Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ (ад лац. tolerantia цярпенне),

цярпімасць асобнага індывіда або супольнасці людзей да прадстаўнікоў інш. канфесій, паліт. партый, грамадскіх арганізацый, а таксама да іншадумства, чужых поглядаў, вераванняў і паводзін. Звычайна складваецца на працягу многіх гадоў у працэсе сацыялізацыі асобы пад уплывам сац. фактараў, грамадска-паліт. працэсаў, асаблівасцей этнакульт. развіцця, канфесіянальнай сітуацыі і г.д. Вызначаецца здольнасцю адначасова адзначаць станоўчыя і адмоўныя бакі псіхалогіі, паводзін чалавека ці груп людзей. Т. — важная прыкмета агульнай і паліт. культуры, неабходны элемент грамадз. супольнасці і прававой дзяржавы, дэмакратыі і гуманізму, ідэалагічнага і паліт. плюралізму. Яе разглядаюць як неабходную ўмову паспяховага вырашэння разнастайных асабістых і грамадскіх праблем шляхам узаемнага ўліку інтарэсаў, пошуку згоды і магчымых кампрамісаў. Праявы неталерантных адносін найчасцей выкліканы неспрыяльнымі сац.-эканам., грамадска-паліт. абставінамі. пагаршэннем умоў для ўсебаковага развіцця нац. культур і моў. Тыповы прыклад недастатковай Т. — непрыняцце пэўных ідэй, меркаванняў толькі таму, што яны выказаны непрафесіяналамі. У палітыцы Т. азначае цярпімае стаўленне да апазіцыі. Для ментальнасці і нацыянальнага характару беларусаў характэрны этнакульт. і рэліг. Т., аб чым сведчаць адсутнасць на бел. землях вострых, крывавых канфліктаў на этн. і канфесіянальнай глебе, працяглае мірнае суіснаванне нац. супольнасцей, канфесій, плённае ўзаемадзеянне розных нар. традыцый, звычаяў, абрадаў і інш.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 15, с. 401

ТАЛЕРА́НТНАСЦЬ ІМУНАЛАГІ́ЧНАЯ,

аслабленне або страта здольнасці арганізма да імуннага адказу на канкрэтны антыген (у выніку яго папярэдняга ўвядзення). Выяўлена ў пазваночных жывёл і чалавека. Месца фарміравання Т.і. — цэнтр. (тымус, касцявы мозг) і перыферычныя (селязёнка, лімфатычныя вузлы) лімфоідныя органы. Адрозніваюць натуральную Т.і. (напр., да аўтаантыгенаў — асабістых антыгенаў арганізма) і штучную (напр., індуцыраваную мікробнымі антыгенамі). Бывае прыроджаная і набытая. Страта Т.і. да аўтаімунагенаў прыводзіць да развіцця аўтаімунных хвароб.

І.​М.​Семяненя.

т. 15, с. 402

ТАЛЕ́РКІ,

самагучальны ударны музычны інструмент. Складаецца з 2 метал. дыскаў (з чашападобнымі ўзвышэннямі ў цэнтры), якімі ўдараюць адзін аб адзін і глушаць, прыціскаючы да грудзей. Па памерах і характары гучання бываюць малыя (дыяметр 25—35 см), сярэднія (37,5—45 см), вял. (47,5—60 см); «турэцкія» (яркага гучання), «кітайскія» (з прыгукам гонга), педальныя («чарльстон», ці джазавыя), «антычныя» («кроталы» — самыя малыя па памерах) і інш. Ужываюць і 1 Т., падвешаную на руцэ або штатыве, па якой б’юць палкай ад літаўраў і інш. Вядомы са стараж. часоў. У сімф. аркестр уведзены ў канцы 18 ст. Выкарыстоўваюцца ў бел. нар. інстр. музыцы (вядомы з 17—18 ст. ў складзе «янычарскіх капэл»). Спалучэнні Т. і барабана, Т. як састаўной часткі і нар. ударнай устаноўкі з педаллю (у якой, акрамя барабана, шумёлы, бубен, клякотка і інш.) складаюць характэрныя рысы бел. нар. інстр. музыкі з адметнымі мясц. традыцыямі.

А.​В.​Скорабагатчанка.

Талеркі.

