Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МАТЫ́С ((Matisse) Анры Эміль Бенуа) (31.12.1869, г. Ле-Като, Францыя — 3.11.1954),

французскі жывапісец, графік і скульптар. Вучыўся ў Парыжы ў акадэміі Жуліяна (з 1891), Школе дэкар. мастацтваў (з 1893) і Школе прыгожых мастацтваў (1895—99). Зазнаў уплывы імпрэсіянізму, неаімпрэсіянізму, пуантылізму, П.​Сезана, А.​Радэна, усх. мастацтва. У 1905—07 адзін з лідэраў фавізму. У сваіх карцінах стварыў новы тып маст. выразнасці праз экзальтаваныя, яркія кантрастныя колеры, у якіх знікаюць лініі контураў выявы: «Жанчына ў зялёным капелюшы», «Расчыненае акно. Каліўр», «Асалода, цішыня і раскоша» (усе 1905), «Нацюрморт на чырвоным дыване», «Радасць быцця» (абодва 1906), «Марго» (1907), «Пустыня, чырвоная гармонія», «Чырвоны пакой» (абедзве 1908), «Танец» (1910) і інш. Пад уражаннем падарожжаў у Марока, Туніс, Паўд. Іспанію ствараў работы, у якіх пераважалі манахромныя фарбавыя плоскасці, выразныя колеравыя кантрасты, арабескі: «Чырвоная майстэрня» (1911), «Чырвоныя рыбы» (1914), «Мараканцы на тэрасе», «Тры сястры», «Мастак і мадэль» (усе 1916), «Дзяўчаты на пляжы» (1916—17), «Урок ігры на піяніна» (1917), серыя «Адаліскі» (1920-я г.), «Дэкаратыўная фігура на арнаментальным фоне» (1927—28), «Румынская блуза» (1940), «Маладая дзяўчына ў белай хустцы» (1941), «Азія» (1946), «Маладая англічанка» (1947), «Вялікі чырвоны інтэр’ер» (1948) і інш. Аўтар пано «Танец» і «Музыка» для асабняка С.​Шчукіна ў Маскве (1911), фрыза «Танец» у фондзе Барнса ў Мерыёне (ЗША, 1931—33), афармлення інтэр’ера (у т. л. вітражы) «Капэлы ружанцаў» у Вансе каля Ніцы (Францыя, 1953), скульптур «Дэкаратыўная фігура» (1908), «Венера ў ракавіне» (1931), рэльефу «Аголеная жаночая фігура са спіны» (1930) і інш. Вытанчанасцю лініі вызначаюцца графічныя творы: серыя «Тэмы і варыяцыі» (1941—42), ілюстрацыі да твораў А.​Мантэрлана, С.​Малармэ, П.​Рансара, Шарля Арлеанскага і інш.

Літ.:

Алпатов М.В. Матисс. М., 1969;

Зубова М.В. Графика Матисса. М., 1977;

Эсколье Р. Матисс: Пер. с фр. Л., 1979.

В.​Я.​Буйвал.

А.Матыс. Танец. 1910.
А.Матыс. Чырвоны пакой. 1908.

т. 10, с. 209

МАТЫ́С ((Mathis) Эдзіт) (н. 11.2.1938, г. Люцэрн, Швейцарыя),

швейцарская спявачка (сапрана). Вучылася ў Люцэрнскай кансерваторыі. Спявала ў Кёльнскім і Гамбургскім оперных т-рах. Удзельнічала ў Зальцбургскім і інш. фестывалях. З 1963 салістка Берлінскай дзярж. оперы, з 1970-х г. выступае ў буйнейшых т-рах Еўропы і Амерыкі. Для творчасці характэрны высокая муз. культура, гарманічнае адзінства вак. і сцэн. малюнка. Сярод партый: Мелізанда («Пелеас і Мелізанда» К.​Дэбюсі), Паміна, Сюзанна («Чароўная флейта», «Вяселле Фігара», В.​А.​Моцарта), Марцэліна («Фідэліо» Л.​Бетховена). Вядома як выканальніца сапранавых партый у кантатах і пасіёнах І.​С.​Баха.

