НО́РФАЛК (Norfolk),

уладанне Аўстраліі на аднайм. востраве ў паўд.-зах. ч. Ціхага ак. Пл. 36 км2. Нас. 2,2 тыс. чал. (1996), пераважна англа-палінезійскія метысы (нашчадкі перасяленцаў з в-ва Піткэрн), а таксама нядаўнія перасяленцы з Аўстраліі і Новай Зеландыі. Афіц. мова — англійская. Вернікі пераважна англікане. Больш за палавіну насельніцтва звязана з абслугоўваннем турыстаў. Адм. ц. і порт — пасёлак Кінгстан. Востраў вулканічнага паходжання. Паверхня — невысокае базальтавае плато. На Пн горны масіў выш. да 317 м. Клімат субтрапічны. Т-ра паветра ад 20 °C у ліп. да 24 °C у студзені. За год выпадае 1300 мм ападкаў. Часткова захаваліся эндэмічныя расліны: норфалкская хвоя, вечназялёныя цвердалістыя дрэвы і хмызнякі. Больш як палавіна тэр. вострава пад садамі, палямі, лугамі. Аснова эканомікі — абслугоўванне турыстаў. Частка насельніцтва займаецца земляробствам (цытрусавыя, бананы, кава, бульба, батат, ямс, агародніна), малочнай жывёлагадоўляй, птушкагадоўляй, рыбалоўствам. Невял. прадпрыемствы харч. прам-сці. Востраў звязаны рэгулярнымі рэйсамі суднаў і самалётаў з Аўстраліяй і Новай Зеландыяй, ёсць аэрапорт і 80 км аўтадарог. Аснова экспарту — насенне мясц. эндэмічных раслін, кава, бананы. Грашовая адзінка — аўстралійскі долар.

т. 11, с. 379

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)