрэве. Атрымаў 2 першыя ўзнагароды ў конкурсе на помнік А.Міцкевічу ў Кракаве (1882 і 1885). Сярод работ: помнікі — А.Тызенгаўзу з партрэтным медальёнам для Гродзенскага б. езуіцкага касцёла (1886—87), А.Міцкевічу ў Пшэмыслі (Польшча, 1891), Цярнопалі (Украіна, 1895); надмагіллі А.Гілера ў Івана-Франкоўску (Украіна), Т.Левакоўскага і Крачыновічаў, рэльеф «Міласэрны самарыцянін» (1894), фігура Хрыста, які нясе крыж, для арм. царквы (усе ў Львове), скульптура «Цнатлівасць» (1883), партрэтныя медальёны В.Губульскага, Гілера і інш.
ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),
старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.
род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Вядома больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны ў хваёвых і мяшаных лясах Д. мётлападобны (D. scoparium) і Д. шматножкавы (D. polysetum).
Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернута ў адзін бок, сэрцападобнае, радзей усебакова адтапыранае. суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкамі. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.
гельмінтозная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл (у т. л. буйн. раг. жывёлы), зрэдку чалавека, якая выклікаецца трэматодай Dicrocoelium lanceatum. Вельмі пашырана.
Развіццё ўзбуджальніка праходзіць з удзелам прамежкавага (наземныя малюскі) і дадатковага (многія віды мурашак) гаспадароў. Жывёлы заражаюцца, паядаючы разам з кармамі мурашак, інвазаваных лічынкамі глістоў.
У арганізме жвачных жывёл паразіты дасягаюць палавой спеласці праз 2,5—3 месяцы. Хвароба праяўляецца запаленнем жоўцевых хадоў печані і жоўцевага пузыра з агульным знясіленнем, адставаннем у росце і развіцці, зніжэннем прадукцыйнасці, пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.
ДЫ́КСІЛЕНД (ад англ. Dixieland літар. краіна Дыксі — ужытковая назва паўд. штатаў ЗША),
адна з стылявых разнавіднасцей класічнага джаза. Узнік у пач. 20 ст. ў Новым Арлеане сярод белых пасяленцаў ЗША. У 1910—20-я г. Д. — разнавіднасць новаарлеанскага стылю, з 1940-х г. (найб. пашыраны за межамі ЗША) — яго назва. З інструментаў у ім дамінуюць карнет, трамбон, кларнет. Сярод найб. вядомых калектываў у Расіі і Беларусі, якія выступаюць у стылі Д., — Ленінградскі дыксіленд, мінскі дыксіленд «Рэнесанс», дыксіленд пад кіраўніцтвам В.Старавойтава ў Магілёве.
ДЫКТА́ТАР (лац. dictator ад dicto дыктую, прадпісваю),
1) у лац. гарадах стараж. Італіі штогадова абраны правіцель, які меў неабмежаваную ўладу, у т. л. кіраўнік Лацінскага саюза.
2) У Стараж. Рыме перыяду Рэспублікі (5—2-я пал. 1 ст. да н.э.) надзвычайная службовая асоба (магістрат) з неабмежаванымі грамадскімі і вайск. паўнамоцтвамі, якая прызначалася консуламі паводле рашэння сената ў выключных выпадках (унутр. беспарадкі, ваен. небяспека) максімальна на 6 месяцаў. У 2—1 ст. да н.э. былі выпадкі бестэрміновай дыктатуры (Карнелій Сула, Юлій Цэзар). Пасада скасавана ў 44 да н.э. Маркам Антоніем.
3) Носьбіт дзярж. улады ў краінах з недэмакр. (аўтарытарным бо таталітарным) праўленнем (гл.Дыктатура).