т. 15, с. 402

ТАЛІ́БЫ (араб. — таліб, студэнт, вучань),

члены ультракансерватыўнага радыкальнага ісламскага руху «Талібан» у Афганістане, створанага ў 1994 на тэр. Пакістана выпускнікамі рэліг. мусульм. вучылішчаў. Абвясцілі сваёй мэтай стварэнне «сапраўднай ісламскай» дзяржавы і барацьбу супраць урада Б.Рабані і ўсіх груповак муджахідаў, якія змагаліся за ўладу пасля вываду з Афганістана сав. войск у 1989. Гэтыя лозунгі забяспечылі Т. шырокую падтрымку насельніцтва, калі ў кастр. 1994 года іх атрады ўвайшлі на тэр. Афганістана. Неўзабаве Т. захапілі г. Кандагар, які стаў месцам знаходжання іх кіраўніцтва, у 1995 — г. Герат, а ў вер. 1996 — Кабул. У 1997 «Талібан» абвясціў стварэнне «Ісламскага эмірата Афганістан» на чале з мулой Мухамедам Амарам, які атрымаў тытул «уладара прававерных». Да канца 1990-х г. Т. кантралявалі б.ч. тэр. Афганістана, на якой былі ўведзены законы шарыяту ў надзвычай жорсткай інтэрпрэтацыі (забарона кіно і тэлебачання, адмова жанчынам у праве на адукацыю і працу і г.д.). Абапіраліся пераважна на пуштунаў у процівагу «паўночнаму альянсу» з таджыкаў, узбекаў і хазарэйцаў на чале з Рабані. Апафеозам палітыкі ліквідацыі ўсяго «неісламскага» стала знішчэнне Т. статуй Буды ў прав. Баміян, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны. Гэта прывяло да амаль поўнай ізаляцыі рэжыму «Талібан» на міжнар. арэне. На тэр., якую кантралявалі Т., знайшлі прытулак кіраўнікі арг-цый, што абвінавачваліся ЗША у дачыненні да тэрактаў у Нью-Йорку 11.9.2001, таму ЗША з войскамі «паўночнага альянсу» восенню 2001 пачалі ваен. аперацыю супраць Т., якая прывяла да звяржэння іх улады.

Літ.:

Марсден П. Талибан: Война и религия в Афганистане: Пер. с англ. М., 2002.

У.​С.​Кошалеў.

т. 15, с. 402

ТАЛІ́ДА (Toledo),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Агайо. Засн. ў 1837. 312,2 тыс. ж., з прыгарадамі каля 650 тыс. (1998). Вузел чыгунак і аўтадарог, буйны порт на воз. Эры. Аэрапорт. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, аўтамаб. (вытв-сць вузлоў і дэталей аўтамабіляў, аўтамашын павышанай праходнасці), агульнае машынабудаванне, суднабудаванне, металаапрацоўка шкляная (буйнейшыя ў краіне прадпрыемствы), нафтаперапр., хім., харчовая. Ун-т.

т. 15, с. 402

ТАЛІЁН (ад лац. talio адплата, адпаведная злачынству),

прынцып пакарання, які склаўся ў стараж. грамадстве і быў успрыняты феад. правам. Заключаўся ў прызначэнні пакарання вінаватаму ў строгай адпаведнасці з нанесенай ім шкодай («вока за вока», «зуб зуб»). Знайшоў адлюстраванне ў кодэксе Хамурапі, стараж.-яўр. праве, рымскіх Законах XII табліц і часткова ў Статуце Вялікага княства Літоўскага 1588, які прадугледжваў членашкодніцкія пакаранні.

т. 15, с. 402

ТА́ЛІЙ (лац. Thallium),

Tl, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 81, ат. м. 204,383. Прыродны Т. — сумесь стабільных ​203Tl (29,5%) і (70,5%). Рассеяны элемент, у зямной кары 310​−4% па масе. Адкрыты ў 1861 спектральным метадам англ. вучоных У.​Круксам і незалежна ад яго франц. хімікам К.​А.​Лямі, які атрымаў метал. Т.; названы па колеры (ярка-зялёны) характэрнай спектральнай лініі (ад грэч. thallos — маладая, зялёная галінка).

