Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПАДБО́Р у жывёлагадоўлі,

састаўленне бацькоўскіх пар для атрымання патомства пажаданай якасці; прыём паляпшэння парод с.-г. жывёл. Адрозніваюць П. аднародны (гамагенны) і разнародны (гетэрагенны). Пры аднародным П. выкарыстоўваюць вытворнікаў, падобных адзін да аднаго тыпам целаскладу, прадукцыйнасцю і паходжаннем, каб зберагчы і ўзмацніць каштоўныя якасці бацькоў; пры разнародным П. — пары, якія адрозніваюцца па гэтых паказчыках. Адна з форм аднароднага П. — інбрыдзінг (блізкароднаснае спароўванне для атрымання каштоўных племянных жывёл). Гетэрагенны П. служыць для стварэння новага тыпу жывёл (больш якасных), для ліквідацыі ў патомкаў недахопаў, наяўных у бацькоў, узбагачэння спадчыннасці. П. бывае індывід., групавы, індывід.-групавы, у птушкагадоўлі — сямейна-групавы.

т. 11, с. 487

ПАДБО́РШЧЫК,

прычапная машына для падбірання з поля сена, саломы, ільняной трасты і інш. пры ўборцы с.-г. культур.

Падборшчык-капаклад выкарыстоўваецца для падбірання сена або саломы з валкоў і ўкладкі копаў. Рабочыя органы — падборшчык барабаннага тыпу, транспарцёр і камера-капноўшчык. Падборшчык-стогаскладальнік прызначаны для падбірання сена або саломы з валкоў і ўтварэння стога. Мае падборшчык барабаннага тыпу, вентылятар-шпурлялку, прасавальную камеру, падпрасоўваючы апарат. Падборшчык-ушчыльняльнік падбірае з валкоў салому, сена, правяленую траву і грузіць яе ў трактарны прычэп з адначасовым ушчыльненнем масы. Мае барабанны падборшчык, біцер з зубамі, загружальны механізм грабельнага тыпу, загружальны канал. Прэс-падборшчык падбірае з валкоў сена або салому, прасуе іх у цюкі прамавугольнай ці цыліндрычнай формы, абвязвае цюкі шпагатам або дротам Выкарыстоўваецца і ў стацыянарных умовах пры падачы сена (саломы) уручную. Аснашчаны падборшчыкам барабаннага тыпу, двума ўпакоўшчыкамі (механізмамі падачы масы), прасавальнай камерай, вязальным апаратам. Падборшчыкі трасты падбіраюць з рассцеленай на зямлі стужкі льняную трасту або абмалочаную салому і вяжуць яе ў снапы; падборшчык бавоўны падбірае бавоўну-сырэц, якая ўпала на зямлю, і часткова ачышчае яе, збірае ў бункер і перагружае ў трансп. сродак.

В.​М.​Кандрацьеў.

Тэхналагічныя схемы падборшчыкаў: а — прэс-падборшчык сена поршневага тыпу (1 — падборшчык, 2 — загрузчык, 3 — поршань, 4 — вязальны апарат, 5 — механізм ушчыльнення цюка); б — прэс-падборшчык сена барабаннага тыпу (1 — падборшчык, 2 — вязальны апарат, 3 — прасавальны механізм — транспарцёр, 4 — вальцы); в — падборшчык ільносаломы і трасты (1 — падбіральны барабан, 2 — комлепадбівальнік, 3 — Вязальны апарат, 4 — сноп).

т. 11, с. 487

ПАДБУХТО́РВАННЕ,

гл. ў арт. Саўдзельніцтва.

т. 11, с. 487

ПАДБЯРО́ЗАВІК, абабак, бабка, бярозавік,

чорнагаловік (Leccinum scabrum), шапкавы грыб сям. балетавых. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі 4 формы П.: белы, звычайны, ружавеючы, чорны. Трапляецца з чэрв. па вер. у лясах, пераважна пад бярозамі.

Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыям. да 20 см, пукатая, ад белаватай да цёмна-шэрай і амаль чорнай. Ножка белая, цыліндрычная, даўж. да 15 см, з шараватымі або цёмнымі падоўжанымі лускавінкамі. Мякаць белая, шчыльная. Споры верацёнападобныя, гладкія. Ядомы.

Падбярозавік звычайны.

