Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РО́ЗІН (Аляксандр Майсеевіч) (28.11.1881, г. Магілёў — 10.4.1942),

бел. геолаг. Чл.-кар. АН Беларусі (1940), праф. (1938). Скончыў Фрайбергскую горную акадэмію ў Германіі (1908). З 1927 нам. нач. горнага аддзела ВСНГ, з 1931 нам. нач. Бел. геолагаразведачнага трэста, з 1933 у Бел. НДІ прам-сці. У 1937—41 у Бел. геал. упраўленні (нам. нач., нач. сектара). У 1909—37 праводзіў геал. даследаванні на Беларусі па пошуку і выкарыстанні фарбавых руд, вогнетрывалай гліны, кварцавых пяскоў, мелу, торфу, фасфарытаў, каменнай солі і інш. Навук. працы па карысных выкапнях Беларусі і перспектывах іх выкарыстання. Дзярж. прэмія СССР 1952.

А.М.Розін.

т. 13, с. 400

РО́ЗІНГ (Барыс Львовіч) (5.5.1869, С.-Пецярбург — 20.4.1933),

расійскі фізік і вынаходнік, заснавальнік электроннага тэлебачання. Скончыў Пецярбургскі ун-т (1891). У 1894—1918 і з 1924 у ВНУ Ленінграда, з 1931 у Архангельскім лесатэхн. ін-це. Адначасова з 1924 у Ленінградскай эксперым. эл.-тэхн. лабараторыі, у 1928—31 у Цэнтр. лабараторыі правадной сувязі. Навук. працы па электрадынаміцы і радыёфізіцы. Вынайшаў першую электронную сістэму стварэння і перадачы тэлевізійнага відарыса (1907), дзе выкарыстаў электронна-прамянёвую трубку і безынерацыйны фотаэлемент. Здзейсніў перадачу тэлевізійнага відарыса на адлегласць і прадэманстраваў яго прыём (1911). Стварыў больш за 120 розных схем і сістэм тэлевізійнай апаратуры.

Літ.:

Горохов П.К. Б.​Л.​Розинг — основоположник электронного телевидения. М., 1964.

т. 13, с. 400

Розін Марк Саламонавіч

т. 18, кн. 1, с. 443

РОЗНАНАЦІСКНА́Я РЫ́ФМА,

рыфма, у якой націскі падаюць на розныя склады сугучных слоў. Характэрная для фалькл. твораў:

Ехала Домначка да вянца́,
Ды забыла матаньцы кла́няцца

Р.р. выкарыстана М.​Танкам у вершы «Каб другі раз быў...», напісаным мужчынскімі рыфмамі. Дзякуючы нечаканаму пераходу націску з апошняга склада зарыфмаванага слова на трэці ад канца падкрэсліваецца само гэта слова, а разам з ім і гал. думка твора:

Больш бы я прайшоў
Сцежак і дарог,
І сваю любоў
Я мацней бярог,
Больш бы даражыў
Кожным днём сваі́м, —
Каб другі раз быў
Маладзю́сенькім!

В.​П.​Рагойша.

т. 13, с. 400

РОЗНАРАСНІ́ЧНЫЯ ІНФУЗО́РЫІ (Heterotricha),

гл. Спіральнараснічныя інфузорыі.

т. 13, с. 401

РОЗНАСЛУПКАВА́ТАСЦЬ,

тое, што гетэрастылія.

т. 13, с. 401

РО́ЗНАСЦЬ у матэматыцы,

вынік аднімання лікаў, вектараў, матрыц і інш. Р. арыфметычнай прагрэсіі — пастаянны лік, які дадаецца да папярэдняга члена прагрэсіі, каб атрымаць наступны. Р. мностваў A і B — сукупнасць (мноства) членаў мноства A, якія не ўваходзяць у мноства B.

т. 13, с. 401

РО́ЗНАСЦЬ ПАТЭНЦЫЯ́ЛАЎ электрастатычных,

фізічная велічыня, якая вызначаецца праз значэнні патэнцыялу электрастатычнага поля ў розных пунктах поля. Р.п. паміж двума пунктамі стацыянарнага электрастатычнага поля вызначаецца формулай: U = φ1 − φ2 = A/q, дзе A — работа, якая выконваецца сіламі поля пры перамяшчэнні дадатнага зараду q з пункта з большым патэнцыялам q1 у пункт з меншым патэнцыялам q2. Змена патэнцыялу φ = φ2 − φ1 = -U. Адзінка Р.п. у СІвольт. Гл. таксама Напружанне электрычнае.

т. 13, с. 401

РОЗНАШЧЫТКО́ВЫЯ (Heterostraci),

падклас (клас) вымерлых ніжэйшых пазваночных з групы астракадэрмаў. З’явіліся ў ардовіку — сілуры Еўропы і Паўн. Амерыкі (каля 470 млн. г. назад), вымерлі ў дэвоне (каля 360 млн. г. назад). Жылі ў марскіх і прэсных вадаёмах. Класіфікацыя засн на будове панцыра, а таксама апарата нюху, які быў прадстаўлены парнымі насавымі поласцямі, што адкрываліся наверх парнымі ноздрамі.

Даўж. да 35 см. Орган слыху і раўнавагі меў 2 паўкружныя каналы. Некат. Р. (з роду клерараспіс) мелі эл. орган, які служыў сродкам абароны і нападу на здабычу.

Рознашчытковыя: 1 — псамалепіс; 2 — дрэпанаспіс.

т. 13, с. 401

РО́ЗНЕР (Эдзі) (Адольф-Эдуард) Ігнацьевіч (26.5.1910, Берлін — 8.8.1976),

джазавы трубач, кампазітар, аранжыроўшчык. Засл. арт. Беларусі (1944). Скончыў Вышэйшую муз. школу ў Берліне (1929). Валодаў віртуознай ігрой на трубе. З 1933 кіраўнік створанага ім джазавага аркестра ў Берліне. З 1936 у Польшчы; працаваў у аркестры Ю.​Бяльзацкага, узначальваў аркестры ў Варшаве, Кракаве, Лодзі. З 1939 у СССР. У 1940 кіраўнік Дзяржаўнага джаз-аркестра БССР. У 1946 рэпрэсіраваны. У 1954 рэабілітаваны. Кіраваў эстр. аркестрамі Масквы, з 1969 — аркестрам Гомельскай абл. філармоніі. З 1972 у Зах. Берліне. Аўтар шматлікіх папулярных песень, танц. мелодый («Навошта смяяцца, калі сэрцу балюча», «Хлопец-хлапчук», «Бывай, каханне»). Шматлікія творы ў выкананні аркестраў пад яго кіраўніцтвам запісаны на грампласцінкі.

Літ.:

Басин Я. Музыка и тьма // JAZZ-квадрат. 1998. №1—8;

Петров А. Черный кот in blue. М., 1998. С. 42—54;

Цейтлин Ю.В. Взлеты и падения великого трубача Эдди Рознера. М., 1993.

Я.​З.​Басін.

т. 13, с. 401