Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗА́ЙЦАЎ (Мар’ян Міхайлавіч) (літ. псеўд. Мар’ян Віж; 23.2.1949, Мінск),

бел. пісьменнік, гісторык. Скончыў БДУ (1971). Працаваў у Бел. т-ве аховы помнікаў гісторыі і культуры (1974—76), у БелСЭ (1976—79), у навук. і культ.-асв. установах Мінска, у штотыднёвіку «Наша слова» (1993—95), з 1995 у Ін-це сучасных ведаў. Друкуецца з 1974. У гіст. аповесці «Лабірынт» (1991), заснаванай на архіўных дакументах, паказаны падзеі на Беларусі ў час паўстання 1863—64. У аповесці «Гарадскія кветкі» (1995) спроба расказаць пра лёс адзінокага чалавека ў вял. горадзе (падзеі ў Мінску на мяжы 1970—80-х г.) У апавяданнях і навелах паглыбленая ўвага да набалелых праблем сучаснасці, іх повязей з айч. мінуўшчынай. Аўтар кн. гіст.-публіцыстычных нарысаў «Чары даўніны» (1989). У 1990 апублікаваў пралог гіст.-прыгодніцкага рамана «Здарэнне на Віленскім тракце». На бел. мову пераклаў кн. З.В. і С.Ф.Шыбекаў «Мінск. Старонкі жыцця дарэвалюцыйнага горада» (1994). Адшукаў у архіве і ў 1997 апублікаваў нар. драму М.Чарота «На Купалле», якая лічылася страчанай.

Тв.:

Сялянскія хваляванні на Іўеўшчыне // Помнікі гісторыі і культуры Беларусі. 1980. № 2;

Сялянскі рух у сярэдзіне XIX ст. // Тамсама. 1981. № 1;

«Чтоб люд пробуждался...» // Нёман. 1988. № 3;

Наш Менск, наш Минск // Тамсама. 1995. № 1;

3 пячаткай «Зямлі і волі» // Маладосць. 1989. № 3;

Калейдаскоп сталічнай даўніны // Полымя. 1991. № 4.

І.У.Саламевіч.

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Мікалай Якаўлевіч) (н. 10.3.1923, чыг. ст. Крупкі Мінскай вобл.),

Герой Сав. Саюза (1945). Канд. філас. н. (1982). Скончыў 3-ю Чкалаўскую ваен. авіяц. школу пілотаў (1943), Акадэм. курсы афіцэрскага саставу ВМФ (1951), БДУ (1967). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну з 1944 на 1-м і 4-м Укр. франтах. Удзельнік вызвалення Украіны, Польшчы, Чэхаславакіі. Нам. камандзіра эскадрыллі штурмавога авіяпалка З. зрабіў 185 баявых вылетаў, збіў 2 самалёты знішчыў каля 20 танкаў, больш за 20 аўтамашын, 43 гарматы, 20 вагонаў. Да 1960 у Сав. Арміі. У 1967—95 выкладчык БДУ, дацэнт (1985).

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Міхаіл Мітрафанавіч) (н. 23.11.1923, в. Заводскі Хутар Тульскай вобл., Расія),

военачальнік, ген. арміі (1980). Герой Сав. Саюза (1983). Скончыў ваен. акадэміі бранятанкавых войск (1954) і Генштаба (1965). У Вял. Айч. вайну з ліп. 1941 на Зах., Варонежскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Пасля вайны нач. штаба, камандуючы арміяй, 1-ы нам. камандуючага войскамі акругі. У 1976—80 камандуючы войскамі БВА. З 1980 галоўнакамандуючы Групай сав. войск у Германіі. З 1985 на кіруючых пасадах ва Узбр. Сілах СССР. Чл. ЦК КПБ у 1971—81, ЦК КПСС у 1981—90. Дэп. Вярх. Савета БССР у 1971—80, СССР у 1979—89.

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),

бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст. прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.

Ю.Зайцаў. Спакуса 1995.

т. 6, с. 502

ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),

бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар. АМ СССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял. Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.В.Нікалаевай (1943), свінаркі А.І.Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.Танка (1948), П.Броўкі, П.Глебкі (абодва 1968), К.Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.П.Каўтуновай (1975), мастакоў А.А.Анікейчыка (1977) і З.Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.