т. 11, с. 487

ПАДБЯРЭ́ЗЬ,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПнЗ ад горада і 8 км ад чыг. ст. Валожын, 95 км ад Мінска. 354 ж., 126 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 488

ПАДБЯРЭ́СКІ (Друцкі-Падбярэзкі) Рамуальд Андрэевіч; 1812 ці 1813, Вільня — 22.10.1856),

бел. і польскі выдавец, публіцыст, фалькларыст. Скончыў Віленскую гімназію (1830). Вучыўся ў Маск. ун-це (1836—40). З 1840 актыўны ўдзельнік бел. гуртка ў Пецярбургу. Падтрымліваў сувязі з рус. славянафіламі, Т.​Шаўчэнкам. З 1847 у Вільні. Сваёй грамадз. дзейнасцю памагаў гуртаваць культ. сілы Беларусі. Выдаваў літ.-навук. альманахі «Rocznik Literacki» («Літаратурны штогоднік», т. 1—4, Пб.; Вільня, 1843—49) і «Pamiętnik naukowo-literacki» («Навукова-літаратурны дзённік», т. 1—2, ч. 1—6, Вільня, 1849—50), у якіх публікаваў бел. аўтараў і матэрыялы, звязаныя з Беларуссю. У друку выступаў з допісамі пра культ. падзеі, водгукамі на творы мастацтва, літ.-крыт. артыкуламі. У арт. «Беларусь і Ян Баршчэўскі» (прадмова да т. 1 кн. Я.​Баршчэўскага «Шляхціц Завальня...», 1844) з дэмакр. пазіцый характарызаваў бел. л-ру 1-й пал. 19 ст. і ўпершыню вызначыў рысы яе народнасці. Аўтар фальклорна-этнагр. нарыса «Беларускае вяселле» (1848); «Лістоў з Беларусі» (1844). Выдаў зб. Т.​Лады-Заблоцкага «Паэзія» (1845), апублікаваў «Дыярыуш» С.​Бельскага (1842). Вывучаў помнікі старажытнасці і гісторыі Беларусі. На польскую мову пераклаў «Каўказскага палонніка» А.​Пушкіна, «Апавяданні маларасіяніна» П.​Куліша, рус. нар. казкі і інш. У 1850 за антыўрадавую літ. дзейнасць арыштаваны і высланы ў Архангельскую губ., дзе і памёр.

Тв.:

Antoni Abramowicz — muzyk // Rocznik Literacki. 1846. T. 3.

Літ.:

Пачынальнікі. Мн., 1977;

Варановіч С. [Александровіч С.]. Р.​Друцкі-Падбярэскі // Беларусь, 1958. № 11;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 27—40;

Каханоўскі Г. Лёс Рамуальда Падбярэскага // ЛіМ. 1976. 6 жн ;

Inglot M. Polskie czasopisma literackie ziem litewsko-ruskich w latach 1832—1851. Warszawa, 1966.

У.​І.​Мархель.

т. 11, с. 488

ПАДБЯРЭ́СКІЯ,

шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 488

ПАДВАЯВО́ДА,

службовая асоба ў мясц. адміністрацыі ВКЛ у 15—18 ст., намеснік ваяводы. Звычайна кіраваў дваром ваяводы (адсюль другая яго назва — каморнік ваяводскі), назіраў за гандлем і спаганяў падаткі з гандл. заняткаў. У ваяводствах ВКЛ, за выключэннем Брэсцкага і Мінскага, лічыўся земскім чыноўнікам і па даручэнні ваяводы замяняў яго ў судзе ваяводства. Кантраляваў наяўнасць і сапраўднасць эталонаў мер і вагі на тэр. ваяводства, аб’язджаў гарады, кантралюючы мясц. гандаль. Пасада П. давала магчымасць атрымліваць грашовыя прыбыткі, на яе заўсёды было шмат жадаючых, але вял. значэння яна не мела.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́ДАМАСНАСЦЬ,

размежаванне кампетэнцыі паміж рознымі органамі дзярж. улады і кіравання, якое вызначае сферу дзейнасці кожнага з іх. Напр., у Рэспубліцы Беларусь размежаванне кампетэнцыі агульных і гасп. судоў; у Рас. Федэрацыі размежаванне прадметаў ведання паміж федэральнай уладай і суб’ектамі федэрацыі.

т. 11, с. 488

ПАДВЕ́Й (Eriophorum),

род кветкавых раслін сям. асаковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў халодным, умераным і часткова субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 4 віды. Найб. вядомыя П.: похвенны (Evaginatum), шматкаласковы (E. polystachyon), шыракалісты (E. latifolium). Трапляюцца на балотах, у забалочаных лясах, па берагах зарослых азёр.

Шматгадовыя травяністыя расліны выш. да 1 м з паўзучым ці пакарочаным карэнішчам. Сцёблы трохгранныя або цыліндрычныя. Лісце лінейнае. Кветкі ў шарападобных каласках або ў парасонападобных суквеццях. Калякветнік са шматлікіх белых, радзей рыжаватых валаскоў, якія пасля цвіцення падаўжаюцца і ўтвараюць пры пладах т.зв. пухоўку. Плод — арэшак. Торфаўтваральнікі. Зімуюць у зялёным стане; ранневеснавы корм для аленяў, ласёў.

Падвей: 1 — похвенны; 2 — шматкаласковы.

т. 11, с. 488