Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́РМЫ САЦЫЯ́ЛЬНЫЯ прадпісанні, агульнапрызнаныя правілы, прынцыпы, узоры паводзін або дзеянняў індывідаў ці груп у грамадстве. Адлюстроўваюць пазітыўныя (прадпісанні) і негатыўныя (забарона) характарыстыкі дзеянняў. На аснове Н.с. забяспечваюцца ўпарадкаванасць, рэгулярнасць сац. ўзаемадзеянняў індывідаў і груп. Паўтаральнасць сац. узаемадзеянняў дае магчымасць індывідам прадбачыць дзеянні іншых удзельнікаў грамадскіх адносін і паводзіць сябе адпаведна. Мараль і права — найб. важныя сферы нарматыўнай рэгуляцыі паводзін і дзеянняў суб’ектаў грамадскіх адносін (гл. Норма права, Нормы маральныя). Н.с. бываюць універсальныя (датычаць кожнага індывіда ў грамадстве) і прыватныя (датычаць пэўнай сферы дзейнасці, статуснай пазіцыі, сац. ролі і інш.), а таксама неразвітыя, «мёртванароджаныя», нормы-фікцыі і нормы-фантомы. Адрозніваюць Н.с. паводле спосабу фіксацыі (фармальныя і нефармальныя, вусныя і пісьмовыя), ступені абагульненасці (узоры пэўнага дзеяння або агульныя прынцыпы дзейнасці), універсальнасці дзеяння (спецыфічныя або агульназначныя правы і абавязкі). Выкананне Н.с. забяспечваецца шляхам іх інтэрналізацыі (ператварэнне знешніх патрабаванняў ва ўласную звычку, патрэбу), якая адбываецца ў працэсе сацыялізацыі індывіда або за кошт інстытуцыялізацыі (уключэнне ў структуру грамадства) і сац. кантролю. Нарматыўная рэгуляцыя бывае традыцыйнай, калі крытычныя адносіны да Н.с., прынятых у дадзеным грамадстве, недапушчальныя або праследуюцца санкцыямі, і рацыянальнай, калі развіццё і абгрунтаванне новых Н.с. становіцца важнай задачай. Новыя Н.с. павінны адпавядаць аб’ектыўным умовам развіцця эканомікі, навукі, грамадства і інш. Адсутнасць або знікненне Н.с. наз. анаміяй (паводле Э.Дзюркгейма), іх парушэнне — дэвіяцыяй (гл. Дэвіянтныя паводзіны).

Літ.:

Бобнева М.И. Социальные нормы и регуляция поведения. М., 1978;

Плахов В.Д. Социальные нормы: Филос. основания общей теории. М., 1985;

Пеньков Е.М. Социальные нормы: основания общей теории. М., 1985.

Р.Ч.Лянькевіч.

т. 11, с. 378

НО́РНЫЯ САБА́КІ,

група парод паляўнічых сабак, якія выкарыстоўваюцца для палявання на жывёл, што хаваюцца ў норах (лісоў, барсукоў, янотападобных сабак і інш.). Гоняць звера па ходах нары, забіваюць яго там або выганяюць пад выстрал паляўнічага. У якасці Н.с. выкарыстоўваюцца вельштэр’ер, таксы, фокстэр’еры, лэйклендтэр’ер, ням. паляўнічы, або ягдтэр’ер, скайтэр’ер, чэш. тэр’ер, шатл., або скотчтэр’ер, і некат. інш. тэр’еры. Таксама могуць высочваць дзічыну, знаходзіць і прыносіць падстрэленую дзічыну на зямлі і ў вадзе, браць след і заганяць звера, працаваць па крывавым следзе, выкарыстоўваюцца ў паляванні на дзікоў (найб. буйныя); знішчаюць пацукоў у гасп. памяшканнях. Гл. таксама іл. да арт. Дэкаратыўна-пакаёвыя сабакі.

Норныя сабакі: 1 — лэйклендтэр’ер; 2 — ягдтэр’ер; 3 — скайтэр’ер; 4 — чэшскі тэр’ер.

т. 11, с. 379

НОРС ((North) Дадлі) (16.5.1641, Лондан — 31.12.1691),

англійскі купец, тэарэтык-эканаміст. У 1660—85 шэрыф у Лондане, пазней чл. камісіі па зборы мытных пошлін. У працы «Разважанні аб гандлі, пераважна аб працэнце, манетнай сістэме, скарачэнні і павелічэнні грошай» (1691) выступіў з крытыкай меркантылізму. Сцвярджаў, што багацце краіны вызначаецца не запасамі золата і серабра, а развіццём прам-сці, сельскай гаспадаркі і міжнар. гандлю, што ўзровень прыбытку залежыць ад попыту і прапановы. Выступаў за свабоду гандлю, супраць дзярж. ўмяшання ў эканам. жыццё. Лічыў капіталіст. развіццё грамадства натуральным працэсам.

