Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТЭРМАДЫФУ́ЗІЯ (ад тэрма... + дыфузія),

перанос кампанентаў асяроддзя (газавай сумесі ці раствору), абумоўлены градыентам т-ры асяроддзя. Пры пастаяннай рознасці т-р у выніку Т. ўзнікае градыент канцэнтрацыі кампанентаў рэчыва, што выклікае дыфузію гэтых кампанентаў у адваротным напрамку. У стацыянарных умовах тэрмадыфузійныя патокі ўраўнаважваюцца дыфузійнымі і ў аб’ёме рэчыва ўзнікае пастаянная рознасць канцэнтрацый, што выкарыстоўваецца для раздзялення ізатопаў.

т. 16, с. 135

ТЭРМАІКО́С (Thermaïkos kólpos),

Саланікскі заліў, у Эгейскім м., каля берагоў Грэцыі, паміж мацерыком і п-вам Халкідыкі. Даўж. 160 км, шыр. каля ўвахода да 90 км, глыб. ў сярэдняй ч. да 180 м. Упадаюць рэкі Вардар, Піньёс. Прылівы паўсутачныя (да 0,5 м). Порт—Салонікі.

т. 16, с. 135

ТЭРМАІО́ННАЯ ЭМІ́СІЯ,

тэрмічнае выпарэнне (дэсорбцыя) іонаў з паверхні цвёрдага цела. Гл. таксама Паверхневая іанізацыя.

т. 16, с. 135

ТЭРМАКАПІ́РАВАННЕ,

атрыманне копій дакументаў на тэрмаадчувальных матэрыялах, якія пад уздзеяннем цяпла (інфрачырвонага выпрамянення) мяняюць свой стан. Копіі вырабляюць у тэрмакапіравальных апаратах з графічных і тэкставых арыгіналаў, выкананых тушшу, чорным алоўкам, надрукаваных на пішучай машынцы або друкарскім спосабам.

Пры прамым Т. светлыя ўчасткі арыгінала (прабелы) адбіваюць большую частку інфрачырвоных прамянёў, якімі абпраменьваецца арыгінал, а цёмныя ўчасткі (элементы відарыса) паглынаюць прамяні і награваюцца. Цяпло нагрэтых элементаў выклікае ў прыкладзенай да арыгінала тэрмаадчувальнай паперы хім. рэакцыю, у выніку якой папера цямнее ў месцах, адпаведных відарысу (утвараецца кантрастнае цёмнае рэчыва). Пры ўскосным Т. адчувальны слой тэрмапластычнай плёнкі (ці тэрмакапіравальнай паперы) пад уздзеяннем цяпла расплаўляецца і пераносіцца на носьбіт копіі. Т. вызначаецца хуткасцю (працягласць капіравання каля 5 с) і прастатой працэсу; недахопы — недастатковыя выразнасць і працягласць захоўвання копій.

У.​М.​Сацута.

Схема прамога тэрмакапіравання: 1 — інфрачырвоныя прамяні; 2 — арыгінал (непразрыстыя элементы зачэрненыя); 3 — тэрмарэактыўная папера (тэрмаадчувальны слой не заштрыхаваны); 4 — тэрмакопія.

т. 16, с. 135

ТЭРМАКА́РСТ (ад тэрма... + карст),

утварэнне прасадачных форм рэльефу і падземных пустот у пластах горных парод у выніку раставання падземнага лёду або адтайвання грунту пры павышэнні сярэднегадавой т-ры паветра. Пры Т. ўтвараюцца катлавіны з тэрмакарставымі азёрамі, аласы, западзіны, сподкі, правалы і падземныя поласці (гроты, нішы, ямы). Пашыраны ў зоне вечнай мерзлаты, зрэдку трапляецца ў раёнах з сезонным прамярзаннем глеб і грунтоў; характэрны пераважна для пераўвільготненых рэгіёнаў, дзе шмат азёр і балот.

т. 16, с. 135

ТЭРМА́ЛЬНЫЯ ВО́ДЫ (ад франц. thermal цёплы),

падземныя воды з т-рай ад 20 °C і вышэй. Награваюцца за кошт цяпла глыбокіх зон зямной кары. У залежнасці ад т-ры падзяляюцца на нізкатэрмальныя — цёплыя (20—40 °C) і гарачыя (40—70 °C); высокатэрмальныя — вельмі гарачыя (70—100 °C), перагрэтыя (100—375 °C) і надкрытычныя (вышэй за 375 °C). Паводле хім. саставу вады — ад прэсных і саланаватых гідракарбанатных, гідракарбанатнасульфатных, кальцыевых і натрыевых да салёных і расольных хларыдных, хларыдна-натрыевых, кальцыева-натрыевых, серавадародных і метанавых. У горных краінах (Альпы, Каўказ, Цянь-Шань, Памір) Т.в. выходзяць на паверхню ў выглядзе шматлікіх гарачых крыніц, у раёнах сучаснага вулканізму (Камчатка, Ісландыя) — у выглядзе гейзераў і паравадзяных струменяў. Выкарыстоўваюцца ў бальнеалогіі, таксама для ацяплення і энергет. установак. На Беларусі выяўлены ў Прыпяцкім прагіне (на глыб. 1,5—5 тыс. м), Брэсцкай і Аршанскай упадзінах (на глыб. 200—600 м).

