Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

СЁМЫ З’ЕЗД КП(б)Б [XII канферэнцыя КП(б)Б]. Адбыўся 20—26.3.1923 у Мінску. Прысутнічалі 154 дэлегаты з рашаючым і 115 з дарадчым голасам ад 3850 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦБ КП(б)Б

(В.​А.​Багуцкі),

Рэвіз. камісіі КП(б)Б (Л.​М.​Бунін), Кантрольнай камісіі (А.​Х.​Гетнер), ЦК КСМБ (М.​Б.​Кузенец); арганізацыя дзярж. прам-сці (А.​С.​Карпешын), нац. момант у дзярж. і парт. буд-ве (А.​Р.​Чарвякоў), падатковая палітыка ў вёсцы (В.​А.​Нодэль), аб кааперацыі (А.​С.​Славінскі), аб арганізац.-выхаваўчай рабоце (І.​А.​Вайнер); выбары кіруючых органаў і дэлегатаў на XII з’езд РКП(б). У ходзе з’езда ў парадак яго работы дадаткова ўключаны даклад ЦК РКП(б) (П.​М.​Кержанцаў).

З’езд ухваліў дзейнасць КП(б)Б ва ўмовах новай эканамічнай палітыкі (нэпа), адзначыў, што асновай пралетарскай дыктатуры з’яўляецца дзярж. прамысловасць, таму асн. ўвага павінна аддавацца развіццю цяжкай індустрыі, а лёгкая — павінна дапамагаць яе развіццю. Важнае месца адводзілася пашырэнню розных форм кааперацыі. З’езд выказаў задавальненне стварэннем СССР. Адзначалася, што хутка адрадзіць Беларусь можна толькі шляхам яе ўзбуйнення і перагляду існуючага адм. падзелу БССР, Віцебскай і Гомельскай губ., што неабходна прывесці яго ў адпаведнасць з натуральна-гіст., эканам., вытв. і нац.-культ. асаблівасцямі і далучыць да БССР тэрыторыі з большасцю бел. насельніцтва. Такую пазіцыю камуністаў Беларусі падтрымліваў І.​В.​Сталін і інш. члены ЦК РКП(б), супраць выступалі М.​І.​Калінін і шэраг партработнікаў Віцебскай і Гомельскай губ. З’езд звярнуў увагу на неабходнасць узмацнення класавага прынцыпу ў падаткаабкладанні. Былі акрэслены канкрэтныя мерапрыемствы па далейшым росце і ўмацаванні парт. і камсам. ячэек на прадпрыемствах, рэгуляванні сац. складу КП(б)Б, паляпшэнні ідэйна-выхаваўчай работы сярод камуністаў. Падкрэслівалася, што сакратары буйных ячэек на прадпрыемствах, у абласцях, саўгасах павінны быць вызвалены ад інш. работы. У дакументах з’езда праглядаюцца тэндэнцыі па стварэнні парт. бюракратыі, супярэчнасці паміж тэарэт. палажэннямі аб нэпе, якія распрацоўвалі У.​І.​Ленін і яго паплечнікі, і той палітыкай, што праводзілася камуністамі ў жыццё. З’езд выбраў ЦБ КП(б)Б з 13 чл. і 6 канд., Рэвіз. камісію КП(б)Б з 3 чл. і 3 канд., Кантрольную камісію з 5 чл. і 3 канд., 5 дэлегатаў на XII з’езд РКП(б).

Літ.:

Очерки истории Коммунистической партии Белоруссии. Ч. 2 (1921—1966). Мн., 1967;

Коммунистическая партия Белоруссии в резолюциях и решениях съездов и пленумов ЦК. Т. 1. Мн., 1983;

Платонаў Р. Як пачалася беларусізацыя: Дыскусія на XII Усебел. парт. канф. // Роднае слова. 2000. №4.

В.​Ф.​Кушнер.