т. 11, с. 379

НО́РТРАП ((Northrop) Джон Хоўард) (5.7.1891, г. Іонкерс, ЗША — 27.5.1987),

амерыканскі біяхімік, адзін з заснавальнікаў прыкладной энзімалогіі. Чл. Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1949). Скончыў Калумбійскі ун-т (1912). У 1915—62 у Ракфелераўскім ін-це мед. даследаванняў. Працаваў таксама ў Гарвардскім, Калумбійскім, Іельскім, Прынстанскім, Каліфарнійскім ун-тах. Навук. працы па хіміі ферментаў. Вылучыў у крышт. форме ферменты: хіматрыпсін, пепсін і трыпсін, а таксама адзін з вірусаў і дыфтэрыйны антытаксін. Даказаў бялковую прыроду ферментаў. Нобелеўская прэмія 1946 (разам з У.М.Стэнлі і Дж.Б.Самнерам).

Дж.Нортрап.

т. 11, с. 379

НО́РФАЛК (Norfolk),

уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах. ч. Ціхага ак. Пл. 36 км2. Нас. 2,2 тыс. чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

т. 11, с. 379

НО́РФАЛК (Norfolk),

горад на Пд ЗША, у штаце Віргінія. Засн. ў 1682. 233,4 тыс. ж., з суседнімі гарадамі Віргінія-Біч, Портсмут, Ньюпарт-Ньюс, Хэмптан і агульнымі прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1998). Гандл. і ваен. порт у зал. Хэмптан-Родс (буйнейшы па вывазе каменнага вугалю). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднабуд., суднарамонтная, аўтазборачная, хім., цэм., харчовая. 2 ун-ты. Гал. ваенна-марская база ЗША на Атлантычным узбярэжжы.

т. 11, с. 379

НО́РЧЭПІНГ (Norrköping),

горад на ПдЗ Швецыі. Засн. ў 14 ст. Каля 130 тыс. ж. (1998). Порт пры ўпадзенні р. Мутала ў Балтыйскае м. Вузел чыгунак і аўтадарог. Аэрапорт. Адзін са старэйшых прамысл. цэнтраў краіны. Прам-сць; эл.-тэхн., радыёэлектронная, хім., папяровая.

т. 11, с. 379

НО́РЫ жывёл,

часовыя або пастаянныя сховішчы ў выглядзе рознага тыпу хадоў і камер, зробленых жывёламі ў глебе, драўніне, адкладах вадаёмаў і інш. субстратах.

Адрозніваюць Н. асн., або гнездавыя (для хавання ад непагоды, драпежнікаў, для запасаў корму, як месцы размнажэння і вырошчвання маладняку), і дапаможныя, або часовыя (могуць выконваць адну з функцый асн. Н.). Найб. складаныя па будове і працягласці (да соцень метраў) — Н. млекакормячых, найб. простыя — у птушак, паўзуноў, земнаводных, беспазваночных. Складаная сістэма хадоў, што ўтвараюць насякомыя (шашалі і інш.), уяўляе сабой у асн. кармавыя галерэі. Некат. жывёлы з пакалення ў пакаленне паглыбляюць і перабудоўваюць Н. (т.зв. «гарадкі»). Часта Н. адных жывёл выкарыстоўваюцца іншымі.

Норы жывёл: 1 — гнаевіка звычайнага; 2 — яшчаркі порсткай; 3 — сусліка рабога; 4 — ластаўкі берагавой; 5 — барсука.

т. 11, с. 380

НО́РЫДЖ (Norwich),

горад на ПдУ Вялікабрытаніі, на р. Уэнсем. Адм. ц. графства Норфалк. Каля 125 тыс. ж. (1998). Трансп. вузел. Прам-сць: абутковая (гал. цэнтр краіны), маш.-буд., паліграф., харчовая. Ун-т. Музеі. Раманска-гатычны сабор (11—15 ст.), замак (12 ст.), фрагменты гар. муроў канца 13 — пач. 14 ст.

т. 11, с. 380

НО́РЫШ ((Norrish) Рональд Джордж Рэйфард) (9.11.1897, г. Кембрыдж, Вялікабрытанія — 7.6.1978),

англійскі фізікахімік. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1936). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1925), дзе і працаваў (з 1937 праф.). Навук. працы па кінетыцы хім. працэсаў у газавай фазе (фотахім., дэтанацыя). Распрацаваў метад даследавання быстрых хім. рэакцый і іх кароткажывучых прадуктаў (метад імпульснага фатолізу), стварыў устаноўку імпульснага фатолізу (разам з Дж. Портэрам; 1950), што дазволіла атрымаць спектры паглынання многіх простых свабодных радыкалаў, даследаваць механізм іх ператварэнняў, даказаць існаванне быстрых рэкамбінацыйных працэсаў. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Портэрам, М.Эйгенам).

Р.Норыш.

т. 11, с. 380