Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАХМУ́Д II (Mahmut; 20.7.1784, Стамбул — 1.7.1839),

турэцкі султан [1808—39]. Узведзены на прастол у выніку дварцовага перавароту. З сярэдзіны 1820-х г. правёў шэраг рэформ, накіраваных на стварэнне цэнтралізаванага дзярж. апарату і ліквідацыю феад. раздробленасці. Знішчыў корпус янычараў (1826), пазбавіў губернатараў права мець уласнае войска (1836—39), адкрыў шэраг свецкіх школ і вучылішчаў. Пры М. II Асманская імперыя пацярпела паражэнні ў войнах з Расіяй (1806—12 і 1828—29), вымушана была прызнаць незалежнасць Грэцыі і аўтаномію Сербіі (1830), вяла няўдалыя войны супраць Мухамеда Алі (1831—33 і 1839).

т. 10, с. 225

МА́ХНАВІЧЫ,

вёска ў Мазырскім р-не Гомельскай вобл., на аўтадарозе Мазыр—Лельчыцы. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 40 км на ПдЗ ад г. Мазыр, 173 км ад Гомеля, 30 км ад чыг. ст. Ельск. 733 ж., 230 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Аляксандр Іванавіч) (н. 27.8. 1922, в. Забалацце Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. драматург, празаік, публіцыст. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Літ. ін-т імя М.Горкага (1960). У Вял. Айч. вайну ўдзельнік абароны Брэсцкай крэпасці. З 1947 працаваў бібліятэкарам на Уздзеншчыне, у 1953—61 і 1963—66 — у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Дэбютаваў вершамі ў 1949. Выдаў зб-кі драм. твораў «Драматычныя мініяцюры» (1956), «Аднаактовыя п’есы» (1961), «Мы будзем жыць» (1967), «П’есы» (1974), «Не кажы: мая хата з краю...» (1980), «Няхай красуе жыццё» (1982) і інш. Піша для дзяцей, шмат увагі аддае асэнсаванню героікі Вял. Айч. вайны: гераічныя драмы «Шпачок» (паст. 1964), «Гаўрошы Брэсцкай крэпасці» (паст. Бел. рэсп. т-рам юнага гледача ў 1972), дакумент. аповесці «Дзеці крэпасці» (1988), «Камандзір Усходняга форта» (1991). Складальнік зб. нарысаў «Людзі граніцы» (1989). Аўтар нарысаў па праблемах экалогіі, краязнаўству.

Тв.:

Нізок: Краязн. нарысы. Мн., 1998.

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Аляксандр Сямёнавіч) (н. 8.12.1918, в. Хатляны Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. геолаг. Акад. Нац. АН Беларусі (1971, чл.-кар. з 1959), Д-р геолага-мінералаг. н. (1959), праф. (1960). Засл. дз. нав. Беларусі (1980). Ганаровы чл. Рас. АН (1992). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1940). З 1950 у Ін-це геал. навук АН Беларусі, з 1969 гал. вучоны сакратар прэзідыума АН Беларусі, у 1973—86 віцэ-прэзідэнт, з 1986 член прэзідыума, з 1992 саветнік прэзідыума Нац. АН Беларусі. Навук. працы па літалогіі і геахіміі пратэразою, дэвону, стараж. корах выветрывання, па фацыяльным і фармацыйным аналізе, тэктоніцы, нафтаноснасці нетраў, гісторыі навукі. Удзельнічаў у адкрыцці на тэр. Беларусі радовішчаў калійнай і каменнай солей, жал. руд, гаручых сланцаў і інш. карысных выкапняў. За адкрыццё і разведку нафты Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Железорудные формации докембрия Белоруссии. Мн., 1974 (у сааўт.);

Рифей и венд Белоруссии. Мн., 1976 (у сааўт.);

Верхнедевонская щелочная вулканогенная формация Припятской впадины. Мн., 1977 (разам з В.П.Корзунам);

Геология и полезные ископаемые кристаллического фундамента и нижней части платформенного чехла Беларуси. Мн., 1996 (у сааўт.).

А.С.Махнач.

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Анатоль Аляксандравіч) (н. 13.7.1951, Масква),

бел. геолаг. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1994), д-р геолага-мінералагічных н. (1990). Сын А.С.Махнача і Н.А.Махнач. Скончыў Гомельскі ун-т (1973). З 1973 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі (з 1994 нам. дырэктара, з 1998 дырэктар). Навук. працы па праблемах літагенезу, геахіміі стабільных ізатопаў, гідрагеахіміі. З 1999 старшыня Бел. геал. т-ва.

Тв.:

Постседиментационные изменения межсолевых девонских отложений Припятского прогиба. Мн., 1980;

Гидрогеология и рассолы Припятского нефтегазоносного бассейна. Мн., 1985 (разам з А.В.Кудзельскім, У.М.Шымановічам);

Катагенез и подземные воды. Мн.. 1989;

Изотопы углерода и кислорода в девонских карбонатных образованиях Беларуси. Мн.. 1994 (у сааўт.).

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Ніна Аляксандраўна) (н. 19.4.1923, в. Шапкі Смаленскай вобл., Расія),

бел. палінолаг і геолаг. Канд. геолага-мінералагічных н. (1958). Скончыла Маскоўскі ун-т (1948). У 1948—79 у Ін-це геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы па стратыграфіі антрапагену і неагену, эвалюцыі развіцця расліннасці ў антрапагене. Дзярж. прэмія Беларусі 1986.

