Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«ГРАНД-АПЕРА́»

(Grand Opéra),

гл. Парыжская опера.

т. 5, с. 406

ГРАНД-КА́НЬЁН

(Grand Canyon),

нацыянальны парк у ЗША, штат Арызона. Засн. ў 1908, да 1919 — нац. помнік. Пл. 493 тыс. га. Створаны з мэтай аховы і рэкрэацыйнага выкарыстання унікальнага прыроднага ўтварэння — цясніны р. Каларада працягласцю да 320 км, глыб. да 1800 м, выпрацаванай у тоўшчы вапнякоў, пясчанікаў і сланцаў. На дне цясніны — тыповы пустынны мексіканскі ландшафт: разнастайныя кактусы, агавы, юкі; на плато Кайбаб — хвойныя лясы. У фауне 60 відаў млекакормячых (у т. л. занесеныя ў Міжнар. Чырв. Кнігу кайбабская белахвостая вавёрка), 100 відаў птушак, 25 відаў паўзуноў і земнаводных. Турызм.

т. 5, с. 406

ГРАНД-КУ́ЛІ

(Grand Coulee),

каньён на Пн Калумбійскага плато на ПнЗ ЗША. Даўж. каля 70 км, шыр. 2,5—7 км, глыб. да 270 м. Адкрываецца ў даліну р. Калумбія каля г. Гранд-Кулі. Утвораны патокамі вады ледавікоў, у тоўшчы базальтаў. Рэчышча ў асноўным сухое, месцамі знаходзяцца прэсныя ці саленаватыя азёры. Каля Гранд-Каньёна на р. Калумбія — аднайм. ГЭС з вадасховішчам.

т. 5, с. 406

ГРАНД-РА́ПІДС

(Grand Rapids),

горад у ЗША, на р. Гранд-Рывер, штат Мічыган. Каля 200 тыс. ж., з прыгарадамі каля 800 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: мэблевая, металаапр., маш.-буд. (у т. л. станкаінструментальная, радыёэлектронная, аўтамаб.), харч., хім. Ун-т.

т. 5, с. 406

ГРАНД-РА́ПІДС

(Grand Rapids),

Сідар, вадасховішча ў Канадзе, на р. Саскачэван. Пл. 3495—4100 км², аб’ём 11,1 км³, даўж. 175 км. Створана ў 1965 у мэтах энергетыкі.

т. 5, с. 406

ГРАНЕ́ННЕ,

тэхніка апрацоўкі паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў, каляровага і бясколернага шкла, хрусталю для ювелірных і тэхн. мэт, хрустальнага посуду (гл. Гранільная справа).

На Беларусі граненне шкла і хрусталю вядома з 18 ст. на мануфактурах ва Урэччы (Любанскі р-н) і Налібаках (Стаўбцоўскі р-н), у Крычаве, Ушаках (Чэрыкаўскі р-н), Ільі (Вілейскі р-н), Гродне і інш. Для дэкарыравання посуду выкарыстоўвалі розныя віды гранення: «у брыльянт», «зоркі», «ромбы», «сценкі» і інш. Граненнем карысталіся пры апрацоўцы люстэркаў, пры вырабе асвятляльнай арматуры з хрусталю. Цяпер на з-дах найб. папулярнае граненне — «алмазнае» і «шырокая грань».

М.М.Яніцкая.

т. 5, с. 406

ГРАНІ́ЛЬНАЯ СПРА́ВА,

апрацоўка паверхні прыродных і сінт. мінералаў-самацветаў і шкла для ювелірных і тэхн. мэт. Уключае працэсы рэзкі, абдзіркі, стварэння граней, паліраванне. Робіцца на спец. (у т. л. гранільных) станках з дапамогай алмазнага інструменту, паліравальных парашкоў і розных прыстасаванняў.

