Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭЎТО́НЫ (лац. Teutoni, Teutones),

старажытнагерманскае племя, якое жыло на зах. узбярэжжы п-ва Ютландыя і ў вусці р. Эльба. Упершыню згадваюцца ў працах Пітэаса (2-я пал. 4 ст. да н.э.). У канцы 2 ст. да н.э. рушылі на Пд і разам з кімврамі і амбронамі спустошылі Галію. Большая ч. Т. разам з амбронамі ў 102 да н.э. была знішчана ў бітве каля Акваў Секстыевых (цяпер Экс-ан-Праванс, Францыя) рым. войскам на чале з Г.Марыем. Часам словам «Т.» пазначалі германцаў увогуле.

т. 16, с. 147

ТЭ́ФІ (сапр. Лохвіцкая) Надзея Аляксандраўна

(21.5.1872, маёнтак у Валынскай губ. —6.10.1952),

руская пісьменніца. Сястра М.А.Лохвіцкай. З 1920 у эміграцыі ў Парыжы. Друкавалася з 1902. Першы паэт. зб. — «Сем агнёў» (1910). Кнігі апавяданняў і фельетонаў «Гумарыстычныя апавяданні» (т. 1—2, 1910—11), «І стала так...» (1912), «Дым без агню» (1914), «Нежывы звер» (1916), «Вечаровы дзень» (1924), «Танга смерці» (1927), «Кніга Чэрвень» (1931), «Усё пра каханне» (1946), «Зімовая вясёлка» (1952) і інш. вылучаюцца мяккасцю побытавых і псіхал. назіранняў, разнастайнасцю сюжэтных сітуацый, жывым гумарам. Аўтар «Успамінаў» (1931), кн. п’ес «Мініяцюры і маналогі» (1915), «Авантурнага рамана» (1931), літ.-крытычных артыкулаў.

Тв.:

У кн.: Аверченко А.Т., Тэффи Н.А. Юмористические рассказы. Мн., 1990;

Все о любви: Рассказы. Повесть. Роман. М., 1991;

Житье-бытье: Рассказы, воспоминания. М., 1991;

Демоническая женщина: Рассказы. М., 1995.

т. 16, с. 147

ТЭ́ФІЯ,

спадарожнік планеты Сатурн. Дыяметр каля 1060 км, сярэдняя адлегласць ад цэнтра планеты 294 660 км. Сідэрычны перыяд абарачэння 1 сут 2 гадз 19 мін. Адкрыты ў 1684 Дж.Д.Касіні. Гл. Спадарожнікі планет.

т. 16, с. 147

ТЭФЛО́Н,

гандлёвая назва політэтрафторэтылену, што вырабляюць у ЗША.

т. 16, с. 147

ТЭХА́С (Texas),

штат на Пд ЗША. Пл. 692 тыс. км². Нас. 20 044,1 тыс. чал. (1999). Адм. ц. — г. Остын. Вял. гарады і прамысл. цэнтры — Х’юстан, Далас, Сан-Антоніо, Форт-Уэрт, Эль-Паса. Большая ч. паверхні — плато Эдуардс і Лана-Эстакада (выш. да 1200 м), прыморская нізіна. На З адгор’і Скалістых гор выш. да 2665 м. Клімат субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. ад 1 да 15 °C, ліп. 25—30 °C. Колькасць ападкаў памяншаецца з У на З ад 1000—1300 мм да 200—300 мм за год. На асобных участках захавалася расліннасць тыпу саваннаў і дубова-хваёвыя лясы. Індустр.-агр. штат. Займае 1-е месца ў ЗША па здабычы нафты, прыроднага газу, серы, гелію; здабываюць таксама свінцова-цынкавыя руды, уран, кам. вугаль. Гал. галіны прам-сці: нафтаперапр. і хім. (гал. чынам нафтахімія — вытв-сць сінт. смол, каўчуку, пластмас, угнаенняў, кіслот і шчолачаў); аэракасмічная, у т. л. авіяракетная; каляровая металургія (асабліва вытв-сць алюмінію і магнію); харч., швейная, металаапр., маш.-буд. (вытв-сць абсталявання для нафтагазавай і хім. прам-сці, рэдыёэлектроніка, суднабудаванне). З галін сельскай гаспадаркі пераважае земляробства. Вырошчваюць бавоўну, пшаніцу, сорга, кукурузу, агародніну, люцэрну, земляны арэх. Садоўніцтва, у т. л. цытрусавыя. Арашаецца каля 4 млн. га. На З пераважае жывёлагадоўля. Пагалоўе (млн. галоў, 2000): буйн. раг. жывёлы — 13,9, авечак — 1,2, свіней — 0,9. Птушкагадоўля. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Гал. парты: Х’юстан, Бомант, Порт-Артур, Корпус-Крысты.