Літ.:

Герасимович П.Н. Е.А.Зайцев. М., 1980;

Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.

Г.А.Фатыхава.

Я.Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.П.Каўтунова. 1975.

т. 6, с. 502

ЗАЙЦЫ́ (Lepus),

род млекакормячых сям. зайцавых атр. зайцападобных. Каля 23 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы і Афрыцы. Найб. вядомыя З.: бяляк (L. timidus), русак (L. europaeus), талай (L. tolai). На Беларусі 2 віды: бяляк і русак.

Даўж. да 75 см, маса да 7 кг. Заднія канечнасці звычайна значна даўжэйшыя за пярэднія. Вушы доўгія, хвост кароткі. Размнажаюцца да 5 разоў за год. Дзіцяняты (2—8) нараджаюцца відушчыя, укрытыя поўсцю, здольныя адразу бегаць. Кормяцца травяністай расліннасцю, карой, пупышкамі, галінкамі дрэў і кустоў, сенам і інш. Аб’екты палявання.

Зайцы: 1 — бяляк, 2 — русак, 3 — талай (а — летам; б — зімой).

т. 6, с. 503

ЗАК (Ісідар Аркадзевіч) (н. 14.2.1909, г. Адэса, Украіна),

расійскі дырыжор, педагог. Нар. арт. СССР (1976). Вучыўся ў Адэскай (1922—25, клас В.Залатарова), скончыў Ленінградскую (1928, клас М.Малько) кансерваторыю. У 1928—37 дырыжор у оперных т-рах Расіі, Казахстана, Украіны. Адзін з арганізатараў і дырыжор Чэлябінскага (1955—68) і Новасібірскага (1944—49 і з 1968 — галоўны) т-раў оперы і балета. Сярод спектакляў, пастаўленых пад яго кіраўніцтвам: оперы «Скупы рыцар» С.Рахманінава (1943), «Руслан і Людміла» (1944) і «Іван Сусанін» (1945) М.Глінкі, «Дударай» Я.Брусілоўскага (1956), «Далібор» (1950) і «Брандэнбуржцы ў Чэхіі» (1963) Б.Сметаны, «Мадам Бавары» Э.Бандэвіля (1982, упершыню), балет «Доктар Айбаліт» І.Марозава (1948). Выкладаў у Алма-ацінскай кансерваторыі (1952—55). Сярод вучняў Ф.Мансураў. Дзярж. прэмія СССР 1948.

Я.А.Зайцаў.

т. 6, с. 503

ЗАК (Якаў Ізраілевіч) (20.11.1913, г. Адэса, Украіна — 27.6.1976),

расійскі піяніст, педагог. Нар. арт. СССР (1966). Скончыў Адэскую кансерваторыю (1932) і аспірантуру Маскоўскай кансерваторыі (1935, кіраўнік Г.Нейгаўз). Выступаў як піяніст-канцэртант. Яго вялікі рэпертуар уключаў творы рус. і замежных кампазітараў-класікаў. Першы выканаўца многіх твораў сав. кампазітараў. З 1935 выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1947 праф.). Сярод яго вучняў: Я.Магілеўскі, М.Пятроў, Э.Вірсаладзе. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу музыкантаў-выканаўцаў (1935), пераможца Міжнар. конкурсу піяністаў імя Ф.Шапэна (1937, Варшава, 1-я прэмія і спец. прыз — маска Шапэна).

Літ.:

Яков Зак. Статьи. Материалы. Воспоминания. М., 1980.

т. 6, с. 503

«ЗАКАБЛУ́КА»,

бел. нар. парны танец. Муз. памер ​2/4. Тэмп умераны. Пары рухаюцца адна за адной па крузе. У аснове харэагр. малюнка — спалучэнне фігурнай праходкі з вальсападобнымі вярчэннямі. У цэнтры круга імправізацыйна танцавалі салісты. Танец суправаджаецца прыпеўкамі. У канцы 19 ст. бытаваў на Віцебшчыне, пра што згадвае этнограф П.В.Шэйн. Зафіксаваны таксама ў Гомельскай вобл.

т. 6, с. 503

ЗАКА́ЗІК,

горад у Егіпце, гл. Эз-Заказік.

т. 6, с. 503