Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЛАДЭ́НАЎ (Стэфан Стаянаў) (15.12.1880, г. Відзін, Балгарыя — 1.5.1963),

балгарскі мовазнавец. Акад. Балг. і Польск. АН (1929), інш. акадэмій, чл.-кар. АН СССР (1931). Скончыў Сафійскі ун-т (1902). Д-р філасофіі Пражскага (1905), праф. Сафійскага (1921—47) ун-таў. Асн. працы па гісторыі балг. мовы («Гісторыя балгарскай мовы», 1929; і інш.), славістыцы, індаеўрапеістыцы і агульным мовазнаўстве («Уводзіны ў агульнае мовазнаўства», 1927, «Параўнальна-індаеўрапейскае мовазнаўства», 1936). Аўтар «Этымалагічнага і арфаграфічнага слоўніка балгарскай літаратурнай мовы» (1941). Дзімітроўская прэмія 1950.

т. 10, с. 496

МЛАТКО́ЎСКАЯ (дзявочае Коласава, паводле першага мужа Астракова) Любоў Іванаўна (1804 або 1805, г. Курск, Расія — 31.10.1866), расійская і ўкраінская актрыса. Дэбютавала каля 1823. Працавала ў т-рах рас. антрэпрэнёраў П.​Сакалова (1829, Варонеж), І.​Штэйна (пач. 1830-х г., Курск), Л.​Млаткоўскага (з 1836 у Харкаве, з 1850 Адэсе, з 1856 у Кіеве). Вял. ўплыў на творчасць М. зрабілі сумесныя выступленні з акцёрамі М.​Рыбаковым і К.​Саленікам, удзел у гастрольных спектаклях П.​Мачалава і М.​Шчэпкіна, тэатр. традыцыі якіх яна сцвярджала на правінцыяльнай сцэне. Выконвала трагедыйныя ролі класічнага рэпертуару, іграла ў вадэвілях, меладрамах, укр. быт. камедыі: Луіза («Каварства і каханне» Ф.​Шылера), Кардэлія, Афелія («Кароль Лір», «Гамлет» У.​Шэкспіра), Каробачка («Мёртвыя душы» М.​Гогаля), Верачка, Сусанна («Дачка рускага акцёра», «Сіротка Сусанна» П.​Грыгор’ева), Наталка, Тэцяна («Наталка-Палтаўка», «Маскаль-чараўнік» І.​Катлярэўскага), Насця, Ульяна («Козыр-дзеўка», «Сватанне на Ганчароўцы» Р.​Квіткі-Аснаўяненкі) і інш.

т. 10, с. 496