Мяккі серабрыста-шэры метал,tпл 303 °C, tкіп 1475 °C. шчыльн. 11849 кг/м³. У злучэннях мае ступень акіслення +1 (злучэнні аднавалентнага Т.) і +3. Найб. устойлівыя злучэнні Tl(I); многімі хім. ўласцівасцямі Т. падобны на шчолачныя металы. У паветры хутка акісляецца і пакрываецца цёмнай плёнкай геміаксіду Tl2O. У прысутнасці кіслароду ўзаемадзейнічае з вадой з утварэннем гідраксіду TlOH (добра раствараецца ў вадзе, шчолач). Захоўваюць пад слоем гатаванай дыстыляванай вады або парафіну. Раствараецца ў азотнай і сернай к-тах. Пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з галагенамі, пры награванні — з халькагенамі і фосфарам. Атрымліваюць з адходаў і паўпрадуктаў кадміевай вытв-сці, пылу свінцова-медзеплавільных з-даў. Выкарыстоўваюць як кампанент падшыпнікавых і кіслотатрывалых сплаваў на аснове свінцу і волава, амальгаму Т. (вадкасць з т-рай застывання -59 °C) для нізкатэмпературных тэрмометраў, штучны радыенуклід ​204Tl (перыяд паўраспаду 3,56 года) у якасці крыніцы β-выпрамянення, галагеніды (хларыд TlCl, брамід TlBr) і іх цвёрдыя растворы для вырабу лінзаў і інш. дэталей прыбораў інфрачырв. тэхнікі. Т. і яго злучэнні высокатаксічныя: пашкоджваюць нерв. сістэму, ныркі, страўнік, выклікаюць выпадзенне валасоў, ГДК для Т. ў вадзе 0,1 мг/л.

т. 15, с. 402

ТА́ЛІН (Tallinn) горад, сталіца Эстоніі, на Пн краіны. 435 тыс. ж. (1999). Порт у Фінскім зал. Балтыйскага м., вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт Гал. прамысл. і культ. цэнтр краіны. Прам-сць: маш.-буд. і металаапр., у т. л. эл.-тэхн. і радыёэлектронная, суднарамонт і суднабудаванне; лёгкая, хім., хіміка-фармацэўтычная, харч., дрэваапр., цэлюлозна-папяровая, паліграф., вытв-сць ювелірных вырабаў. АН Эстоніі, ун-т, тэатры.

У 10—11 ст. на месцы Т. было паселішча стараж. эстаў Лінданісе. Упершыню пад назваю Калывань упамінаецца ў 1154 араб. географам Ідрысі і ў рус. летапісах. У 1219 захоплены Даніяй. названы Рэвель (афіц. назва Т. да 1917). У 1230 ў Т. ўведзена любекскае гар. права. З 1285 чл. Ганзы. У 1346—1561 уладанне Тэўтонскага, потым — Лівонскага ордэнаў. Гандляваў з Ноўгарадам, Псковам, Гданьскам. Любекам. Антверпенам і інш. У 1524 у Т. праведзена Рэфармацыя. У 1561—1710 пад уладай Швецыі. У 1569 горад бамбардзіраваны любекска-дацкім флотам. У 1570—71 і 1577 рус. войскі беспаспяхова імкнуліся захапіць Т. у ходзе Лівонскай вайны 1558—83. У 1591—92 б.ч. насельніцтва памерла ад чумы і голаду (1602). У 1634 пачалася мануфактурная вытворчасць. У Паўн. вайну 1700—21 адышоў да Расіі (1710), цэнтр Эстляндскай губ., пабудавана ваен. гавань. У 1790 каля Т. адмірал П.​В.​Чычагоў адбіў атаку швед. флоту. Пасля злучэння чыгункай з С.-Пецярбургам (1870) Т. — важны партовы горад і прамысл. цэнтр. У 1918—40 і з 1991 сталіца Эстоніі; у 1940—91 — Эст. ССР. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны ням. фашыстамі (1941—44).

