Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ПАДВО́ДНЫ СПОРТ,

від спорту. Уключае падводнае арыентаванне. плаванне ў ластах, падводныя спартыўныя паляванне і стральбу па мішэнях, падводны турызм. Спарт. інвентар: акваланг, дыхальная трубка, ласты, маска і інш.

П.с. узнік у 1920-я г., інтэнсіўна развіваецца пасля вынаходства акваланга. Сусветная канфедэрацыя падводнай дзейнасці (падводнага спорту) створана ў 1959 (Манака); першы прэзідэнт Ж.А.Кусто. Канфедэрацыя аб’ядноўвае 112 краін (2000). Чэмпіянаты свету і Еўропы па падводным паляванні праводзяцца з 1950-х г., па падводным арыентаванні і плаванні ў ластах — з 1960-х г. (з 1967 кожны год), спаборніцтвы на Кубак Еўропы — з 1969.

На Беларусі культывуюцца (з 1959) падводныя спарт. паляванне і стральба па мішэнях, плаванне ў ластах. Чэмпіянаты рэспублікі і спаборніцтвы на Кубак Беларусі па падводным паляванні і плаванні ў ластах праводзяцца з 1972. У чэмпіянатах свету бел. спартсмены ўдзельнічаюць з 1976. Федэрацыя П.с. Беларусі створана ў 1992. Майстры спорту Беларусі В.Сашынскі (чэмпіён Беларусі, 1996, 1997) і А.Шапавалаў (чэмпіён Беларусі, 1998, 1999).

С.А.Патрыкееў.

т. 11, с. 491

ПАДВО́ЙНАЕ ПРАМЕНЕПЕРАЛАМЛЕ́ННЕ,

падваенне светлавых прамянёў пры праходжанні праз анізатропнае асяроддзе (напр., крышталь). Абумоўлена залежнасцю пераламлення паказчыка дадзенага асяроддзя ад напрамку эл. вектара светлавой хвалі (гл. Анізатрапія ў фізіцы, Крышталяоптыка).

Пры падзенні светлавой хвалі на анізатропнае асяроддзе ў ёй узнікаюць 2 хвалі з узаемна перпендыкулярнымі плоскасцямі палярызацыі (гл. Палярызацыя святла). У аднавосевых крышталях адна з хваль мае плоскасць палярызацыі, перпендыкулярную да плоскасці, якая праходзіць праз напрамак праменя святла і аптычную вось крышталя (звычайны прамень), плоскасць палярызацыі другой хвалі паралельная гэтай плоскасці (незвычайны прамень). Скорасць распаўсюджвання звычайнай хвалі і яе паказчык пераламлення не залежаць ад напрамку распаўсюджвання, а скорасць і паказчык пераламлення незвычайнай хвалі — залежаць, і для яе парушаюцца звычайныя законы пераламлення, напр., незвычайны прамень не можа ляжаць у плоскасці падзення. П.п. назіраецца таксама ў асяроддзях са штучнай анізатрапіяй, напр., пры накладанні эл. поля (Кера эфект), магн. поля (Катона—Мутона эфект) або поля пругкіх сіл (гл. Палярызацыйна-аптычны метад даследаванняў, Фотапругкасць).

Падвойнае праменепераламленне ў аднавосевым крышталі: 1 — падаючы прамень, 2 — крышталь, 3 — звычайны прамень, 4 — незвычайны прамень, α — вугал падвойнага праменепераламлення, OZ — аптычная вось крышталю.

т. 11, с. 491

ПАДВО́ЙНАЯ СУ́ВЯЗЬ,

гл ў арт Кратная сувязь.

т. 11, с. 491

ПАДВО́ЙНЫЯ ЗО́РКІ,

зорная сістэма з 2 зорак, звязаных фізічна (фізічныя П.з.) ці размешчаных амаль на адным прамені назірання (аптычныя П.з.). Фіз. П.з. з прычыны ўзаемнага прыцяжэння рухаюцца па эліптычных арбітах вакол агульнага цэнтра мас.

Паводле ўмоў назірання фіз. П.з. падзяляюць на 4 групы. Візуальна-П.з. можна бачыць паасобна простым вокам ці ў тэлескоп, напр. зоркі Міцар і Алькор. Адлегласць паміж кампанентамі можа быць настолькі вялікая, што прыцяжэнне інш. зорак разбурае падвойную сістэму. Спектральна- П.з. выяўляюцца па зменах спектральных ліній (зрушэнне ці раздваенне) у іх спектрах. Зацьменна-П.з. (разнавіднасць спектральна-падвойных) бачныя як пераменныя: перыядычна трапляючы на адну лінію з праменем назірання, яны зацямняюць адна адну. Астраметрычныя П.з. — адна з кампанент вельмі малая і нябачная ў тэлескоп; выяўляецца па анамаліях у руху гал. кампаненты. Існуюць кратныя зорныя сістэмы (складаюцца з некалькіх зорак), напр. Кастар. Прыблізна 70% усіх зорак уваходзяць у склад падвойных ці кратных сістэм. Іх даследаванне мае важнае значэнне для высвятлення прыроды і эвалюцыі зорак.

Літ.:

Бэттен А. Двойные и кратные звезды: Пер. с англ. М., 1976;

Тесные двойные звездные системы и их эволюция. М., 1976.

А.А.Шымбалёў.

