Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́МІНДЖЭР ((Rominger) Кент) (н. 1956, Дэль-Нортэ, ЗША),

касманаўт ЗША. Капітан 2-га рангу ВМС ЗША (1999). З 1992 у групе касманаўтаў НАСА. Здзейсніў 5 палётаў у складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 20.10.—5.11.1995 і 19.11—7.12.1996 на КК «Калумбія», 7—19.8.1997 (як пілот), 27.5—6.6.1999 на КК «Дыскаверы» і 19.4.—29.4.2001 на КК «Індэвар» (як камандзір; стыкоўка з Міжнар. касм. станцыяй). Правёў у космасе 57,1 сут.

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 405

РО́МНІ-МА́РШЫТУ (англ. Romney Marsh),

парода паўтанкарунных даўгашэрсных авечак мяса-воўнавага кірунку. Выведзена ў Вялікабрытаніі ў 19 ст. скрыжаваннем мясц. парод з баранамі пароды лейстэр. Выкарыстоўвалі пры вывядзенні куйбышаўскай і паўночнакаўказскай пароды. Гадуюць у Вялікабрытаніі, Новай Зеландыі, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі.

Жывёлы буйныя, моцнай канстытуцыі, бязрогія. Маса бараноў 90—130, матак 70—90 кг. Воўна белая, гадавы настрыг з бараноў 6—7, з авечак 3,5—5 кг. Выхад чыстай воўны 60—65%. Плоднасць 115—130 ягнят на 100 матак. Скараспелыя жывёлы. Мяса высокай якасці. Вынослівыя.

П.​Ф.​Драбышэўскі.

т. 13, с. 406

РО́МУЛ (Romulus),

заснавальнік Рыма і першы рымскі цар [753—716 да н.э.]. Паводле стараж.-рым. падання Р. і яго брат-блізня Рэм былі сынамі весталкі Рэі Сільвіі і бога вайны Марса. Кінутых паводле загаду дзядзькі Рэі Амулія ў р. Тыбр братоў-немаўлят рака вынесла на бераг. Ваўчыца выкарміла іх сваім малаком (Капіталійская ваўчыца), пасля братоў знайшоў пастух Фаўстул, які разам з жонкай выхаваў іх. Р. і Рэм вярнулі свайму дзеду Нумітару царскую ўладу над Альба-Лонгай, несправядліва захопленай Амуліем, а на месцы свайго выратавання заснавалі горад. Падчас сваркі Р. забіў Рэма і стаў адзіным уладаром горада, які атрымаў яго імя. Ва ўяўленнях нашчадкаў Р. быў ініцыятарам выкрадання сабінянак, заснавання рым. сената, курый, арганізацыі войска, падзелу грамадзян на патрыцыяў і плебеяў. Пасля смерці Р. абагаўлёны, пазней атаясамліваўся з богам Квірынам.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406

РО́МУЛ АЎГУ́СТУЛ (Romulus Augustulus),

апошні імператар [475—476] Зах. Рым. імперыі. Бацька Р.А. — военачальнік Арэст скінуў імператара Юлія Непата і 31.10.475 у Равене абвясціў імператарам непаўналетняга Р.А. Яго правы на трон не былі прызнаны ні Усх. Рым. імперыяй, ні правіцелем Галіі Сіягрыем, ні Непатам. Пасля таго як Арэст і Р.А. не выканалі патрабаванняў ўсх.-герм. наёмнікаў, тыя паўсталі і абралі сваім царом Адаакра. Арэст быў забіты, Р.А. 4.9.476 скінуты з трона і сасланы ў прав. Кампанія. Гэта лічыцца канцом Зах. Рым. імперыі.

А.​Г.​Зельскі.

т. 13, с. 406