На тэр. Т., населенай індзейскімі плямёнамі, у 1519 з’явіліся іспанцы. У 17 ст. тэр. Т. ўвайшла ў склад віцэ-каралеўства Новая Іспанія. Пасля абвяшчэння ў 1821 незалежнасці Мексікі Т. у яе складзе. У пач. 19 ст. тут пачалі сяліцца фермеры і плантатары з ЗША, якія ўвялі на тэр. Т. рабства. У выніку ўзбр. канфлікту (гл. Тэхаская вайна 1815—36) Т. абвешчаны незалежнай рэспублікай. Ў 1845 ён далучаны да ЗША, што пасля амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 змушана была прызнаць Мексіка. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 Т. на баку паўд. (канфедэратыўных, рабаўладальніцкіх) штатаў. У 1901 на тэр. Т. пачалася здабыча нафты. У 1920-я г. ў штаце ўзмацнілася дзейнасць ку-клукс-клана. У 1963 у Т. (г. Далас) забіты прэзідэнт ЗША Дж.Кенэдзі.

т. 16, с. 147

ТЭХА́СКАЯ ВАЙНА́ 1835—36, мексікана-тэхаскі канфлікт,

узброенае паўстанне паўн.-амер. каланістаў Тэхаса супраць мекс. улад. Узнікла з-за пытання аб адм. і дзярж. прыналежнасці гэтай тэр., якое папярэднічала фактычнаму аддзяленню Тэхаса ад Мексікі і наступнаму далучэнню яго да ЗША. Выклікана незадаволенасцю белых перасяленцаў з ЗША, што колькасна пераважалі ў Тэхасе (30 тыс. чал. супраць 3,5 тыс. мексіканцаў, 5 тыс. неграў і 14—20 тыс. індзейцаў), палітыкай мекс. урадаў з 1830 (забарона далейшай міграцыі з ЗША ў памежныя мекс. землі, увядзенне пошлін на імпарт тавараў з ЗША, адмова каланістам утварыць на тэр. Тэхаса асобны штат, скасаванне памяркоўнай федэральнай канстытуцыі Мексікі 1824 і інш.). ЗША фармальна захоўвалі нейтралітэт, але пастаўлялі каланістам грошы, зброю, боепрыпасы, амуніцыю, добраахвотнікаў. У чэрв. 1835 атрад амерыканцаў на чале з У.​Трэйвісам заняў паселішча Анаўак. 2 кастр. паўстанцы спынілі мекс. войскі каля паселішча Гансалес, 9 снеж. пасля аблогі занялі г. Сан-Антоніо. Але 23.2.1836 горад блакіравала 6-тыс. армія пад камандаваннем дыктатара Мексікі А.​Санта-Аны, якая 6 сак. знішчыла тут у місіі Эль-Алама 182 амер. валанцёры. 1 сак. ў г. Вашынгтон-на-Бразас адкрыўся Ген. канвент «прадстаўнікоў народа Тэхаса» (58 дэлегатаў, з іх 3 мексіканцы), які 2 сак. абвясціў аддзяленне ад Мексікі і ўтварэнне незалежнай «Рэспублікі Тэхас» (прэзідэнтам стаў Д.​Г.​Бэрнет). Яе канстытуцыя (прынята 17 сак.) узаконіла рабства і ўвоз неграў-рабоў. 21 крас. 783 паўстанцы на чале са сваім галоўнакаманд. С.​Х’юстанам раптоўна атакавалі і разграмілі 4-тыс. авангард Санта-Аны (трапіў у палон) каля вусця р. Сан-Хасінта (вырашальная бітва). У сак. 1837 незалежнасць Тэхаса афіцыйна прызналі ЗША, а ў 1839—40 таксама Вялікабрытанія, Францыя, Нідэрланды, Бельгія. Т.в. пагоршыла адносіны паміж Мексікай і ЗША. Далейшае абвастрэнне 2-баковых адносін выклікала амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48, у выніку якой ЗША зацвердзілі свой суверэнітэт над Тэхасам.

