Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ТА́БЕ́Т Антуан Жорж (13.6.1907, г.Бхамдун, Ліван — 16.5.1964),

ліванскі архітэктар, грамадскі дзеяч, публіцыст. Скончыў вышэйшую інж. школу ў Бейруце (1927), АМ у Парыжы, дзе вучыўся ў А.Перэ. У сваіх пабудовах Т. кіраваўся прынцыпамі сучаснай еўрап. архітэктуры, увасабляў іх з улікам кліматычных умоў Лівана: «Каледж мудрасці» (1938), група жылых дамоў у раёне Хазміі (1960) у Бейруце і інш. У 1949 старшыня Ліванскага савета міру, з 1950 чл. і Прэзідыума Сусв. Савета Міру. Міжнар. I Ленінская прэмія «За ўмацаванне міру паміж народамі» 1961.

Літ.:

Табет М., Табет Ж. Антуан Табет: Пер. с фр. М., 1968.

т. 15, с. 366

ТАБІ́ДЗЕ Галакціён Васілевіч (18.11.1892, с. Чквіісі, Грузія — 17.3.1959),

грузінскі паэт. Нар. паэт Грузіі (1933). Акад. АН Грузіі (1944). Вучыўся ў Тыфліскай духоўнай семінарыі (1908—10). Друкаваўся з 1908. У зб. вершаў «Артыстычныя кветкі» (1919) адчувальны ўплыў сімвалізму. Аўтар паэм «Джон Рыд» (1924), «Эпоха» (1930), «Акакій Цэрэтэлі» (1940), зб-каў вершаў «Радзіма — жыццё маё» (1943), «Сто вершаў» (1959), паэт. трактата «Гутарка пра лірыку» (1940). На бел. мову яго асобныя вершы пераклалі У.​Карызна, В.​Сёмуха.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Анталогія грузінскай паэзіі. Мн., 1989. Т. 2;

Рус. пер. — Полвека: Стихи и поэмы. Тбилиси, 1959;

Стихотворения. Л., 1983.

Літ.:

Маргвелашвили Г. Г.​Табидзе. Тбилиси, 1973.

т. 15, с. 366

ТАБІ́ДЗЕ Тыцыян Юстынавіч (2.4.1895, с. Шуамта Ванскага р-на, Грузія — 16.12.1937),

грузінскі паэт. Скончыў Маскоўскі ун-т (1917). Друкаваўся з 1912. Адзін з заснавальнікаў групы груз. сімвалістаў «Блакітныя рогі» (1915). Пазней пазбавіўся ўплыву сімвалізму. Роздумам пра жыццё адзначаны яго вершы «Радзіма», «Тбіліская ноч». Аўтар паэм «Руаль Амундсен», «Рыён-Порт», «На франтах», «1918 год» (усе 1928), зб-каў «Вершы» (1933), нарысаў «Сэрцам да сэрца» (1934). На бел. мову асобныя вершы перакладаў М.​Лужанін.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.: Анталогія грузінскай паэзіі. Мн., 1989. Т. 2;

Рус. пер. — Стихотворения и поэмы. М.; Л., 1964.

Літ.:

Цурикова Г. Т.​Табидзе. Л., 1971.

Г.В.Табідзе.

т. 15, с. 366

ТАБЛІ́ЦА (польск. tablica ад лац. tabula дошка),

пералік звестак, лічбавых даных, прыведзеных у пэўную сістэму і разнесеных па графах (клетках). Клеткі ўтвораны ад перасячэння гарыз. радкоў і верт. калонак, у іх размешчаны лічбавыя даныя, змест якіх раскрываецца загалоўкам суадноснага радка, напр., табліцы матэматычныя.

т. 15, с. 367

ТАБЛІ́ЦЫ МАТЭМАТЫ́ЧНЫЯ,

сукупнасць значэнняў пэўнай функцыі для некаторых значэнняў яе аргументаў. Асн. характарыстыкі: ступень дакладнасці (4, 5 і больш знакаў у значэннях функцыі), дыяпазон значэнняў аргументаў і крок (рознасць паміж суседнімі значэннямі аргументаў). Для прамежкавых значэнняў аргументаў значэнні функцый знаходзяць з дапамогай інтэрпаляцыі і экстрапаляцыі (лінейнай ці квадратычнай). Выкарыстоўваюцца як дапаможны выліч. сродак пры разліках у матэматыцы, астраноміі, тэхніцы і інш.