т. 11, с. 492

ПАДВО́ЙНЫ ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ СЛОЙ,

сукупнасць эл. зарадаў процілеглых знакаў, размешчаных уздоўж мяжы падзелу фаз. Утвараецца электронамі, іонамі, а таксама арыентаванымі палярнымі малекуламі, якія маюць уласны дыпольны момант. Абумоўлівае электракінетычныя з’явы.

Будова П.э.с. істотная для эл.-хім. рэакцый, для электролізу і інш. Напр., у хім. крыніцах току (гл. Гальванічны элемент) пры апусканні металу ў электраліт метал «аддае» дадатныя іоны, а сам набывае адмоўны зарад. Дадатныя іоны электраліту прыцягваюцца паверхняй металу і ўздоўж паверхні дакранання фаз утвараецца П.э с. Эл. поле, якое ўзнікла паміж зараджанымі слаямі, перашкаджае далейшаму растварэнню металу і пры пэўным значэнні спыняе яго.

Утварэнне падвойнага электрычнага слоя пры апусканні металу ў электраліт.

т. 11, с. 492

ПАДВО́ЙСКІ (Мікалай Ільіч) (28.2.1880, с. Кунашоўка Нежынскага р-на Чарнігаўскай вобл., Украіна —28.7.1948),

савецкі паліт. і ваен. дзеяч. Вучыўся ў Дзямідаўскім юрыд. ліцэі (Яраслаўль, 1901—05). Чл. РСДРП з 1901, з 1903 бальшавік. Супрацоўнік бальшавіцкіх газет «Звезда» і «Правда» (1910—14). У 1917 кіраўнік ваен. арг-цыі пры ЦК і Петраградскім к-це РСДРП(б), старшыня Усерас. бюро франтавых і тылавых арг-цый пры ЦК. партыі. У Кастрычніцкую рэвалюцыю 1917 старшыня Петраградскага ВРК, кіраваў узяццем Зімняга палаца. З ліст. 1917 нарком ваен. спраў РСФСР, старшыня Усерас. калегіі па арг-цыі і кіраванні Чырв. Арміі. З сак. 1918 у кіруючым апараие Чырв. Арміі. У 1919 нарком па ваен. і марскіх справах Украіны. У 1919—23 кіраўнік Усевобуча. У 1924—35 на парт. і сав. рабоце, у т.л. чл. ЦКК партыі (1924—30). Працы па гісторыі Кастр. рэвалюцыі і грамадз. вайны.

т. 11, с. 492

ПАДВО́РЛІКІ (Aquila),

птушкі роду арлоў сям. ястрабіных атр. сокалападобных. 2 віды: П. вялікі, або арол-крыкун (A. clanga), і П. малы (A. pomarina). Пашыраны ў Еўропе і Азіі. Жывуць у лясах, паблізу лясных балот, у далінах рэк і азёр. Гняздуюцца высока на дрэвах. На Беларусі часцей трапляецца П. малы, пераважна на Палессі. Абодва віды занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Даўж. да 75 см, маса да 3,2 кг. Самкі большыя за самцоў. Апярэнне цёмна-бурае. Дзюба і кіпцюры чорныя, васкавіца і пальцы жоўтыя. Цэўка аперана да пальцаў. Драпежнікі, асн. здабыча — дробныя млекакормячыя (пераважна мышападобныя), птушкі, жабы, насякомыя. Нясуць 1—2 яйцы.

Э.Р.Самусенка.

Падворлік малы.

т. 11, с. 492

ПАДВО́РНАЕ АБКЛАДА́ННЕ,

сістэма прамога падаткаабкладання ў Рас. дзяржаве ў 17—18 ст., у аснову якой пакладзены двор або асобная сямейная гаспадарка. Уведзена ў 1679 замест пасошнага пасля перапісу насельніцтва 1676—78. П.а. павялічыла кантынгент падаткаплацельшчыкаў за кошт новых катэгорый насельніцтва. У 1724 заменена падушным падаткам. На Беларусі і Украіне П.а. пад назвай падымнае было ўведзена ўрадам Рэчы Паспалітай у 1649, пасля іх далучэння да Расіі таксама заменена падушным падаткам.

т. 11, с. 492

ПАДВЯЛІ́КІ МОХ,

нізіннае балота ў Ганцавіцкім, часткова Ляхавіцкім р-нах Брэсцкай вобл., у вадазборы р. Бобрык 1-ы. Пл. 6,8 тыс. га, у межах прамысл. пакладу 3,9 тыс. га. Глыб. торфу да 3,8 м, сярэдняя 1,5 м. Запасы торфу каля 10 млн. т. Растуць пераважна асокі і мох сфагнум, на асобных участках журавіны. На значнай ч. балота лес з хвоі і бярозы, часткова з вольхі. Ёсць пясчаныя астравы і грады, укрытыя хваёвым лесам.

т. 11, с. 492

ПАДГА́ЙНЫ (Міхаіл Васілевіч) (н. 5.1.1954, в. Ізбішча Пухавіцкага р-на Мінскай вобл),

бел. дзярж. дзеяч. Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1975), Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК КПСС (1991). З 1975 працаваў інжынерам-тэхнолагам Мінскага вытв. аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977—91 на камсамольскай і парт. рабоце. З 1991 нам. міністра культуры Рэспублікі Беларусь, з 1992 старшыня К-та па справах моладзі пры СМ Рэспублікі Беларусь, з 1995 дырэктар гуманітарных праграм Бел. цэнтра інфармацыі ЮНЕСКА, з 1996 начальнік гал. ўпраўлення грамадска-паліт. інфармацыі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. З 1997 старшыня Дзярж. к-та Рэспублікі Беларусь па друку.

т. 11, с. 492