ДЫКЕА́РХ (грэч. Dikaiarchos; каля 347, г. Месена, цяпер г. Месіна, Італія — 278 да н.э.),

старажытнагрэчаскі вучоны. Вучань Арыстоцеля і Тэафраста. Большую ч. жыцця правёў у Спарце, адкуль ажыццяўляў падарожжы з навук. мэтамі. Аўтар тв. «Жыццё Элады», у якім выкладаў гісторыю стварэння грэч. дзяржаў, іх дасягненні ў галіне л-ры, музыкі і інш. мастацтваў. Пісаў гісторыка-літ., біягр. і філас. творы, выступаў як аратар: У творы «Трыпалітыкон» крытычна падышоў да вучэння Платона аб дзяржаве. Стараж. крыніцы называюць Д. аўтарам твора «Апісанне Зямлі» і карты, на якой межы айкумены значна пашыраны ў параўнанні з картамі папярэдняй эпохі. На падставе ўласных вымярэнняў даволі дакладна для свайго часу вызначыў акружнасць Зямлі.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)