Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАХНЮ́К (дзявочае Каліноўская) Людміла Антонаўна

(н. 2.3.1932, г. Гродна),

мастачка, грамадскі дзеяч бел. эміграцыі. Падчарка пісьменніка Я.Золака, жонка мастака А.Махнюка. У 1944 разам з маці выехала ў Германію, дзе вучылася ў Беларускай гімназіі імя Янкі Купалы, маляванню — у М.Кругловіча. З 1952 жыве ў ЗША. З 1973 удзельнічае ў маст. выстаўках у г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі). Малюе акварэллю і алеем у манеры, блізкай да імпрэсіянізму, пераважна бел. краявіды, нацюрморты з кветкамі, партрэты: «Зіма» (1978), «Раніца» (1987), «Калыска ў кветках» (1991). Працуе ў б-цы. Клапоціцца пра развіццё бел. скаўтынгу.

В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.

т. 10, с. 226

МАХО́РКА (Nicotiana rustica),

кветкавая расліна сям. паслёнавых. Пашырана ў Паўд. Амерыцы. У пач. 16 ст. завезена ў Еўропу. Культывуюць як тэхн. культуру ў Паўн. Афрыцы, Паўд. Азіі, Еўропе, у т. л. на Беларусі.

Аднагадовая травяністая расліна выш. 50—150 см з цяжкім непрыемным пахам. Корань стрыжнёвы, даўж. да 1,5 м. Сцёблы прамыя, галінастыя з залозістымі валаскамі. Лісце чаранковае, цёмна-зялёнае, з сінім адлівам, маршчыністае, круглаватае. Кветкі двухполыя, жоўта-зялёныя, у мяцёлчатай гронцы. Плод — шматнасенная каробачка. Сухое лісце М. мае да 10 % нікаціну, да 10 % лімоннай к-ты. З іх гатуюць крупку для курэння, нюхальны тытунь, тытунёвы пыл — інсектыцыд, атрымліваюць нікацінавыя мед. прэпараты (напр., вітамін РР, нікацін-сульфат), нікацін, лімонную к-ту, прэпараты для барацьбы са шкоднікамі с.-г. раслін, з узбуджальнікамі хвароб жывёл. Лек., тэхн. расліна.

Махорка.

т. 10, с. 226

МАХО́ТА (Іван Рыгоравіч) (9.6.1918, в. Папаснае Днепрапятроўскай вобл., Украіна — 21.10.1943),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1944). На фронце з 1942. Камандзір танк. роты старшы лейт. М. вызначыўся ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл.: у час варожай контратакі падбіты і ахоплены полымем свой танк ён накіраваў на батарэю праціўніка, знішчыў яе гарматы, што садзейнічала поспеху наступлення танк. батальёна; згарэў у танку.

т. 10, с. 226

МАХРО́,

вёска ў Іванаўскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 19 км на Пд ад г. Іванава, 159 км ад Брэста, 19 км ад чыг. ст. Янаў-Палескі. 1287 ж., 473 двары (1999). Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. актывістаў. Помнік сав. патрыётам. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Махроўская Петрапаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

МАХРО́ЎСКАЯ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік драўлянага дойлідства ў в. Махро Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1792 як уніяцкая. Складаецца з прамавугольнага ў плане асн. зруба і 5-граннай апсіды, накрытых агульным дахам з трохвугольнымі навісямі ў месцы злучэння аб’ёмаў. Гал. паўн. фасад вырашаны ў выглядзе шырокай пласціны, пры ўваходзе тамбур. Фасад падзелены на ярусы 2 развітымі карнізамі і завершаны 3 вежачкамі (бакавыя квадратныя ў плане, цэнтр. 8-гранная). Карнізы аздоблены разьбой. Каля царквы 2-ярусная чацверыковая каркасная званіца, накрытая шатром.

Т.В.Габрусь.

Махроўская Петралаўлаўская царква.

т. 10, с. 226

МАХРЫ́НАЎ (Рыгор Фёдаравіч) (н. 15.2.1921, с. Лысагорка Кашарскага р-на Растоўскай вобл., Расія),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну, Герой Сав. Саюза (1946), ген.-маёр авіяцыі (1968). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу (1940), Ваенна-паветр. акадэмію (1954). У Вял. Айч. вайну на Паўн., Ленінградскім, Паўн.-Зах., 1-м Бел. франтах. Камандзір звяна асобнага развед. авіяпалка капітан М. вёў паветр. разведку і бамбардзіроўку важных ваен. аб’ектаў ворага ў час Беларускай аперацыі 1944, вызначыўся ў раёне Брэста. Зрабіў 199 баявых вылетаў. Да 1973 у Сав. Арміі.

