Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУЛО́ННЫХ ДА́ХАВЫХ І ГІДРАІЗАЛЯЦЫ́ЙНЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,

галіна будаўнічых матэрыялаў прамысловасці па вытворчасці ўсіх відаў мяккіх дахавых (руберойду, пергаміну, толю і інш.) і гідраізаляцыйных матэрыялаў.

На Беларусі руберойд і пергамін пачалі вырабляць з 1961 на Мінскім камбінаце буд. матэрыялаў (з 1994 адкрытае акц. т-ва «Керамін»), дзе пабудаваны спец. цэх на адну тэхнал. лінію магутнасцю 21 млн. м² за год. У 1973 завершана буд-ва Асіповіцкага кардонна-руберойдавага завода (з 1994 акц. т-ва «Дах») магутнасцю 50 тыс. т дахавага кардону і 125 млн. м² мяккага крыцця за год. Тэхнал. абсталяванне для вырабу кардону пастаўлена фірмай «Фампа» (Польшча), усё астатняе абсталяванне — айч. прам-сцю. Для вырабу кардону выкарыстоўваюць рыззё, макулатуру, драўніну. Адкрытае акц. т-ва «Дах» — прадпрыемства з поўным закончаным тэхнал. цыклам вытв-сці мяккіх дахавых матэрыялаў. На ім асвоены выпуск новых відаў дахавых і гідраізаляцыйных матэрыялаў на аснове бітумнага і бітумна-палімернага кампанентаў (біпалікрын і бікрын) з палепшанымі трываласнымі і эксплуатацыйнымі паказчыкамі. У якасці асновы гэтых матэрыялаў выкарыстоўваюць новыя імпартныя і айч. поліэфірныя і шкляныя палотны, тканіны. Вытв-сць гідрашклоізолу ў Рэспубліцы Беларусь наладжана ў адкрытым акц. т-ве «Гідрашклоізол» (пас. Бронная Гара Бярозаўскага р-на Брэсцкай вобл.). У 1994 уведзена тэхнал. лінія магутнасцю 3 млн. м² за год. Выпушчана 1,45 млн. м² гідрашклоізолу (1998).

М.​Ф.​Грынько.

т. 13, с. 439

РУЛЬЕ́ (Карл Францавіч) (20.4.1814, Ніжні Ноўгарад, Расія — 22.4.1858),

расійскі прыродазнавец, біёлаг-эвалюцыяніст. Скончыў Маскоўскае аддз. Медыка-хірург. акадэміі (1833). З 1840 праф. Маскоўскага ун-та. Навук. працы па геалогіі, палеанталогіі, тэарэт. біялогіі. Адхіляў вучэнне пра нязменнасць відаў, сцвярджаў, што вопыт вывядзення новых парод і акліматызацыя жывёл — ключ для разумення рухальных сіл эвалюцыі. Развіваў ідэі пра адзінства арганізма і ўмоў існавання, даказаў прычынную залежнасць эвалюцыі жывых форм ад змены навакольнага асяроддзя, развіваў дадарвінаўскую матэрыяліст. тэорыю арган. свету. Засн. навук. школу заолагаў-эвалюцыяністаў, распрацаваў праграму даследаванняў па экалогіі жывёл і зоапсіхалогіі.

т. 13, с. 440

РУМ,

найменне Рыма і Рымскай (з 4 ст. н.э. Візантыйскай) імперый у краінах Усходу; у перыяд заваявання М. Азіі сельджукамі ўжывалася як адна з назваў Канійскага султаната (Румскі султанат), у час Асманскай імперыі назва яе еўрап. уладанняў (гл. Румелія).

т. 13, с. 440

РУМА́ЙЛА, Эр-Румайла, Румейла,

нафтавае радовішча ў Іраку, адно з буйнейшых у свеце. Уваходзіць у Персідскага заліва нафтагазаносны басейн. Адкрыта ў 1953, распрацоўваецца з 1958. Паклады на глыб. 2—3,8 км у нафтаносных рыфавых вапняках і пясчаніках мелавога ўзросту. Пачатковыя запасы каля 3,8 млрд. т нафты. Шчыльн. нафты 0,85—0,89 г/см³. Цэнтр здабычы — аднайменны нас. пункт.

т. 13, с. 440

РУМА́К (Мікалай Уладзіміравіч) (1.7.1941, в. Хойна Пінскага р-на Брэсцкай вобл. — 8.7.1995),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р тэхн. н. (1986), праф. (1988). Скончыў БПІ (1965). З 1967 ў Фізікатэхн. ін-це АН Беларусі (з 1990 нам. дырэктара). З 1994 старшыня К-та па навуцы і тэхналогіях Мін-ва адукацыі і навукі Беларусі. Навук. працы па мікраэлектроніцы, распрацоўцы тэхнал. рэжымаў вырабу інтэгральных мікрасхем, тэхналогіі фарміравання кампанентаў і элементаў інтэгральных мікрасхем. Распрацаваў новыя метады стварэння высакаякасных металічных, паўправадніковых і дыэлектрычных слаёў і мікрасхем на структурах метал—дыаксід крэмнію—крэмній. Дзярж. прэмія Беларусі 1984.