Зыходная сыравіна для вырабу ювелірных камянёў (уставак, пацерак, падвесак і да т.п.) — самацветы з высокім (больш за 1,54) паказчыкам пераламлення святла (пераважна алмазы), вырабныя каляровыя камяні прыгожых расфарбовак і натуральнага малюнка, бясколернае і афарбаванае шкло (празрыстае, без унутр. дэфектаў, якое імітуе аграначныя самацветы). Выраб брыльянтаў уключае распілоўку алмаза на часткі, абточванне па форме, агранку. Гатовыя брыльянты класіфікуюць і ацэньваюць. Мінералы-самацветы таксама распілоўваюць, ім надаюць папярэднюю форму, наносяць грані, паліруюць. Гранільная справа вядомая з 3-га тыс. да н.э. (Стараж. Егіпет, Месапатамія). Значнае развіццё пачалося з вынаходства ў 1456 у Галандыі гранільнага станка, які даў магчымасць рабіць найб. дасканалы від агранкі — брыльянтавую. У 19 і 20 ст. гранільная справа механізуецца, з’явіліся дасканалыя станкі, прыстасаванні і інструменты.

На Беларусі апрацоўкай алмазаў займаецца прадпрыемства «Крышталь» (Гомель). Гл. таксама Алмазная прамысловасць, Граненне.

т. 5, с. 406

ГРА́НІН Данііл Аляксандравіч

(сапр. Герман; н. 1.1.1919, в. Валынь Курскай вобл., Расія),

рускі пісьменнік. Скончыў Ленінградскі політэхн. Ін-т (1940). Аўтар раманаў «Шукальнікі» (1954, экран. 1957), «Пасля вяселля» (1958, экран. 1963), «Іду на навальніцу» (1962, экран. 1966), «Карціна» (1980, экранізаваны), «Уцёкі ў Расію» (1994), аповесцей «Перамога інжынера Корсакава» (1949), «Яраслаў Дамброўскі» (1951), «Асабістая думка» (1956), «Нехта павінен» (1970), «Дождж у чужым горадзе» (1973, экран. 1979), «Зваротны білет» (1976), «Яшчэ прыкметны след» (1984), «Зубр» (1987, пра біёлага М.У.Цімафеева-Расоўскага). Асн. тэма яго твораў — рамантыка навук.-тэхн. творчасці, маральна-псіхал. праблемы навук. інтэлігенцыі; у цэнтры ўвагі пісьменніка людзі, якія маюць сваю думку і бяруць адказнасць за ўсе свае ўчынкі. Пісаў дакумент. прозу (кн. «Клаўдзія Вілор», 1976; Дзярж. прэмія СССР 1978; «Блакадная кніга», ч. 1—2, 1977—81, з А.Адамовічам), нарысы, апавяданні, кінасцэнарыі.

Тв.:

Собр. Соч. Т. 1—5. Л., 1989—90.

Літ.:

Финк Л. Необходимость Дон Кихота: Книга о Д.Гранине. М., 1988.

т. 5, с. 406

ГРАНІ́Т

(італьян. granito літар. зярністы),

магматычная поўнакрышт. горная парода, багатая крэменязёмам. Адна з найб. пашыраных у зямной кары кантынентаў. Складаецца ў асноўным з кварцу, каліевага палявога шпату (артаклаз, мікраклін), кіслага плагіяклазу і слюды (біятыт, мускавіт). Структура раўнамерназярністая ці парфірападобная. Тэкстура масіўная. Колер ружовы, шэры, жоўты, белаваты, зеленаваты. Шчыльн. 2530—2720 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Існуюць 2 генет. групы граніту: магматычныя, якія ўзніклі ў працэсе крышталізацыі (расплавы) і ўтвораныя ў працэсе гранітызацыі. Адрозніваюць уласна граніт (10—60% плагіяклазу), гранадыярыт (65—90%) і плагіяграніт (больш за 90%). На Беларусі граніт пашыраны сярод парод крышт. фундамента. Выкарыстоўваецца як буд. і абліцовачны матэрыял.

У.Я.Бардон.

т. 5, с. 407

«ГРАНІ́Т»,

кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял. Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач. Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 км чыг. пуці, 619 км тэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».

У.І.Лемяшонак.

т. 5, с. 407