Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРА́НУЛЬНАЯ МЕТАЛУ́РГІЯ,

атрыманне канструкцыйных металічных матэрыялаў ізастатычным прасаваннем пры высокіх цісках (кампактаваннем) найдрабнейшых часціц сплаваў пэўнага хім. саставу (гранул), якія закрышталізаваліся з высокай скорасцю; адзін з перспектыўных кірункаў парашковай металургіі.

Гранулы металаў атрымліваюць метадамі цэнтрабежнага распылення вадкага металу і распылення расплаву струменем нейтральнага газу ў спец. устаноўках. Атрыманне вырабаў з гранул уключае: магнітную сепарацыю і актывацыю гранул, раздзяленне на фракцыі, дэгазацыю і заварку капсул, прасаванне пры высокай т-ры ў газастаце (высокім ціскам аргону ці інш. газу), тэрма- і мех. апрацоўку вырабаў.

т. 5, с. 409

ГРАНУЛЯВА́ННЕ

(ад лац. granulum зярнятка),

наданне рэчывам, матэрыялам, мінер. угнаенням, кармам і інш. формы дробных шчыльных камячкоў (гранул). Паляпшае тэхнал. якасці сыравіны, стварае магчымасць выкарыстання яе дробнымі порцыямі, прадухіляе зліпанне, палягчае пагрузку, транспартаванне і г.д.

Выкарыстоўваецца ў металургіі (грануляванне вадкіх шлакаў — для ўжывання іх у дарожным буд-ве, вытв-сці цэменту і шлакавай цэглы; штэйнаў — для далейшай перапрацоўкі і выдалення серы; некат. металаў — для выкарыстання дробнымі порцыямі), энергетыцы (грануляванне кацельных шлакаў для паскарэння іх зацвердзявання), хім. прам-сці (грануляванне шкла, каталізатараў, палімераў суперфасфату, аміячнай салетры і інш. мінер. угнаенняў), сельскай гаспадарцы (грануляванне травяной мукі, камбікармоў і інш.). Расплаўленыя матэрыялы гранулююць раздрабленнем іх патоку струменем вады, сціснутага паветра, азоту або вадзяной пары, ліццём расплаву на мокры стальны барабан; хім. прадукты — акатваннем дробных часціц, распырскваннем расплаваў у полых высокіх вежах, ушчыльненнем парашкападобных матэрыялаў і інш.; кармы — кармавымі гранулятарамі, якія працуюць на прынцыпах выціскання, пракатвання і фармавання. Гл. таксама Гранульная металургія.

т. 5, с. 409

ГРА́НЫЯ ПЕ́СНІ,

гл. ў арт. Русальныя песні.

т. 5, с. 409

ГРАН-КАНА́РЫЯ

(Gran Canaria),

востраў у Атлантычным ак., у групе Канарскіх астравоў, тэр. Іспаніі. Пл. 1533 км². Выш. да 1949 м (г. Лос-Печас — Посадэ-лас-Ньевес). Гал. горад і порт — Лас-Пальмас.

т. 5, с. 408

ГРАН-СА́СА-Д’ІТА́ЛІЯ

(Gran Sasso d’Italia),

самы высокі горны масіў у Апенінах у Італіі. Выш. да 2914 м (г. Корна). Складзены з вапнякоў, развіты карст. На вышынях снежнікі, невял. ледавікі. Міжземнаморскія хмызнякі.

т. 5, с. 408

ГРАН-ЧА́КА

(ісп. Gran Chaco),

прыродная вобласць у цэнтры Паўд. Амерыкі, у Балівіі, Парагваі і Аргенціне. Абмежавана рэкамі Парагвай і Парана на У і Андамі на З. Займае Лаплацкі тэктанічны прагін і складзена з алювіяльных нізін выш. 50—70 м на У і з акумулятыўных раўнін выш. 500—600 м на З. Клімат на б.ч. тэр. трапічны, з вільготным летам. Сярэднія т-ры ліп. ад 12 да 21 °C, студз. ад 26 да 30 °C (макс. да 47 °C, самая высокая на мацерыку). Ападкаў ад 500 да 1200 мм за год. Рачная сетка развіта пераважна на З і У; асн. рэкі Парагвай і Парана — транзітныя, з рэзкімі летнімі паводкамі; унутр. раёны пазбаўлены паверхневага сцёку. У перадгор’ях шмат балот, участкі саланчакоў. Пераважаюць сухія рэдкалессі, т.зв. лясы Чака (кебрача, альгароба, гуаякан, тэкома, мімоза і інш.), уздоўж рэк — чаньяр, васковая пальма на карычнева-чырвоных глебах. Жывёльны свет вельмі багаты: тапіры, пекары, нутрыі, браняносцы, балотны алень, ягуар, пума; шмат птушак, паўзуноў і насякомых. Авечкагадоўля. Баваўнаводства. Лесараспрацоўкі; вытв-сць дубільнага экстракту кебрача. Паляванне. На ПнЗ Аргенціны здабыча і перапрацоўка нафты і газу.

