Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,

поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 407

ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,

сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 407

ГРАНІ́ЦА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ,

мяжа дзяржаўная, лінія, якая вызначае межы дзяржаўнай тэрыторыі. Устанаўліваецца на падставе пагаднення паміж сумежнымі дзяржавамі пры дапамозе дэлімітацыі граніц з наступнай дэмаркацыяй граніц. Граніцы дзяржаўныя марскія аддзяляюць тэрытарыяльныя воды дзяржавы ад адкрытага мора ці ад тэр. вод інш. дзяржаў.

т. 5, с. 407

ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.Маркса. Распрацоўвалася У.Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.Вальрасам (Швейцарыя), К.Менгерам, О.Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНА-ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ

(ГДК),

гігіенічны нарматыў, які рэгламентуе забруджванне навакольнага асяроддзя хім. ці радыеактыўным рэчывам і забяспечвае бяспечныя ўмовы жыцця і працы чалавека. Вызначаецца максімальнай колькасцю шкоднага рэчыва (у міліграмах) у адзінцы аб’ёму (паветра, вады ці інш. вадкасці) або масы (напр., харч. прадуктаў), якая пры штодзённым уздзеянні на арганізм на працягу неабмежавана працяглага часу не выклікае паталагічных змен ці захворванняў.

Для высокакумулятыўных рэчываў прадугледжана рэгламентацыя максімальных, разавых і сярэднязменных ГДК у паветры вытв. памяшканняў, сярэднясутачных і максімальных разавых ГДК у паветры населеных пунктаў. Узроўні ГДК аднаго і таго ж рэчыва розныя для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, напр., для свінцу і яго арган. злучэнняў у вадзе вадасховішчаў гаспадарча-пітнога і культ.-быт. прызначэння ГДК — 0,005 мг/л, у паветры рабочай зоны вытв. памяшканняў — 0,01 мг/м³, у атмасферы — 0,007 мг/м³.

Літ.:

Беспамятнов Г.П., Кротов Ю.А. Предельно допустимые концентрации химических веществ в окружающей среде. Л., 1985.

Л.М.Скрыпнічэнка.

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,

максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.

т. 5, с. 407

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр. вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал/га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНЫЯ ВЫ́КІДЫ ў атмасферу, колькаць шкодных рэчываў, якая можа быць выкінута за адзінку часу ў атмасферу без перавышэння ў прыглебавым слоі іх гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Распрацаваны і ўведзены дзярж. стандарты ГДВ, якія ўлічваюць сучасныя гігіенічныя, эканам., экалагічныя патрабаванні і вызначаюць адзіны тэр.-ведамасны падыход да нарміравання і макс. зніжэння шкодных выкідаў. Кантроль крыніц выкідаў і ГДВ ажыццяўляецца на прадпрыемствах.

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

гл. Насычаныя злучэнні.

т. 5, с. 408