Тв.:

Зарядовые свойства МОП-структур. Мн., 1980 (разам з Л.​І.​Гурскім, В.​В.​Куксо);

Диэлектрические пленки в твердотельной микроэлектронике. Мн., 1990 (разам з В.​У.​Хацько);

Процессы саморегулирования при создании многослойных структур (разам з В.​У.​Хацько, С.​С.​Васільевым) // Докл. АН БССР. 1990. Т. 34, №8.

Л.​І.​Гурскі.

М.У.Румак.

т. 13, с. 440

РУМА́ЧЫК (Іван Іванавіч) (24.7.1951, в. Валавель Драгічынскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1998). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1974). З 1974 у Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па пытаннях дыягностыкі, прафілактыкі і мерах барацьбы з туберкулёзам с.-г. жывёлы і птушак.

Тв.:

Микробактериоз свиней. Мн., 1988 (разам з А.​А.​Саланенкам);

Праяўленне алергічных рэакцый у жывёлы ў залежнасці ад кратнасці ўвядзення туберкуліну і тэрмінаў уліку рэакцый // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1994. №1.

т. 13, с. 440

РУМБ (англ. rhumb, ад грэч. rhombos юла, кругавы рух, ромб),

напрамак да пунктаў бачнага гарызонту адносна кірункаў свету або вугал паміж двума такімі напрамкамі. У геадэзіі — вугал паміж мерыдыянам і дадзеным напрамкам, які адлічваецца ад мерыдыяна ў 2 бакі ад 0 да 90°. У марской навігацыі — мера вугла акружнасці гарызонту, падзеленага на 32 Р. (у метэаралогіі — на 16).

Адлік румба ў геадэзіі.

т. 13, с. 440

РУ́МБА (ісп. rumba),

афра-амерыканскі песенна-танц. жанр, а таксама бальны танец. Сучасная Р. склалася на Кубе, з 1920-х г. распаўсюдзілася ў ЗША і Еўропе як эстрадны танец. Муз. памер двух- ці чатырохдольны, рытм вострасінкапіраваны, з акцэнтамі на слабых долях такта, тэмп ад умерана рухомага да хуткага. Уключае спеў саліста, рэплікі хору і ўласна танец, які выконваецца ў пары ці салістам у цэнтры кола гледачоў і музыкантаў.

т. 13, с. 440

РУМЕ́ЛІЯ (тур. Rumeli),

турэцкая назва еўрап. уладанняў Асманскай імперыі. У 15—19 ст. — правінцыя (эялет), якая ўключала тэр. Балканскага п-ва, у 1864—66 падзелена на некалькі вілаетаў назва Р. скасавана з афіц. ўжывання. Паводле рашэнняў Берлінскага кангрэса 1878 створана аўт. правінцыя Усх. Р., якая ў 1885 далучана да Балгарыі. Цяпер часам ужываецца як неафіц. назва еўрап. ч. Турцыі.

т. 13, с. 440

РУ́МІН (Валерый Віктаравіч) (н. 16.8.1939, г. Камсамольск-на-Амуры, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1979, 1980). Герой Венгрыі, Герой Працы В’етнама, Герой Кубы (1980). Лётчык-касманаўт СССР (1977). Канд. тэхн. навук. Скончыў Маскоўскі лесатэхн. ін-т (1966). З 1973 у Цэнтры падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. З 1987 нам. ген. канструктара ракетна-касм. карпарацыі «Энергія». Кіраўнік праграм «Мір—НАСА», «Мір—Шатл» (1994—98), дырэктар праграмы «Міжнар. касм. станцыя» (ад Расіі). Здзейсніў (як бортінжынер) палёты: 9—11.10.1977 з У.​В.​Кавалёнкам на касм. караблі (КК) «Саюз-25»; 25.2—19.8.1979 з У.​А.​Ляхавым на КК «Саюз-32», «Саюз-34» і арбітальнай станцыі (АС) «Салют-6»; 9.4—11.10.1980 з Л.​І.​Паповым на КК «Саюз-35», «Саюз-37» і АС «Салют-6»; 3—12.6.1998 у складзе экіпажа КК «Дыскаверы» (стыкоўка з АС «Мір»). У космасе правёў 371,7 сут. Залаты медаль імя К.​Э.​Цыялкоўскага АН СССР. Дзярж. прэмія СССР 1984.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 440