РО́ШЧЫН-ІНСА́РАЎ (сапр. Пашэнны) Мікалай Пятровіч
(1861, Ардатаўскі р-н, Мардовія — 20.1.1899),
рускі акцёр. Бацька В.М.Пашэннай. На сцэне з 1883. У 1884—89 працаваў у Т-ры Корша ў Маскве, з 1895 — у Т-ры Салаўцова ў Кіеве. Майстар пераўвасаблення. Сярод роляў: Чацкі («Гора ад розуму» А.Грыбаедава), Васількоў («Шалёныя грошы» А.Астроўскага), Мікіта («Улада цемры» Л.Талстога), Іванаў, Трыгорын («Іванаў», «Чайка» А.Чэхава), Барыс Гадуноў («Смерць Іаана Грознага», «Цар Барыс» А.К.Талстога) і інш.
Літ.:
Дорошевич В.М. Рошин-Инсаров // Дорошевич В.М. Рассказы и очерки. М., 1966.
т. 13, с. 414
РО́ШЭР ((Roscher) Вільгельм Георг Фрыдрых) (21.10.1817, г. Гановер, Германія — 4.6.1894),
нямецкі эканаміст, заснавальнік гістарычнай школы ў палітэканоміі. Праф. Гётынгенскага (з 1843) і Лейпцыгскага (з 1848) ун-таў. У працы «Кароткі нарыс курса палітычнай эканоміі паводле гістарычнага метаду» (1843) прапанаваў метад, згодна з якім эканам. навука грунтавалася на вывучэнні гіст. падзей і растлумачвала эканам. з’явы шляхам пошуку гіст. аналогій; пазней развіў свае ідэі ў працы «Сістэма эканомікі» (т. 1—5, 1854—94). Крытыкаваў законы, распрацаваныя класічнай школай палітэканоміі, якія абгрунтоўваліся пры дапамозе метадаў, аналагічных метадам дакладных навук. У «Тэорыі крызісаў» (1849) узняў праблему перавытворчасці, лічыў, што накапленні павінны павялічвацца паралельна з попытам на тавары і паслугі. Быў прыхільнікам ідэі натуральнай эвалюцыі грамадства, асуджаў практыку рэв. пераваротаў.
т. 13, с. 415
РОШ-ХАША́НА,
іудзейскае свята Новага года. У залежнасці ад штогодняга цыкла Месяца адзначаецца ў пач. верасня або ў пач. кастрычніка. У Бібліі названы «днём трубнага гуку». Магчыма, быў звязаны са святам Месяца, які адзначаўся гукамі труб, што быццам бы адганялі злых духаў. У 1-ы дзень свята іудзеі ідуць да вады (возера, рака і інш.) і сімвалічна кідаюць свае грахі ў ваду, выварочваюць кішэні (т.зв. ташліх). На 2-і дзень у сінагогах праводзяцца асаблівыя богаслужэнні і трубяць у бараноў рог (шофар) для закліку да пакаяння. Кульмінацыя абраду — 10-ы дзень Новага года Іом-Кіпур. Дарослыя іудзеі ў гэты дзень не ядуць і не п’юць, праводзяць яго ў роздуме і малітвах; Бог выносіць прысуд усяму жывому і запісвае ў асобныя кнігі, што чакае кожнага ў наступным годзе залежна ад таго, як пражыў гэты год.
т. 13, с. 414
«РО́ЯЛ ДАТЧ-ШЭЛ ГРУП»
(Royal Dutch-Shell Group),
англа-нідэрландская нафтавая кампанія, адна з найбуйнейшых транснацыянальных нафтавых карпарацый, уваходзіць у Міжнар. нафтавы картэль. Засн. ў 1907 у выніку аб’яднання нідэрл. кампаніі «Роял датч петролеум компані» (1890) і англ. кампаніі «Шэл транспарт энд трэйдынг компані» (1897). Займаецца разведкай і здабычай нафты, газу, вугалю, руд каляровых металаў, перапрацоўкай нафты, вытв-сцю нафта-хім. і хім. прадуктаў. Мае ўласны танкерны флот, 69 нафтаперапрац. з-даў, буйныя нафтахім. камбінаты, 27 н.-д. цэнтраў. Аб’ядноўвае больш за 900 даччыных фірм у 100 краінах свету.
т. 13, с. 415
РО ДЭ У (н. 4.12.1942, каля г. Тэгу, Рэспубліка Карэя),
дзяржаўны і паліт. дзеяч Рэспублікі Карэя. Скончыў Кар. ваен. акадэмію (1955). Ген. арміі. Служыў у паўд.-кар. войсках у В’етнаме ў час в’етн. вайны 1964—73. З 1979 камандуючы Сеульскім гарнізонам, войскамі грамадз. бяспекі. Удзельнік дзярж. перавароту 1979 на чале з Чон Ду Хванам і задушэння паўстання ў г. Кванджу ў 1980. У 1981 міністр па паліт. пытаннях, у 1982 міністр спорту, у 1982—83 міністр унутр. спраў. З 1985 старшыня, з 1987 лідэр Дэмакр. партыі справядлівасці (з 1990 Дэмакр. ліберальная партыя). У 1988—93 прэзідэнт Рэспублікі Карэя. У 1995 арыштаваны і прыгавораны да турэмнага зняволення за хабарніцтва і ўдзел у дзярж. перавароце 1979. У 1998 памілаваны.
т. 13, с. 398