Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЫ́НТУПКА,

рака ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл. і Мядзельскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Страча (бас. р. Вілія). Даўж. 23 км. Пл. вадазбору 57 км2. Пачынаецца каля в. Вялічкі Пастаўскага р-на, цячэ па лясістых схілах Свянцянскіх град. У межах г.п. Лынтупы сярод парку на рацэ створаны 4 сажалкі, злучаныя каналамі.

т. 9, с. 382

ЛЫ́НТУПСКАЯ СЯДЗІ́БА,

помнік сядзібна-паркавай архітэктуры пач. 20 ст. ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Першапачатковая драўляная сядзіба апісана ў інвентары 1591. Належала Гільзенам, сучасны выгляд набыла пры ўладальніку Ю.Бішэўскім. Ансамбль сядзібы падзяляецца на 2 зоны. Перад сядзібным домам размешчана парадная зона, якая ўключае партэр, мураваны арачны мост, капліцу, службовы флігель і бровар. За домам і ставам — выцягнутая па папярочнай восі гасп. зона. Цэнтр ансамбля — 2-павярховы мураваны сядзібны дом (1907, арх. Т.Раствароўскі) у стылі неарэнесансу. У асіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі будынка дамінуе тарцовая 3-ярусная чацверыковая вежа. Насычаная арх. пластыка ўключае канеліраваныя калоны, пілястры, анты, рустоўку, ракавіны, атык з балюстрадай і інш. Парк пейзажна-рэгулярнага тыпу (пл. 6 га). Насаджэнні згрупаваны па перыметры 4 ставоў і каналаў паміж імі на р. Лынтупка. У парку растуць клён серабрысты, елка блакітная, лістоўніца еўрап., піхта сіб. і інш. Сярод інш. пабудоў вылучаецца вежа-вяндлярня з машыкулямі і вокнамі-байніцамі ў рэтраспектыўна-замкавым стылі, у 1897 пабудаваны МЛЫН.

А.М.Кулагін.

Лынтупская сядзіба. Галоўны фасад сядзібнага дома.

т. 9, с. 382

ЛЫ́НТУПСКІ АНДРЭ́ЕЎСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неабарока ў г.п. Лынтупы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1908—14 на месцы старога драўлянага храма, фундаванага віленскім ваяводам Андрэем Альгердавічам у 1459. Мураваная 2-вежавая 3-нефавая базіліка з паўкруглай апсідай. 2-ярусны «карабель» храма схаваны за кулісай гал. фасада, цэнтр якога вылучаны 2-ярусным рызалітам пад трохвугольным франтонам. На фасадзе і верхніх ярусах чатырохгранных веж-званіц, завершаных гранёнымі ліхтарамі над гранёнымі сферычнымі купалкамі, сканцэнтравана арх.-дэкар. пластыка: тонкапрафіляваныя карнізы, пілястры, арачныя нішы-экседры, круглыя люкарны. Рытміку плоскасных бакавых фасадаў ствараюць высокія арачныя аконныя праёмы. Вакол касцёла бутавая агародка з 3-пралётнай брамай.

А.М.Кулагін.

Лынтупскі Андрэеўскі касцёл.

т. 9, с. 383

ЛЫ́НТУПЫ,

гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р. Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на 3 ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс. ж. (1998).

У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.

Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л. курганны могільнік балтаў 10—11 ст.