т. 5, с. 409

ГРАН ПА

(франц. grand pas літар. вял. шаг, вял. танец),

складаная шматчасткавая танц.-муз. форма. Узнікла ў эпоху рамантызму і атрымала завяршэнне ў творчасці М.Петыпа. Будуецца падобна санатнай форме ў музыцы: экспазіцыя, адажыо і варыяцыі (распрацоўка), потым кода. У гран па харэаграфія абагульнена-паэтычна выяўляе ўнутр. змест балета. Танц. тэмы сімфанічна развіваюцца, пераплятаюцца, проціборствуюць. Такія гран па ёсць у «Баядэрцы» Л.Мінкуса, «Раймондзе» А.Глазунова і інш. Выконваецца сумесна салістамі, карыфеямі, кардэбалетам. Некат. гран па носяць дзейсны характар. У Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі пастаўлены аднаактовы спектакль «Вялікае класічнае па» на музыку Мінкуса з балета «Пахіта» Э.Дэльдэвеза («У гонар Марыуса Петыпа», 1981).

т. 5, с. 404

ГРАН ПРЫ

(франц. Grand Prix літар. вял. прэмія, гал. прыз),

вышэйшая ўзнагарода на фестывалі, конкурсе і інш.

т. 5, с. 404

ГРАПТАЛІ́ТЫ

(Graptolithina),

падтып вымерлых марскіх каланіяльных жывёл тыпу паўхордавых, 2 класы: стэрэасталанаты (Stereostolonata) і грапталаідэі (Graptoloidea). Каля 180 родаў. Бентасныя, планктонныя або псеўдапланктонныя (прымацаваныя да водарасцей) арганізмы. Існавалі ад сярэдняга кембрыю да карбону, росквіт у ардовіку — сілуры і ніжнім дэвоне. На Беларусі выяўлены ў адкладах ардовіку і сілуру ў паўн.-зах. і паўд.-зах. раёнах.

Шкілет хіцінавы, мелі галінастую, сеткападобную і інш. будову, з цвёрдымі сталонамі або без іх. Планктонныя грапталіты мелі пнеўматафор (паплавок з газам) для падтрымання ў тоўшчы вады.

т. 5, с. 409

ГРАС

(Grass) Гюнтэр (н. 16.10.1927, г. Данцыг, цяпер г. Гданьск, Польшча),

нямецкі пісьменнік. У 1948—49 вучыўся ў Маст. акадэміі ў Дзюсельдорфе, у 1953 — у Ін-це выяўл. мастацтваў (Зах. Берлін). У раманах «Бляшаны барабан» (1959, экранізаваны ў 1979), «Сабачыя гады» (1963), «Пад мясцовым наркозам» (1969), «З дзённіка смаўжа» (1972), «Камбала» (1977), «Пацучыха» (1986), аповесцях «Кошка і мыш» (1961), «Сустрэча ў Тэльгце» (1979) разглядае праблемы пасляваен. рэчаіснасці ў Германіі, асэнсоўвае паходжанне фашызму і інш. таталітарных рэжымаў. Яго творам уласцівы прытчавасць, насычанасць гіст. і міфалагічнымі алюзіямі, спалучэнне сатыры і гратэску з паэтычнасцю. Пісаў п’есы, вершы, літ.-крытычныя артыкулы.

Тв.:

Рус. пер. — Кошки-мышки;

Под местным наркозом;

Встреча в Тельгте. М., 1985;

Из дневника улитки;

Встреча в Тельгте. М., 1993.

Е.А.Лявонава.

т. 5, с. 409