Цэнтр. месца ў планіровачнай структуры Т. захоўвае (з невял. зменамі) Стары горад, які гістарычна падзяляецца на Вышгорад і Ніжні горад. На Вышгорадзе знаходзяцца Вышгародскі замак (закладзены ў 13 ст., неаднаразова перабудоўваўся, зах. і паўн. сцены з 3 вуглавымі вежамі 13—14 ст.), Домскі сабор (13—15 ст., готыка; прытвор і капэла 15—17 ст.; вежа 1779, арх. К.​Л.​Гейст, барока; надмагіллі 16—19 ст., у т. л. работы А.Пасера; вісячая кафедра 1686, скульпт. Х.​Акерман), б. палац губернатара (1767—73, арх. І.​Шульц, пераход ад барока да класіцызму), ансамбль будынкаў б. губ. суда (1784—92, арх. І.​Маор, класіцызм). У Ніжнім горадзе захаваліся фрагменты крапасных сцен з 27 вежамі, у т. л. вежы «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»; 1529, майстар Г.​Конінгк), «Кік-ін-дэ-Кёк») («Глядзі ў кухню»; 15—17 ст.); ансамбль Ратушнай плошчы з ратушай (1402—04; вежа з флюгерам «Стары Томас», 1530), аптэкай 15—17 ст.; гатычныя храмы Нігулістэ (13—15 ст.), Пюхавайму (Св. Духа; 13—14 ст., разны алтар 1483, аўтар Б.​Нотке), Олевістэ (14—15 ст., шпіль выш. 123,7 м, самы высокі ў Прыбалтыцы), будынкі Вял. гільдыі (цяпер гіст. музей; 1407—10), брацтва Чорнагаловых (1597, арх. Пасер, рэнесанс). У межах горада руіны 3-нефавай царквы манастыра св. Брыгіты (1407—36), палацава-паркавы ансамбль Кадрыёрг (цяпер маст. музей; 1718—25, арх. Н.​Мікеці, М.​Зямцоў, барока). У 19 ст. сярэдневяковыя будынкі набылі «ўзорныя» фасады ў духу класіцызму. Жылыя раёны Т. забудоўваліся пераважна 1—2 павярховымі дамамі, будынкамі ў духу эклектыкі і мадэрна (адм. будынак на Пярнускай шашы, 1912, арх. Э.​Саарынен; т-р «Эстонія», 1913, арх. А.​Ліндгрэн, перабудаваны). Будынкі 1930-х г. з рысамі функцыяналізму (Дом мастака, арх. Э.​Куузік, А.​Соанс). У Вял. Айч. вайну многія збудаванні зруйнаваны. У пасляваен. гады горад адноўлены, пабудаваны жылыя раёны (Мустамяэ, Ласнамяэ і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: ансамбль Пеўчага поля з эстрадай (1960, арх. А.​Котлі, Х.​Сепман і інш., інж. Э.​Паальман), Політэхн. ін-т (1962—69, арх. У.​Тэльпус і інш.), гасцініцы «Віру» (1972. арх. М.​Порт, Сепман, В.​Там і інш.) і «Алімпія» (1980, арх. Т.​Каллас, Р.​Керэтэн і інш.), Алімп. цэнтр ветразевага спорту ў Пірыце (арх. Х.​Лоавеэр, Сепман, П.​Янес і інш.). Палац культуры і спорту (абодва 1980, арх. Р.​Карп, Р.​Алтмяэ). У Т. парк-музей (скансэн) нар. дойлідства і побыту «Рок аль Марэ» (з 1957); 16 музеяў, у т. л. маст., гіст., марскі, прыроды; т-ры Нацыянальная опера «Эстонія» і Нац. балет, эстр., драм., рус. драм., юнага гледача, лялек. Гіст. цэнтр Т. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Беларусы ў Таліне. Пасля 1-й сусв. вайны ў горадзе дзейнічалі рэгістрацыйна-пашпартныя аддзелы пры Вайскова-дыпламатычнай місіі БНР у Латвіі і Эстоніі (снеж. 1919—жн. 1920). У выніку распаду СССР і абвяшчэння незалежнасці Эстоніі і Беларусі ў Т. актывізавалася нац.-культ. дзейнасць мясц. беларусаў. З 1993 выдаецца бел. гіст. часопіс «Грунвальд». У 1994 засн. Беларускі культ. цэнтр «Бацькаўшчына». У Т. жыве каля палавіны бел. дыяспары ў Эстоніі (прыбл. 10 тыс. чал.).

Літ.:

Брунс Д., Кангропооль Р. Таллин. 2 изд. Л., 1980;

Розенберг И. Музеи Таллина. Таллин, 1983.

Талін. Вежа «Пакс Маргарэтэ» («Тоўстая Маргарыта»).
Талін. Фрагмент крапасной сцяны.
Талін. Від Старога горада.
Панарама Таліна.
Талін. Пеўчае поле.

т. 15, с. 402

ТАЛІСМА́Н (франц. talisman ад познагрэч. telesma літар. — рэлігійны абрад, прысвечаны прадмет),

рэч, якая, паводле ўяўленняў прымхлівых людзей, прыносіць яе ўладальніку шчасце, поспех, аберагае ад няўдач. Т., які насілі на целе, наз. амулетам. Вера ў Т. узнікла ў першабытнага чалавека, які імкнуўся ўплываць на сілы прыроды, не ведаючы яе законаў.

т. 15, с. 404

ТА́ЛІЦА,

рака ў Старадарожскім, Слуцкім і Любанскім р-нах Мінскай вобл., правы прыток р. Арэса (бас. р. Прыпяць). Даўж. 40 км. Пл. вадазбору 455 км². Пачынаецца каля в. Мядзведня Старадарожскага р-на, упадае ў р. Арэса на Пд ад сажалак рыбгаса «Любань», каля г. Любань. Рэчышча каналізаванае.

т. 15, с. 404