ДЫКРА́НУМ (Dicranum),

род брыевых імхоў сям. дыкранавых. Вядома больш за 50 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмеранай і халоднай зонах Галарктыкі. Удзельнічаюць у фарміраванні наглебавага покрыва тундраў, балот і хвойных лясоў. На Беларусі 8 відаў. Найб. пашыраны ў хваёвых і мяшаных лясах Д. мётлападобны (D. scoparium) і Д. шматножкавы (D. polysetum).

Лістасцябловыя расліны. Дзярнінкі шчыльныя, бліскучыя, ад зялёных да бураватых. Сцябло простае або вілаватае, часта з рызоідным лямцам. Лісце звычайна павернута ў адзін бок, сэрцападобнае, радзей усебакова адтапыранае. суцэльнакрайняе ці зубчастае з жылкамі. Каробачка ад яйцападобнай да цыліндрычнай. Вечка з касой дзюбкай. Каўпачок буйны, клабукападобны.

Дыкранум шматножкавы: а — расліна, б — ліст.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)