т. 10, с. 226

МАХТУМКУЛІ́ (каля 1733, с. Хаджыгаўшан Балканскай вобл., Туркменістан — 1780-я г.),

туркменскі паэт-мысліцель; пачынальнік туркм. л-ры. Сын Д.Азадзі. Вучыўся ў медрэсэ Шыргазі (г. Хіва). Шмат падарожнічаў, вывучаў л-ру, фальклор Сярэдняй Азіі, Азербайджана, Ірана. Захавалася больш за 10 тыс. вершаваных радкоў (вершы, паэмы, оды, элегіі; упершыню апублікаваны ў 1842). У вершах, ліра-эпічных паэмах сац.-філас. зместу асуджаў міжплемянныя спрэчкі і варожасць, выказваў пратэст супраць феад. ўціску, заклікаў да яднання ў змаганні за незалежнасць. Пісаў творы інтымнай тэматыкі. У сатыр. вершах высмейваў людскія заганы. Многія яго творы адметныя рэліг. настроем. Замяніў араба-перс. метрыку (аруз) нар. сілабічнай сістэмай, наблізіў мову паэзіі да народнай і фальклору. На бел. мову творы М. пераклалі Р.Баравікова, Р.Барадулін, А.Вольскі, В.Жуковіч, Х.Жычка, А.Звонак, У.Караткевіч, А.Клышка, В.Коўтун, А.Лойка, П.Макаль, У.Паўлаў, П.Прыходзька, М.Танк, У.Шахавец.

Тв.:

Бел. пер. — Салавей шукае ружу: Выбр. лірыка. Мн., 1983;

Рус. пер. — Избранное. М., 1983;

Стихотворения. Л., 1984.

Махтумкулі.

т. 10, с. 226

МАХУ́НКА,

кветкавая расліна, тое, што фізаліс.

т. 10, с. 227

МАХФУ́З (Нагіб) (н. 24.12.1911, Каір),

егіпецкі пісьменнік. Скончыў Каірскі ун-т (1934). У 1930—40-я г. выступіў з рамант. гіст. раманамі на «фараонскую тэму» («Гульня лёсаў», «Радабіс», «Барацьба Фіў»). У рэаліст. раманах «Новы Каір» (1945), «Завулак аль-Мідак» (1947), «Пачатак і канец» (1949, экранізацыя 1960), трылогіі «Бейн аль-Касрэйн», «Каср аш-Шаук» (Дзярж. прэмія АРЕ 1957), «Ас-Сукарыя» (1956—57) шырокая панарама жыцця грамадства ў 1-й пал. 20 ст. Жыццё краіны пасля нац.-вызв. рэвалюцыі 1952 адлюстравана ў раманах «Жабрак» (1963), «Шлях» (1964), «Балбатня над Нілам» (1966, экранізацыя 1972), «Пансіён «Мірамар» (1967) і інш. Аўтар аўтабіягр. рамана «Люстэркі» (1971—72), зб-каў навел «Пад навесам» (1969), «Апавяданні пра наш квартал» (1975), п’ес і інш. Для яго твораў характэрна спалучэнне традыцый араб. нар. апавядальнай л-ры і еўрап. раманістыкі. Нобелеўская прэмія 1988.

Тв.:

Рус. пер. — Дети нашего квартала. М., 1959;

Вор и собаки. М., 1965;

Осенние перепела. М., 1965;

Пансион «Мирамар». Любовь под дождем. М., 1975;

Зеркала. М., 1979.

Літ.:

Кирпиченко В.Н. Нагиб Махфуз — эмир арабского романа. М., 1992.

Н.Махфуз.

т. 10, с. 227

МАЦАПУ́РА (Міхаіл Яфрэмавіч) (21.11.1908, в. Барбароў Мазырскага р-на Гомельскай вобл. — 31.10.1971),

бел. вучоны ў галіне механізацыі сельскай гаспадаркі. Акад. АН Беларусі (1947), УАСГНІЛ (1964), Акад. с.-г. навук Беларусі (1957—61). Д-р тэхн. н. (1945), праф. (1947). Засл. дз. нав. і тэхн. Беларусі (1954). Скончыў Ленінградскі ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1932). У 1947—65 дырэктар Цэнтр. НДІ механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі Нечарназёмнай зоны СССР (Мінск), адначасова ў 1947—50 акадэмік-сакратар АН Беларусі. Навук. працы па праблемах земляробчай механікі, стварэнні с.-г. машын. Распрацаваў комплекс машын для асваення забалочаных і зарослых хмызняком зямель. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1952. Ленінская прэмія 1962.

Тв.:

Вопросы теории плужных канавокопателей и болотных плугов. Мн., 1957;

Технологические основы механизации уборки картофеля. Мн., 1959;

Вопросы земледельческой механики. Т. 1. Мн.. 1959.

М.Я.Мацапура.

т. 10, с. 227