ЗА́ЙЦАЎ (Яўген Аляксеевіч) (3.1.1908, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 13.9.1992),
бел. жывапісец. Нар. мастак Беларусі (1963). Чл.-кар.АМСССР (1973). Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1930), АМ у Ленінградзе (1937, вучыўся ў К.С.Пятрова-Водкіна і інш.). У 1943—44 удзельнічаў у афармленні бел. выданняў «Партызанская дубінка» і «Раздавім фашысцкую гадзіну». Працаваў пераважна ў станковым жывапісе. Шэраг сюжэтна-тэматычных карцін прысвечаны тэмам гісторыка-рэвалюцыйнай і Вял.Айч. вайны. Характэрны складанае кампазіцыйнае вырашэнне, манументальнасць, адлюстраванне героікі падзей: «Чапаеў» (1937), «Уступленне Чырвонай Арміі ў Мінск у 1920 годзе» (1940), «Пахаванне героя» (1946), «Стаяць насмерць» (1948), «Абарона Брэсцкай крэпасці ў 1941 годзе» (1950), «Канстанцін Заслонаў» (1957), трыпціх «Мая рэспубліка ў агні Айчыннай» (1963—67), «Незабыўнае» (1975). Узбагаціў жанр партрэта быт. і лірычнага плана: партрэты нар. артысткі БССР А.В.Нікалаевай (1943), свінаркі А.І.Чарняўскай (1954), пісьменнікаў М.Танка (1948), П.Броўкі, П.Глебкі (абодва 1968), К.Крапівы (1972), ткачыхі з в. Неглюбка М.П.Каўтуновай (1975), мастакоў А.А.Анікейчыка (1977) і З.Азгура (1983) і інш. Аўтар пейзажаў «Над Свіслаччу» (1945), «Лясная дарога» (1953), «Прыпяць» (1955), «Залаты вечар» (1975), нацюрмортаў. Адзін з аўтараў манум. размалёвак у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі (1940, 1958) і ў кінатэатры «Піянер» (1965) у Мінску.
Літ.:
Герасимович П.Н. Е.А.Зайцев. М., 1980;
Дробов Л.Н. Живопись Советской Белоруссии. Мн., 1979.
Г.А.Фатыхава.
Я.Зайцаў. Ткачыха з вёскі Неглюбка М.П.Каўтунова. 1975.