т. 10, с. 209

МАТЫ́Ў (ням. Motiv, франц. motif ад лац. moveo прымушаю, рухаю),

заахвочванне да актыўнай дзейнасці сац. аб’ектаў (асоб, сац. груп, супольнасцей людзей), звязанае з імкненнем да задавальнення іх канкрэтных патрэбнасцей. У псіхалогіі М. — сукупнасць знешніх і ўнутр. умоў, якія выклікаюць актыўнасць суб’ектаў і вызначаюць яе накіраванасць, а таксама прадмет або аб’ект, на якія гэта актыўнасць накіравана. У сацыялогіі М. разглядаецца як патрэбнасць суб’ектаў у дасягненні пэўных даброт, стварэнні спрыяльных умоў жыццядзейнасці грамадства. М. як унутранае пабуджэнне сац. актыўнасці асоб і сац. супольнасцей неабходна адрозніваць ад знешніх падахвочванняў — стымулаў, якія становяцца М. толькі ў тым выпадку, калі яны з’яўляюцца суб’ектыўна значнымі і адпавядаюць глыбінным патрэбам суб’екта. Развіццё М. адбываецца праз змену і ўзмацненне актыўнасці, што пераўтварае прадметную дзейнасць. Важным фактарам развіцця М. з’яўляецца працэс вытворчасці матэрыяльных і духоўных даброт. У якасці патэнцыяльных М. выступаюць уласцівыя грамадству аб’ектыўныя каштоўнасці, інтарэсы і ідэалы. М. залежыць ад адносін у пэўным грамадстве, структуры маральнай свядомасці, каштоўнасных арыентацый, узроўню агульнай культуры, валявых якасцей асобы. Паводле М. паводзін чалавека мяркуюць пра яго светапоглядныя ўстаноўкі, прынцыпы, якімі ён кіруецца ў практычнай дзейнасці. У залежнасці ад суб’екта вылучаюць М. індывідуальныя, групавыя і вял. сац. супольнасцей, паводле аб’екта насычэння — матэрыяльныя і духоўныя; эканам., сац. і г.д.; па асноўных відах дзейнасці — пазнавальна-інтэлектуальныя, практычна-пераўтваральныя, камунікатыўныя і інш. Вылучаюць іерархію М. — ад найб. агульных, якія характарызуюць сістэмную накіраванасць развіцця суб’екта, да сітуатыўных, звязаных з задавальненнем прыватных патрэб у кожнай канкрэтнай сітуацыі. М. выконвае сваю функцыю нават тады, калі з’яўляецца неўсвядомленым. Усведамленне М. можа быць адэкватным (мэта) і неадэкватным (матывіроўка). Вывучэнне матывацыйна-зместавай сферы складае асн. праблему псіхалогіі асобы, яе грамадска-гіст. развіцця.

І.​В.​Катляроў.

т. 10, с. 210

МАТЫ́Ў у музыцы,

найменшая самастойная адзінка формы музычнай.

Вызначае маст. вобразнасць і запамінальнасць муз. тэмы. Найб. важныя ў тэматычным матэрыяле М., якія маюць асаблівую муз.-сэнсавую выразнасць і надаюць тэме індывід., характэрныя рысы. Часам М. можа выступаць у ролі тэмы ці тэмы-сімвала (Л.​Бетховен, А.​Скрабін). Звычайна мае адну метрычна моцную долю і не перавышае памер 1 такта. У залежнасці ад тэмпу, памеру і фактуры муз. М. можа падзяляцца на больш дробныя несамаст. ў сэнсавых адносінах канструкцыйныя адзінкі — субматывы, і наадварот злучацца ў больш буйныя фразы і пабудовы. Як інтанацыйнае ядро тэмы М. выконвае істотную функцыю ў яе развіцці. Матыўная структура ўвасабляе лагічную сувязь у структуры твора. У побыце М. называюць мелодыю, напеў, найгрыш.

Т.​А.​Шчэрба.

т. 10, с. 210

МАТЭВАСЯ́Н (Грант Ігнатавіч) (н. 12.2. 1935, с. Ахнідзор, Арменія),

армянскі пісьменнік. Скончыў Ерэванскі пед. ін-т (1962). Друкуецца з 1959. У кнігах аповесцей і апавяданняў «Мы і нашы горы», «Аранжавы табун» (абедзве 1962), «Жнівень» (1967), «Маці едзе жаніць сына», «Жыла зямлі» (абедзве 1973), «Наш бег», «Дрэвы» (абедзве 1978), «Ташкент» (1982), «Гаспадар» (1983) і інш. жыццё сучаснай вёскі, складаны свет чалавечых узаемаадносін, непарыўная сувязь чалавека і прыроды. Яго творам уласцівы паглыблены псіхалагізм і філас. сімволіка, тонкае паэтычнае светаадчуванне, лірызм і гумар. Аўтар п’ес, кінасцэнарыяў. Дзярж. прэмія Арменіі 1983. Дзярж. прэмія СССР 1984. На бел. мову асобныя творы М. пераклалі А.​Васілевіч, У.​Васілевіч, М.​Гіль, М.​Татур, Г.​Шаранговіч, А.​Шарахоўская, Г.​Шупенька.

Тв.:

Бел. пер. — Мы і нашы горы: Аповесці, апавяданні. Мн., 1988;

Рус. пер. — Твой род: Повести и рассказы. М., 1982.

Д.​Гаспаран.

т. 10, с. 210

МАТЭ́ВУШАЎ (Васіль Іванавіч) (19.3.1915, в. Княжыцы Магілёўскага р-на — 6.3.1974),

бел. паэт. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1937). Настаўнічаў, З 1948 працаваў у газ. «Магілёўская праўда», у 1971—74 сакратар Магілёўскага абл. аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Друкаваўся з 1930 (некат. вершы падпісваў псеўд. Васіль Нёман). Аўтар зб-каў вершаў «Магілёўскі шоўк» (1957), «Зорны шлях» (1959), «Сярэбраная кладка» (1965), «Начны дождж» (1969), «Верасы» (1972), кніг нарысаў. У вершах апяваў хараство роднага краю, прыгажосць душы чалавека.

