Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУКША́НСКАЕ ВО́ЗЕРА.

Ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Тураўлянка, за 25 км на ПнУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,44 км², даўж. 1,1 км, найб. шыр. 680 м, найб. глыб. 15,2 м, даўж. берагавой лініі больш за 4 км. Пл. вадазбору 3 км². Катлавіна эварзійнага тыпу. Схілы выш. 3—4 м на Пд (да 10 м на ПдУ), разараныя. Берагі пераважна нізкія, на ПдУ зліваюцца са схіламі, у паўн. і паўд.-зах. залівах сплавінныя. Пойма шыр. да 250 м, забалочаная, парослая хмызняком. Мелкаводдзе пясчанае, глыбей дно ілістае і сапрапелістае. Зарастае да глыб. 3 м. Злучана ручаём з воз. Глыбачка, выцякае ручай у воз. Доўгае.

т. 13, с. 439

РУКЮ́.

Нансей, архіпелаг вулканічных і каралавых астравоў у Ціхім акіяне. Тэр. Японіі. Аддзяляе Усх.-Кітайскае м. ад адкрытай ч. Ціхага акіяна. Утварае 6 груп з 98 астравоў, выцягнутых дугападобна з ПнУ на ПдЗ на 1200 км паміж а-вамі Кюсю і Тайвань. Пл. каля 4,8 тыс. км². Найб. а-вы: Акінава і Амамі. Нас. больш за 1 млн. ж. (1997). Паўд.-ўсх. ч. астравоў складзена пераважна з вапнякоў мезакайназою, на ПнЗ пашыраны вулканічныя пароды, у восевай зоне на паверхню часта выходзіць крышт. фундамент. Пераважаюць плато і нізкагор’і (выш. 300—350 м) і нізкія берагавыя тэрасы. Найб. выш. да 1935 м (на в-ве Яку). З дзеючыя і некалькі патухлых вулканаў. Уздоўж берагоў паўд. групы — каралавыя рыфы. Радовішчы фасфарытаў і каменнага вугалю. Клімат на Пн — субтрапічны, на Пд — трапічны, мусонны. Ападкаў 2000—3500 мм за год, частыя тайфуны. Сярэдняя т-ра студз. 14—18 °C, ліп. 27—28 °C. Трапічныя лясы і хмызнякі. Вырошчванне рысу, батату, цукр. трыснягу. Рыбалоўства. Гал. г. Наха (на в-ве Акінава).

т. 13, с. 439