ДЫКРАЦЭЛІЁЗ,

гельмінтозная хвароба свойскіх і дзікіх жывёл (у т. л. буйн. раг. жывёлы), зрэдку чалавека, якая выклікаецца трэматодай Dicrocoelium lanceatum. Вельмі пашырана.

Развіццё ўзбуджальніка праходзіць з удзелам прамежкавага (наземныя малюскі) і дадатковага (многія віды мурашак) гаспадароў. Жывёлы заражаюцца, паядаючы разам з кармамі мурашак, інвазаваных лічынкамі глістоў.

У арганізме жвачных жывёл паразіты дасягаюць палавой спеласці праз 2,5—3 месяцы. Хвароба праяўляецца запаленнем жоўцевых хадоў печані і жоўцевага пузыра з агульным знясіленнем, адставаннем у росце і развіцці, зніжэннем прадукцыйнасці, пры значнай інвазіі жывёлы гінуць.

т. 6, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)