ЗА́ЙЦАЎ (Юрый Канстанцінавіч) (н. 22.1.1937, г. Барнаул, Расія),
бел. мастак. Скончыў Маскоўскае вышэйшае маст.прамысл. вучылішча (1962). Творам уласціва шматпланавасць, экспрэсія, эмацыянальная насычанасць, багацце тэхн. і светлаколеравых вырашэнняў (жывапісныя творы «Спакуса», 1995, «Памяць», «Настальгія», «Натхненне», усе 1996, і інш.). Працуе ў станковай графіцы: «Хатынь» (1970; спец. прэмія на міжнар. выстаўцы «Супраць вайны» 1979 у г. Люблін, Польшча), «Трыумф касманаўтыкі» (1979), серыя «Вяртанне» (1982), «Партрэт В.Быкава» (1983), «Чарнобыльскі рэквіем» (1993); акварэлі: «Партрэт актрысы З.Белахвосцік» (1984), «Вясна на Беразіне» (1987), «Возера Свіцязь» (1991) і інш. Аформіў кнігі «Сярэбраная табакерка» З.Бядулі (1977), «Выбранае» Я.Купалы (на рус. мове, 1981; дыплом імя Ф.Скарыны на Рэсп. і дыплом 2-й ступені на Усесаюзным конкурсах кнігі, абодва 1982), «Асеннія гнёзды» С.Грахоўскага і «Антоній і Клеапатра» У.Шэкспіра (абедзве 1982) і інш.