т. 14, с. 360

СЁМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎ рабочых,

сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 4—9.5.1925 у Мінску. Прысутнічала 525 дэлегатаў з рашаючым і 191 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.​А.​Адамовіч); аб развіцці сельскай гаспадаркі (Дз.​Ф.​Прышчэпаў); аб стане прам-сці ў БССР (А.​Я.​Калнін); аб сав. буд-ве (А.​І.​Хацкевіч); аб выкананні бюджэту 1924/25 і бюджэце на 1925/26 (Ф.​А.​Браўковіч); аб Чырв. Арміі (М.​М.​Тухачэўскі); аб медыцыне на вёсцы (М.​І.​Барсукоў); выбары ЦВК БССР, чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВК СССР ад БССР і дэлегатаў на Усесаюзны з’езд Саветаў. З’езд ухваліў паліт. лінію ўрада Беларусі, адзначыў станоўчыя вынікі ўзбуйнення БССР, рост прам-сці, дасягненні ўрада ў арганізацыі дапамогі сялянству. Цэнтр. пытаннем на з’ездзе было абмеркаванне далейшых шляхоў развіцця сельскай гаспадаркі. У якасці першачарговай пастаўлена задача агульнага ўздыму сял. гаспадаркі, росту яе таварнасці і інтэнсіўнасці. З’езд пацвердзіў ранейшы курс на дапамогу бядняцкім гаспадаркам. Дэлегаты падтрымалі палітыку беларусізацыі, але адзначалі недахоп беларускамоўнай л-ры, настаўнікаў бел. мовы, спецыялістаў-беларусаў з вышэйшай адукацыяй. Было разгледжана становішча бел. насельніцтва ў Зах. Беларусі. З’езд выбраў ЦВК БССР з 154 чл. і 49 канд., 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВК СССР, 47 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам на ПІ Усесаюзны з’езд Саветаў.

Літ.:

Стенографический отчет VII Всебелорусского съезда Советов. Мн., 1925;

Резолюции VII Всебелорусского съезда Советов БССР. Мн., 1925.

І.​Г.​Яцкеаіч.

т. 14, с. 361

СЁНЫ ((Szönyi) Іштван) (17.1.1894, г. Уйпешт, Венгрыя —30.8.1960),

венгерскі жывапісец і графік. Вучыўся ў Будапешцкай АМ (1914—22, з 1938 яе праф.) і ў Надзьбанье (Румынія). Творча пераасэнсоўваў прыёмы імпрэсіянізму і постімпрэсіянізму. Аўтар тонкіх па жывапісе і светлавых эфектах лір. пейзажаў і жанравых карцін: «На вяршыні гары» (1925), «Вечар у Забегене» (1928), «Баржы» (1937), «Капанне бульбы» (1949), «Перавозчык» (1951). Працаваў і ў галіне манум. мастацтва (размалёўка будынка пошты ў Будапешце, 1956). Прэмія імя Кошута 1949.

т. 14, с. 361

СЁРА́ ((Seurat) Жорж П’ер) (2.12.1859, Парыж — 29.3.1891),

французскі жывапісец; заснавальнік неаімпрэсіянізму. Вучыўся ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1878—79). Працаваў пераважна ў Парыжы. Сюжэты ранніх твораў блізкія традыцыям барбізонскай школы: сельскія віды і сяляне за працай. Пазней пад уплывам імпрэсіяністаў запазычыў у іх тэхніку і тэмы. Першы значны твор — «Купанне ў Аньеры» (1884). У карціне «Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат» (1886) упершыню выкарыстаў тэхніку пуантылізму. У творах імкнуўся стварыць «лагічную навуковую і жывапісную» сістэму, з дапамогай якой імкнуўся надаць карціне гармонію і ўзгодненасць колеру: «Парад» (1888), «Канкан» (1890), «Цырк» (1891). Пераважную большасць яго работ складаюць пейзажы, марскія віды, у якіх дакладныя натурныя назіранні спалучаюцца з рытмічнай кампазіцыяй: пейзажы Порт-ан-Бесена (1888), Кратуа (1889), Граўліна (1890). Яго маст. канцэпцыі паўплывалі на фавістаў, кубістаў, ням. экспрэсіяністаў і італьян. футурыстаў і інш.

Літ.:

Ж.​Сёра. П.​Синьяк. Письма. Дневники..: Пер. с фр. М., 1976;

Перрюшо А. Жизнь Сёра: Пер. с фр. М., 1992.

Я.​Ф.​Шунейка.

Ж.Сёра. Нядзеля пасля паўдня на востраве Гранд-Жат. 1886.

т. 14, с. 361

СЁРФІНГ (англ. surfing слізганне па хвалях),

спаборніцтвы на скорасць, далёкасць перамяшчэння па вял. прыбойных хвалях на спец. коркавай або пенапластавай дошцы стоячы, без мацаванняў; адзін з водных відаў спорту.

Дошку робяць паводле індывідуальнага заказу, звычайна даўж. 1,8—2,3 м, масай 10—12,5 кг. Заплывы працягваюцца 15—25 мінут, фінальны — 30—45 мінут. Ацэнкі бальныя (ад 0,1 да 10). Пашыраны пераважна ў Аўстраліі, Новай Зеландыі, на Гавайскіх а-вах і ў прыморскіх раёнах ЗША, Інданезіі, Кітая і інш.

т. 14, с. 361