т. 16, с. 135

ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ З’Я́ВЫ,

з’явы, што ўзнікаюць у праводзячых асяроддзях пры адначасовым дзеянні магн. поля і градыента т-ры. Абумоўлены ўздзеяннем магн. поля на накіраваны рух носьбітаў зараду (электронаў праводнасці і дзірак) пад дзеяннем градыента т-ры.

Магн. поле адхіляе звязаныя з. пераносам часціц эл. ток і паток цеплаты ад першапачатковага напрамку (гл. Лорэнца сіла). У выніку паяўляюцца складальныя эл. току і цеплавога патоку ў напрамку, перпендыкулярным магн. полю. Адрозніваюць Т.з. папярочныя і падоўжныя ў залежнасці ад таго, у якім напрамку — перпендыкулярным ці паралельным першапачатковаму градыенту т-ры адпаведна — яны вымяраюцца. Да Т.з. належаць: Нернста—Этынгсгаўзена эфект, Рыгі—Ледзюка эфект (папярочны — узнікненне тэмпературнага градыента, падоўжны — змена цеплаправоднасці з-за ўзнікнення дадатковага цеплавога патоку) і інш. Вывучэнне Т.з. дае магчымасць атрымаць важную інфармацыю аб носьбітах зараду ў паўправадніках; на ім заснавана дзеянне пераўтваральнікаў цеплавой энергіі ў электрычную.

Літ.:

Аскеров Б.М. Электронные явления переноса в полупроводниках. М., 1985;

Бонч-Бруевич В.Л., Калашников С.Г. Физика полупроводников. 2 изд. М., 1990.

Р.​М.​Шахлевіч.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМАГНІ́ТНЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,

ферамагнітныя сплавы з моцнай залежнасцю магнітнай індукцыі ад т-ры; від магнітамяккіх матэрыялаў. Гэта ўласцівасць выяўляецца паблізу Кюры пункта сплаваў, дзе цеплавы рух часціц рэчыва дэзарыентуе іх магн. моманты. Адрозніваюць 3 асн. групы Т.м.: медна-нікелевыя, жалеза-нікелевыя і найб. пашыраныя жалеза-нікелевыя, легіраваныя хромам, алюмініем ці марганцам, дыяпазон рабочых т-р якіх ад -60 да 170 °C. На аснове апошніх створаны шматслойныя Т.м. з лепшымі магн. характарыстыкамі. Т.м. выкарыстоўваюць як тэрмакампенсатары і тэрмарэгулятары магн. патоку ў вымяральных прыладах.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМЕ́ТРЫЯ (ад тэрма... + ...метрыя),

раздзел эксперым. фізікі і метралогіі, які даследуе метады і сродкі вымярэння тэмпературы. Вымярэнні грунтуюцца на Міжнароднай практычнай тэмпературнай шкале. Задачы Т.: распрацоўка навук. асноў, норм і правіл канструявання, эксплуатацыі і градуіравання вымяральных сродкаў (напр., тэрмометраў), выяўленне магчымых і дапушчальных хібнасцей вымярэнняў т-ры, вызначэнне тэрмаметрычных уласцівасцей рэчываў. Уваходнай велічынёй вымяральных сродкаў з’яўляецца т-ра, выхадной (выхадным сігналам) — любая фіз. велічыня, адназначна залежная ад т-ры.

Літ.:

Температурные измерения: Справ. 2 изд. Киев, 1989;

Драгун В.Л., Филатов С.А. Тепловизионные системы в исследованиях тепловых процессов. Мн., 1989.

У.​Л.​Драгун.

т. 16, с. 135

ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНАЯ АПРАЦО́ЎКА металаў і сплаваў, сукупнасць аперацый пластычнай дэфармацыі, нагрэву і ахаладжэння, у выніку якіх канчатковая структура і ўласцівасці матэрыялу фарміруюцца з вял. колькасцю дэфектаў у крышталях (пераважна дыслакацый); адзін з асн. спосабаў павышэння трываласці канструкцыйных металаў і сплаваў. Бывае высока- і нізкатэмпературная.

Высокатэмпературная Т.а. — гарачая апрацоўка ціскам (коўка, пракатка і інш.) у межах т-р устойлівасці аўстэніту з неадкладным ахаладжэннем для папярэджання яго рэкрышталізацыі; нізкатэмпературная — дэфармацыя ў межах т-р няўстойлівасці аўстэніту і ніжэй за т-ру яго рэкрышталізацыі. З такога аўстэніту пры далейшай загартоўцы атрымліваецца мартэнсіт з асаблівай будовай, якая забяспечвае вельмі высокае супраціўленне разрыву (мяжу трываласці). Т.а. старэючых сплаваў (алюмініевых, медных, нікелевых і інш.) робяць халоднай пластычнай дэфармацыяй пасля загартоўкі, але перад штучным старэннем металаў.

Літ.:

Шаврин О.И. Технология и оборудование термомеханической обработки деталей машин. М., 1983.

А.​П.​Ласкаўнёў.

т. 16, с. 136