ПЁТР III Фёдаравіч
(сапр. Карл Пётр Ульрых Гальштэйн-Гаторпскі; 21.2.1728, г. Кіль, Германія — 18.7.1762),
расійскі імператар [студз.—ліп. 1762]. Першы прадстаўнік гальштэйн-гаторпскай лініі (1762—1917) дынастыі Раманавых. Сын гальштэйн-гаторпскага герцага Карла Фрыдрыха і Ганны Пятроўны, дачкі Пятра I. У 1742 рас. імператрыца Лізавета Пятроўна абвясціла яго сваім наследнікам. Пасля ўступлення на прастол П. III, як прыхільнік Прусіі, спыніў ваен. дзеянні супраць яе ў Сямігадовай вайне 1756—63, чым выклікаў незадаволенасць у патрыятычна настроеных колах грамадства. Санкцыянаваў шэраг важных мерапрыемстваў. распрацаваных набліжанай да яго прыдворнай групоўкай (А.І.Глебаў, М.І.Варанцоў, Дз.В.Волкаў і інш.): Маніфест аб вольнасці дваранства 1762, скасаванне Тайнай канцылярыі і інш. Падрыхтоўка да секулярызацыі манастырскіх маёнткаў, большая верацярпімасць да прыхільнікаў расколу і пратэстантаў, закрыццё хатніх цэркваў і інш. перамены выклікалі незадаволенасць правасл. духавенства. Малаадукаваны, няздольны да кіравання, П. III насаджаў у арміі прускія парадкі. Незадаволеная гэтым і антынац. знешняй палітыкай імператара гвардыя ўзвяла (9.7.1762) на прастол яго жонку Кацярыну II. П. III быў арыштаваны і неўзабаве забіты гвардз. афіцэрамі. Дварцовы пераварот спарадзіў у народзе неабгрунтаваныя чуткі быццам П. III скінуты дваранамі за намер вызваліць сялян ад прыгону (як «вызваліў» дваран). Пад імем П. III выступалі многія самазванцы, у т. л. Е.І.Пугачоў.
т. 12, с. 345
ПЁТР I ПЕ́ТРАВІЧ НЕ́ГАШ (1747, Негушы, Чарнагорыя — 18.10.1830),
уладыка (свецкі і духоўны правіцель) Чарнагорыі [1781—1830]. З дынастыі Негашаў. Вучыўся ў Расіі (1762—66). З 1766 архімандрыт, з 1781 мітрапаліт. Кіраваў барацьбой чарнагорцаў супраць тур. панавання, дамогся (1796) фактычнай незалежнасці Чарнагорыі ад Турцыі. Выступаў за ўмацаванне цэнтр. ўлады, выдаў збор законаў «Законнік» (1798). У знешняй палітыцы прытрымліваўся прарас. арыентацыі. Узначальваў атрады чарнагорцаў, якія сумесна з рас. экспедыцыйнымі сіламі змагаліся супраць франц. войск, што ў 1805 акупіравалі Далмацыю. У час першага сербскага паўстання 1804—13 падтрымліваў сувязь з Карагеоргіем, імкнуўся аб’яднаць сілы чарнагорцаў і сербаў.
т. 12, с. 345
ПЁТУХ Павел, бел. хормайстар 2-й пал. 18 ст. Працаваў у Магілёве ў епіскапа Г.Каніскага, з 1781 у Шклоўскім т-ры С.Г.Зорыча, дзе навучаў прыгонных спевакоў.
т. 12, с. 346