Літ.:

История США. Т. 1. М., 1983;

Потокова Н.В. Аннексия Техаса Соединенными Штатами Америки, 1821—1845 гг. Ростов н/Д, 1986.

У.​Я.​Калаткоў.

т. 16, с. 147

ТЭХНАГЕНЕ́З (ад грэч. technē майстэрства + ...генез),

пераўтварэнне біясферы і яе элементаў пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека, звязанай з прамым ці ўскосным выкарыстаннем тэхн. сродкаў. Вядзе да фарміравання тэхнасферы як пачатковай стадыі наасферы. Найб. істотна Т. праяўляецца на зямной паверхні: пераўтварэнні ў рэльефе, гідралаг. сетцы, глебавым і расл. покрыве, жывёльным свеце. Тэхнагенныя працэсы падзяляюцца на мэтанакіраваныя, прадугледжаныя чалавекам, і непрадугледжаныя ім. Асн. задача рацыянальнага прыродакарыстання — навук. абгрунтаванае зніжэнне негатыўных вынікаў Т.

т. 16, с. 148

ТЭХНАГЕ́ННЫ ЛАНДША́ФТ,

разнавіднасць антрапагеннага ландшафту, які фарміруецца ў працэсе вытв. дзейнасці чалавека з выкарыстаннем тэхн. сродкаў. Характарызуецца стварэннем у яго межах інж. збудаванняў або ажыццяўленнем тэхнал. працэсаў, якія вядуць да змен у рэльефе, падземных і паверхневых водах, расліннасці. Да Т.л. адносяцца землі, парушаныя пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам, адвалы пустой пароды, шламасховішчы і інш.

П.​Л.​Лабанок.

т. 16, с. 148

ТЭХНАКРАТЫ́ЧНЫЯ ТЭО́РЫІ,

сацыяльна-эканамічныя тэорыі, паводле якіх кіруючай сілай грамадства з’яўляюцца не ўласнікі капіталу, а навук. і тэхн. інтэлігенцыя, спецыялісты, тэхнакраты. Узніклі ў 1920-я г. ў ЗША, калі Т.Веблен выступіў з тэорыяй «рэвалюцыі інжынераў», паводле якой кіраваць эканам. і паліт. жыццём ва ўмовах навук.-тэхн. прагрэсу могуць толькі тэхнікі і інжынеры, здольныя рацыянальна арганізаваць вытв-сць. У 1930-я г. эканамісты А.​Берлі і Г.​Мінс абгрунтавалі кіраўніцкай рэвалюцыі тэорыю, паводле якой панаванне акцыянернай формы прадпрыемстваў вядзе да адхілення ўласнікаў капіталу ад улады і перадачы яе ў рукі менеджэраў, тэхнакратаў. Як канцэпцыя гэтая тэорыя сфарміравалася ў 1940-я г. ў працах амер. эканаміста Дж.​Бёрнхема (тэорыя новага грамадства і новага пануючага класа). У 1960—70-я г. яе прапагандаваў аўтар канцэпцыі індустрыяльнага грамадства Дж.​Голбрэйт (тэорыя тэхнаструктуры, тэорыя новай карпарацыі). Т.т. ёсць таксама ў працах Л.Блюма (Францыя), Дж.​Стрэйчы (Вялікабрытанія), З.​Бжазінскага (ЗША), М.​Джыласа (Югаславія) і інш.

І.​В.​Катляроў.

т. 16, с. 148

ТЭХНАКРА́ТЫЯ (ад грэч. technē майстэрства + kratos улада),

1) падыход да эканам. працэсаў і з’яў выключна з тэхн. пазіцый, без уліку сац.-эканам. фактараў і эканам. вынікаў кіраўніцкіх рашэнняў (гл. Тэхнакратычныя тэорыі).

2) Слой высокакваліфікаваных спецыялістаў (тэхнакратаў) — вышэйшых функцыянераў манапалізаванай вытв-сці і дзярж. апарату, якія прымаюць непасрэдны ўдзел у кіраванні вытв-сцю, распрацоўцы і ажыццяўленні эканам. палітыкі.

3) Грамадскі рух у ЗША у 1930-я г., мэтай якога было дасягненне ўсеагульнага дабрабыту пры дапамозе індустрыяльнага перавароту ў выніку навук. планавання вытв-сці ў нац. маштабах (лідэры Г.​Лоэб, Г.​Скот).

т. 16, с. 148