Некаторыя Т.м. (табліцы здабыткаў натуральных лікаў, іх квадратаў, кубаў і інш.) з’явіліся ў Вавілоне за 2 тыс. г. да н.э. Першыя табліцы трыганаметрычных функцый складзены ў Стараж. Грэцыі Пталамеем (2 ст.), дзе прыведзены даўжыні хордаў, што адпавядаюць дугам ад 0 да 180° з крокам 30′. Вядомыя таксама табліцы трыганаметрычных функцый, складзеныя у 5—11 ст. арабскімі, сярэднеазіяцкімі і індыйскімі вучонымі. У Еўропе Т.м. пачалі з’яўляцца ў 15 ст. У 7-значных табліцах Рэгіямантана, дзе выкарыстоўвалася дзесятковая сістэма лічэння, праведзены значэнні сінуса з крокам 1′. Вылічвалі і выдавалі Т.м. таксама М.Капернік (1543), І.Кеплер (1604). І.Ньютан (1658) і інш. Табліцы натуральных лагарыфмаў вылічаны Дж.Неперам (1614) і блізкія да іх табліцы — І.​Бюргі (1620); табліцы дзесятковых лагарыфмаў — Г.Брыгсам (1617). У 18—19 ст. з’явіліся табліцы спец. функцый: дзесятковых лагарыфмаў гама-функцыі (К.Ф.Гаўс; 1813), дзесятковых лагарыфмаў поўных эліптычных інтэгралаў (А.М.Лежандр; 1816), цыліндрычных функцый (Ф.​В.​Бесель; 1826, Э.​Ломель; 1868) і інш. З развіццём выліч. тэхнікі ў 20 ст. пачалі вылічваць і выпускаць у асн. высокадакладныя (да 30 і больш знакаў) табліцы спец. і інш. класаў функцый, аднак пры гэтым значэнне Т.м. значна зменшылася. Існуюць таксама Т.м. інтэгралаў, функцый, ураўненняў і інш. матэм. аб’ектаў.

Літ.:

Крылов В.И., Лугин В.В., Янович Л.А. Таблицы для численного интегрирования функций со степенными особенностями... Мн., 1963;

Брадис В.М. Четырехзначные математические таблицы. 44 изд. М., 1973;

Градштейн И.С., Рыжик И.М. Таблицы интегралов, сумм и произведений. М., 1962.

Л.​А.​Яновіч.

т. 15, с. 367

ТАБЛО́ (франц. tableau літар. — карціна),

шчыт са светлавымі сігналамі, надпісамі, якія перадаюць пэўную інфармацыю. Ужываецца ў дыспетчарскай службе, на стадыёнах і спарт. пляцоўках (для аб’яўлення вынікаў спаборніцтваў), у рэкламнай. канцэртнай і інш. дзейнасці.

т. 15, с. 367

ТА́БМЕН (Tubman) Гарыет (каля 1820, Бактаўн, ЗША — 10.3.1913),

гераіня негрыцянскага народа, змагар за ліквідацыю рабства ў ЗША. Нарадзілася ў сям’і раба. Каля 1849 збегла ад рабаўладальніка, далучылася да абаліцыянісцкага руху (гл. Абаліцыянізм). Асабіста дапамагла вызваліцца з рабства больш за 300 чал. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 у арміі Поўначы: мед. сястра, разведчыца; арганізавала партыз. брыгаду, якая дзейнічала ў паўд. штатах. Пасля вайны змагалася супраць расавай дыскрымінацыі і прыгнятання неграў, выступала ў абарону правоў жанчын.

т. 15, с. 367

ТАБО́ГАН,

сані без палазоў у індзейцаў Паўн. Амерыкі. Уяўлялі сабой некалькі дошак, змацаваных папярочкамі і рамянямі, з загнутым перадком; па баках нацягнута шкура або бяроста. Перасоўваліся ўручную або з дапамогай сабак. Як від спорту вядомы з пач. 20 ст.

т. 15, с. 367

ТАБО́Л,

рака ў Казахстане і Расіі, левы прыток р. Іртыш (бас. р. Об). Даўж. 1591 км, пл. бас. 426 тыс. км². Верхняе цячэнне па Тургайскім плато, сярэдняе і ніжняе па Зах.-Сібірскай раўніне. Асн. прытокі: Ісець, Тура, Таўда (злева), Убаган (справа). У нізоўях ледастаў з кастр.—ліст., у вярхоўях — з ліст. да сярэдзіны мая. Разводдзе ў вярхоўях з 1-й пал. крас. да сярэдзіны чэрв., у нізоўях — да пач. жніўня. Сярэдні расход вады каля с. Ліпаўскае 838 м³/с. Рэгулярнае суднаходства ў вярхоўях (105 км) і ад вусця р. Тура (255 км). Сплаўная. На Т. — гарады Лісакоўск, Рудны, Кустанай (Казахстан), Курган, Ялутараўск (Расія).

т. 15, с. 367

ТАБО́ЛІЧ Марыя Яўгенаўна (н. 1.5.1957, в. Тартак Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. мастак. Жонка Р.Ф.Таболіча. Скончыла Бел. тэатр.маст. ін-т (1981). З 1981 у вытв. майстэрнях Бел. саюза мастакоў у Магілёве, у 1995—97 заг. маст. аддзялення Магілёўскага вучылішча культуры, у 2000—02 дырэктар прыватнай маст. галерэі. Працуе ў галіне станковага жывапісу. Аўтар тэматычных карцін «Адпачынак» (1980), «Свята» (1981), «Нашчадкі» (1982), «Ліхалецце», «Мацярынства» (абедзве 1984), «Вёсны маёй Радзімы» (1985), «У нядзелю» (1989), «Вобразы. Прысвячаецца М.​Багдановічу» (1991), «Магілёўскія друкары Вашчанкі» (1992), «Песня» (1997), нацюрмортаў з ручніком (1989), з васількамі (1990), з сухімі кветкамі (1993), з рыбай (1994). Сярод інш. твораў: «Наталля» (1996), «Кампазіцыя» (1997), «Ноч», «Лёсы» (абодва 1998). Творчасць адметная лірызмам, мажорнасцю колеравага вырашэння, пошукам новых сродкаў выразнасці.

М.Таболіч. Ноч. 1998.

т. 15, с. 367