Тв.:

Крынічны луг. Мн., 1976.

т. 10, с. 210

МАТЭ́ЗІУС ((Mathesius) Вілем) (3.8. 1882, г. Пардубіцы, Чэхія — 12.4.1945),

чэшскі мовазнавец. Заснавальнік і прэзідэнт Пражскага лінгвістычнага гуртка (гл. ў арт. Структурная лінгвістыка). Даследаваў агульную лінгвістыку, англ. мову, характаралогію мовы, пад якой разумеў супастаўленне элементаў розных моў для выяўлення тыповых уласцівасцей пэўнай мовы. Адзін з заснавальнікаў функцыянальнай лінгвістыкі. Абгрунтаваў сінхронны падыход да вывучэння мовы («Пра патэнцыяльнасць моўных з’яў», 1911). Распрацаваў тэорыю актуальнага члянення сказа. Аўтар прац «Чэшская мова і агульная лінгвістыка» (выд. 1947), «Функцыянальны аналіз сучаснай англійскай мовы на аснове агульнай лінгвістыкі» (выд. 1961).

Літ.:

Пражский лингвистический кружок. М., 1967.

т. 10, с. 210

МАТЭ́ЙКА ((Matiegka) Індржык) (31.3. 1862, г. Бенешаў, Чэхія — 4.8.1941),

чэшскі антраполаг. У 1918—34 праф. Пражскага ун-та. Заснаваў антрапал. кафедру пры гэтым ун-це, «Музей чалавека» імя А.​Хрдлічкі, час. «Anthropologie» («Антрапалогія», 1923). Аўтар прац па антрапалогіі «Чарапы багемцаў» (1891), «Саматалогія школьнай моладзі» (1927), «Усеагульная навука аб плямёнах» (1929), артыкулаў супраць расісцкіх тэорый. Праца М. «Пршэдмасцкі чалавек» (кн. 1—2, 1934—38), прысвечана апісанню шкілетных рэшткаў людзей позняга палеаліту на тэр. Чэхаславакіі.

т. 10, с. 210

МАТЭ́ЙКА ((Matejko) Ян) (24.6.1838, г. Кракаў, Польшча — 1.11.1893),

польскі мастак; стваральнік нац. гіст. жывапісу. Ганаровы чл. Парыжскай, Берлінскай і Урбінскай АМ. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Кракаве (1852—58; з 1873 яе дырэктар) у В.​Статлера і У.​Лушчкевіча, у АМ у Мюнхене (1858—59) і Вене (1859—60). З 1860 у Польшчы, падтрымліваў паўстанне 1863—64. Ствараў шматфігурныя, поўныя экспрэсіі і нац.-рамант. пафасу карціны, прысвечаныя гісторыі Рэчы Паспалітай, у т. л. бел. зямель. У ранні перыяд сюжэты будаваў на канфліктным супастаўленні вобразаў своекарыслівай шляхты і патрыётаў: «Казанне Скаргі» (1863—64), «Рэйтан — заняпад Польшчы» (1865) і інш. У творах канца 1860—70-х г. услаўляў мінулае Польшчы: «Люблінская унія» (1869), «Стафан Баторый пад Псковам» (1872), «Уздым звона Жыгімонта», «Бітва пад Грунвальдам» (абодва 1878). Работы 1880-х г. вызначаюцца пэўнай пампезнасцю і тэатралізаванасцю: «Пруская прысяга» (1882), «Ян III Сабескі пад Венай» (1883), «Касцюшка пад Рацлавіцамі» (1888) і інш. Аўтар партрэтаў Станчыка (1862), Ю.​Дзітла (1864), М.​Каперніка (1875), К.​Падлеўскага (1882), аўтапартрэтаў (1892 і інш.), цыклаў «Гісторыя цывілізацыі ў Польшчы» (1888—89), «Партрэты польскіх князёў і каралёў» (1890—91), манум. размалёвак у Марыяцкім касцёле ў Кракаве (1889—91) і інш. Зрабіў серыю дакумент. замалёвак (т.зв. «Слоўнік»), частка якіх была выдадзена ў альбоме малюнкаў «Касцюмы ў Польшчы» (1860).

Я.​Матэйка. Аўтапартрэт. 1892.
Я.​Матэйка. Бітва пад Грунвальдам. 1878.

Літ.:

Мытарева К.В. Матейко. Л., 1963;

Островский Г. Ян Матейко. М., 1965;

Стажиньский Ю. Ян Матейко: Пер. с пол. Варшава, 1973.

І.​М.​Каранеўская.

т. 10, с. 210

МАТЭ́ЛЬ (англ. motel скарочанае motorists’hotel),

гасцініца для аўтатурыстаў з рознымі відамі паслуг, станцыямі тэхн. абслугоўвання і палівазаправачнай, гаражамі, стаянкамі.

т. 10, с. 211