Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАЦЕ́Й З МЕ́ХАВА, Мехавіта (Maciej z Miechowa, Miechowita; сапр. Карпіга Мацей; каля 1457, ц. Мехаў, Польшча — 8.9.1523),

польскі гісторык, урач, географ, астролаг. Праф. (з 1485) і рэктар (1501—19) Кракаўскай акадэміі. Вучыўся ў Кракаўскай акадэміі (1474—78), ун-тах Падуі і Балонні (1483—85). У 1507 пасвечаны ў духоўны сан. У якасці ўрача запрашаўся на каралеўскі і магнацкія двары. Займаўся астралогіяй, прыпісваў яе ўплыў на ход гіст. падзей. Аўтар «Трактата пра дзве Сарматыі» (1517) — першага ў еўрап. пісьменстве геагр.-этнагр.-гістарычнага апісання зямель паміж Віслай і Донам (у т. л. беларускіх) і далей да паўд. ўзбярэжжа Каспійскага мора. Яго «Польская хроніка» (1519) уключае пераказ «Гісторыі Польшчы» Я.Длугаша (да 1480) і арыгінальнае апісанне далейшых падзей (да 1506). У 1521 «Хроніка» была канфіскавана з-за наяўнасці ў ёй крытычных заўваг пра тагачасную пануючую дынастыю Ягелонаў і перавыдадзена са зменамі. Аўтар эпідэміялагічнага даведніка (1508) і папулярнай працы па гігіене і дыетыцы (1522).

Літ.:

Maciej z Miechowa, 1457—1523: Historyk, geograf, lekarz, organizator nauki. Wrocław, 1960;

Hajdukiewicz L. Biblioteka Macieja z Miechowa. Wrocław, 1960.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАДНО́ЖЖА, кантынентальнае падножжа,

вонкавая частка падводнай ускраіны мацерыка, акумулятыўная, пакатахвалістая нахіленая раўніна, якая прылягае да падножжа мацерыковага схілу. У структурных адносінах — глыбокі прагін на стыку кантынентальнай і акіянічнай кары, запоўнены магутнай тоўшчай рыхлых асадкаў.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВАЕ ПАЎША́Р’Е,

паўшар’е Зямлі, у межах якога суша развіта найб. шырока (займае 47% плошчы М.п.). Цэнтр яго размешчаны на ПдЗ Францыі. Гл. таксама Акіянскае паўшар’е.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВАЯ ВО́ДМЕЛЬ,

тое, што шэльф.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВЫЯ ДЗЮ́НЫ,

тое, што барханы.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВЫ ЛЁД,

тое, што покрыўны ледавік.

т. 10, с. 229

МАЦЕРЫКО́ВЫ СХІЛ,

частка падводнай ускраіны мацерыка паміж шэльфам і мацерыковым падножжам. Характарызуецца зямной карой кантынентальнага тыпу. Вызначаецца вял. нахіламі паверхні (у сярэднім каля 4°, часта 15—20°, зрэдку да 40°) і рэзкай расчлянёнасцю рэльефу (ступені, падводныя каньёны). У верхняй частцы М.с. назіраецца перамяшчэнне вял. мас асадкавага матэрыялу ў выглядзе падводных апоўзняў і патокаў муці, у ніжняй пераважаюць працэсы акумуляцыі. Па высокай прадукцыйнасці арган. рэчыва М.с. вылучаецца ў асобную батыяльную зону (гл. Батыяль).

т. 10, с. 229

МАЦЕ́ША (Аляксей Міхайлавіч) (н. 1.1.1931, в. Хватаўка Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне нервовых хвароб. Д-р мед. н., праф. (1986). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1956). З 1966 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1978—98 заг. кафедры). Навук. працы па ўплыве наркатычных рэчываў на нерв. сістэму, клініка-імуналагічных узаемаадносінах пры захворваннях перыферычнай нерв. сістэмы, лячэнні хворых паркінсанізмам.

Тв.:

Гистохимия гликогена центральной нервной системы при гипотермии и наркозе Мн., 1972 (разам з А.​М.​Гурленем).

т. 10, с. 229

МАЦІЕ́ВІЧ (Алег Мікалаевіч) (н. 30.6.1949, г. Магілёў),

бел. жывапісец. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1973). З 1976 выкладчык Мінскага маст. вучылішча, з 1990 — Бел. АМ. Творам уласцівы ўпарадкаванасць кампазіцыі, свабода і абагульненасць пісьма, каларыстычная згарманізаванасць, празрыстасць фарбаў. Аўтар карцін «Успаміны», «Бакеншчык» (абедзве 1986), «Рыбакі на Прыпяці» (1987), «Былы кірмаш» (1989), «Вяселле» (1997), пейзажаў «Вечар у вёсцы», «У асеннім садзе» (абодва 1982), «Пейзаж з козамі» (1989), «Ноч у Жыровічах» (1991—92); нацюрмортаў «Сухія кветкі» (1970), «Сялянскі нацюрморт» (1986), «Нацюрморт з лямпамі» (1989) і інш.

Л.​Ф.​Салавей.

т. 10, с. 229

МА́ЦІСАВА (Лізавета Парфенаўна) (17.9.1916, г. Магілёў — 20.1.1990),

бел. актрыса. Засл. арт. Беларусі (1955). Скончыла драм. студыю Бел. т-ра юнага гледача (1936). Працавала ў т-рах муз. камедыі Беларусі (1937—41, 1947—50, 1970—72). У 1951—69 у Бел. т-ры імя Я.​Коласа. Выканаўца роляў гераінь, т.зв. каскадных, камічных старых (у т-рах муз. камедыі), лірыка-драм. і характарных (у драм. т-ры). Актрыса выразнай пластыкі і тонкай музыкальнасці. Найб. значныя ролі: у т-рах муз. камедыі — Старая («Пяе «Жаваранак» Ю.​Семянякі), Марыэта, Стасі («Баядэра», «Сільва» І.​Кальмана), Пепіта («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Ірынка («Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава); у т-ры імя Я.​Коласа — Зоська («Раскіданае гняздо» Я.​Купалы), Галіна Адамаўна («Сэрца на далоні» паводле І.​Шамякіна), Таццяна, Юлія, Людміла («Ворагі», «Дачнікі», «Васа Жалязнова» М.​Горкага), Фларэла («Настаўнік танцаў» Лопэ дэ Вэгі), Рэгана («Кароль Лір» У.​Шэкспіра), каралева Лізавета («Марыя Сцюарт» Ф.​Шылера).

Г.​Р.​Герштэйн.

т. 10, с. 229