Тв.:

Антропогеновые отложения Белоруссии. Мн., 1959 (разам з М.М.Цапенка);

Этапы развития растительности Белоруссии в антропогене. Мн., 1971;

Геология антропогена Белоруссии. Мн., 1973 ( у сааўт.).

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Нінель Мікалаеўна) (19.7.1941, Мінск — 31.5.1995),

бел. філосаф. Канд. філас. н. (1974). Скончыла БДУ (1954). З 1957 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі. Навук. працы па праблемах нац.-вызв. руху, грамадска-паліт. і філас. думкі Беларусі канца 18—1-й пал. 19 ст., станаўлення нац. самасвядомасці, гісторыі, культуры і этыкі. Адна з аўтараў «Нарысаў гісторыі філасофскай і сацыялагічнай думкі Беларусі (да 1917 г.)» (1973) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е гг. XIX в. Мн., 1971;

От Просвещения к революционному демократизму: (Обществ. полит. и филос. мысль Белоруссии конца 10-х — начала 50-х гг. XX в.). Мн., 1976;

Общественно-политическая и этическая мысль Белоруссии начала XIX в. Мн., 1985.

С.А.Падокшын.

т. 10, с. 225

МАХНА́Ч (Уладзімір Іванавіч) (н. 25.7. 1940, в. Камеика Уздзенскага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне тэхн. кібернетыкі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1996). Скончыў Бел. політэхн. ін-т (1969). З 1969 у Ін-це тэхн. кібернетыкі (з 1986 нам. дырэктара), з 1996 нам. ген. дырэктара Н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па тэорыі і практыцы стварэння сістэм аўтаматызаванага праектавання. Распрацаваў метады мадэліравання і аптымізацыі тэхн. сістэм.

Тв.:

Автоматизация проектирования технологических процессов и средств оснащения. Мн., 1997 (у сааўт.);

Метод обобщенных аналитических представлений в упругопластической антиплоской задаче. Мн., 1998 (разам з У.А.Ібрагімавым, А.Л.Шведам).

М.П.Савік.

т. 10, с. 225

МАХНО́ (Нестар Іванавіч) (29.10.1889, г. Гуляйполе Запарожскай вобл., Украіна — 6.7.1934),

украінскі паліт. дзеяч, адзін з кіраўнікоў анарха-сял. паўстанцкага руху на Украіне ў 1918—21. У рэвалюцыю 1905—07 далучыўся да анархістаў (гл. Анархізм). У 1909 за забойства паліцэйскага прыстава прыгавораны да смяротнага пакарання, замененага на 10 гадоў катаргі. Пасля вызвалення (1917) вярнуўся ў Гуляйполе, дзе ў крас. 1918 узначаліў анархісцкі партыз. атрад, які змагаўся супраць памешчыкаў, укр. гетманскіх улад і аўстра-герм. акупантаў. У 1919—21 ваяваў супраць белагвардзейцаў, пятлюраўцаў і Чырв. Арміі. З восені 1919 камандаваў «Рэвалюцыйна-паўстанцкай арміяй Украіны» (30—50 тыс. чал.). Дзейнічаў імкліва і жорстка, спалучаў партыз. тактыку з дзеяннямі буйных сіл конніцы і пяхоты. Выступаў за «безуладную дзяржаву» і «вольныя Саветы», свабоду эканам. дзейнасці для сялян. Тройчы заключаў пагадненні з Сав. уладай і дзейнічаў на баку чырв. войск, але кожны раз, незадаволены палітыкай бальшавікоў у адносінах да сялянства і байцоў сваіх атрадаў, уздымаў антысав. мяцяжы. Да восені 1921 разгромлены Чырв. Арміяй, эмігрыраваў. Жыў у Румыніі, Польшчы, Францыі. Аўтар кн. «Успаміны» ( выд. 1992).

Літ.:

Белаш А.В., Белаш В.Ф. Дороги Нестора Махно: Ист. повествование. Киев, 1993;

Телицын В. Нестор Махно. М.;

Смоленск, 1998.

т. 10, с. 226

МАХНЮ́К (Алег Васілевіч) (н. 7.5.1928, в. Амбросенка Шаркаўшчынскага р-на Віцебскай вобл.),

мастак. Вучыўся ў Пастаўскай настаўніцкай семінарыі. З 1944 з бацькамі ў Германіі, дзе скончыў бел. гімназію імя М.Багдановіча (г. Ватэнштэт), рабіў ілюстрацыі для бел. часопіса «Шляхам, жыцця». З пач. 1950-х г. жыве ў г. Саўт-Рывер (штат Нью-Джэрсі, ЗША). Працаваў на з-дзе Форда. Аўтар плакатаў, ілюстрацый для паштовак і часопісаў, дэкарацый, 5 разных іканастасаў для правасл. цэркваў (4 для бел., 1 для рускай), кургана-помніка «Змагарам за вольную Беларусь» у Саўт-Рыверы. Удзельнічае ў штогадовых выстаўках у бел. грамадскім цэнтры ў Саўт-Рыверы; яго кампазіцыі, скульптуры і рэльефы ўзнаўляюць рэаліі ранейшага вясковага жыцця на радзіме («Запрэжаны конік», «Сейбіт», «Стары селянін»), увасабляюць фалькл. персанажаў, гіст. сімвалы («Пагоня»).

В.А.Трыгубовіч, А.С.Ляднёва.

т. 10, с. 226