т. 9, с. 383

ЛЫНЬКО́Ў (Міхась) (Міхаіл Ціханавіч; 30.11.1899, в. Зазыбы Віцебскага р-на — 21.9.1975),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1962). Акад. АН Беларусі (1953, чл.-кар. 1936). Скончыў Рагачоўскую настаўніцкую семінарыю (1917). У грамадз. вайну ўдзельнічаў у партыз. руху. Настаўнічаў у Буда-Кашалёўскім і Рагачоўскім р-нах (1917—19 і 1922—25). У 1919—22 у Чырв. Арміі. З 1925 працаваў адказным сакратаром, рэдактарам бабруйскай акр. газ. «Камуніст». З 1930 у Дзярж. выд-ве «Беларусь», у 1933—41 гал. рэдактар час. «Полымя рэвалюцыі». Быў арганізатарам і кіраўніком Бабруйскай філіі «Маладняка», адным з кіраўнікоў БелАПП. Старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі (1938—48). Рэдактар газ. «Беларуская звязда» (1939), «За Савецкую Беларусь» (1941—42). У 1943-46 і 1949—52 дырэктар Ін-та л-ры, мовы і мастацтва АН Беларусі. Друкаваўся з 1919. Асабліва моцны ўплыў зрабілі на Л. рамант. стылёва-выяўл. традыцыі рус. л-ры. У апавяданнях 1920—30-х г. (зб-кі «Апавяданні», 1927; «Гой», 1929, «Андрэй Лятун», 1930, «Саўка-агіцірнік», 1933, «На вялікай хвалі», 1934, і інш.) пераважна на аснове асабістага жыццёвага вопыту пісаў пра рэвалюцыю і грамадз. вайну, паказваў барацьбу за новы грамадскі лад («Над Бугам», «Крот», «Манчжур», «Кватармайстар Бадай», «Сінія галіфэ» і інш.), як змяняліся міжнац. адносіны («Гой»), усталёўваўся новы побыт («У мястэчку»), Паэтызаваў працу простых людзей, асэнсоўваў яе як крыніцу сапраўднай духоўнасці («Андрэй Лятун»). Шмат увагі аддаваў паказу гарадскога і местачковага жыцця, рабочага асяроддзя («Гома», «Чыгунныя песні», «Журавель мой, журавель» і інш.). Рэалістычны паказ старой бел. вёскі складае асн. змест няскончанага рамана «На чырвоных лядах» (1934). У аповесцях для дзяцей «Пра смелага ваяку Мішку і яго слаўных таварышаў» (1935) і «Міколкапаравоз» (1936, кінафільм 1957) створана дынамічная і займальная падзейная плынь, у якой яркая і маляўнічая апавядальнасць атрымала лірыка-гумарыстычную афарбоўку. Жыццё працоўных Зах. Беларусі паказаў у зб. апавяданняў «Сустрэчы» (1940). Гераізм і самаахвярная мужнасць народа ў барацьбе з фашызмам у перыяд Вял. Айч. вайны паказаны ў напоўненых драматызмам і трагедыйнасцю апавяданнях са зб. «Астап» (1944). У многіх з іх гучыць тэма знявечанага фаш. акупацыяй дзяцінства («Дзіцячы башмачок», «Недапетыя песні», «Пацалунак» і інш.). Яркія эпізоды партыз. вайны на Беларусі супраць ням.-фаш. акупантаў атрымалі эмацыянальна-ўсхваляванае адлюстраванне ў рамане «Векапомныя дні» (кн. 1—4, 1-е поўнае выд. 1958; Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1968). На матэрыяле замежных паездак напісаў кн. замалёвак, нарысаў і апавяданняў «За акіянам» (1962). Публіцыстычнае майстэрства Л. найб. выявілася ў артыкулах і сатыр. замалёўках перыяду Вял. Айч. вайны («Смачны жабе арэх, ды зубоў бог не даў...», «Цешыўся старац, што перажыў марац, ажно ў маю нясуць яго да гаю...» і інш.), у нарысах «Шляхамі вайны» (1945), «Пад сонцам Індыі» (1957). У літ.-знаўчых і крытычных работах абараняў праўдзівасць, даследчы пафас л-ры, змагаўся супраць спрошчанага, вульгарызатарскага яе разумення. Пісаў пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, К.Крапівы, К.Чорнага, І.Мележа, Я.Брыля, І.Шамякіна і інш. бел. пісьменнікаў, Т.Шаўчэнку, рус. і зарубежных класікаў (А.Пушкіна, М.Гогаля, М.Някрасава, Л.Талстога, Ф.Дастаеўскага, А.Чэхава, М.Горкага, Р.Тагора), дзеячаў сусв. культуры (Я.Каменскага і інш.). На бел. мову перакладаў творы М.Горкага і М.Ціханава. Помнікі Л. ў в. Крынкі Лёзненскага р-на і на магіле ў Мінску (на Усходніх могілках); музеі ў Крынкаўскай і Бронніцкай (Буда-Кашалёўскі р-н) школах.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—4. Мн., 1967—68;

Зб. тв. Т. 1—8. Мн., 1981—85;

Летапіс эпохі. Мн., 1968;

Літаратура і жыццё. Мн., 1978;

Публіцыстыка. Мн., 1980;

Насустрач жыццю: Апавяданні. Мн., 1988;

Міколка-паравоз: Аповесці і апавяданні. Мн., 1989.

Літ.:

Бугаёў Дз. Шчодрае сэрца пісьменніка. Мн., 1963;

Яго ж. Чалавечнасць. Мн., 1985;

Куляшоў Ф.І. Міхась Лынькоў. Мн., 1979;

Яго ж. Міхась Лынькоў: Семінарый. Мн., 1963;

Дзюбайла П.К. Беларускі раман аб Вялікай Айчыннай вайне. Мн., 1964;

Пашкевіч Н.Е. На шырокіх шляхах жыцця. Мн., 1965;

Святло яго душы. Мн., 1979;

Скрыган Я. Некалькі хвілін чужога жыцця. 2 выд. Мн., 1990;

Гілевіч Н. Удзячнасць і абавязак. Мн., 1982;

Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;

Мушынскі М. Беларуская крытыка і літаратуразнаўства: 40-я — першая палавіна 60-х гг. Мн., 1985;

Кенька М. Міхась Лынькоў: Летапіс жыцця і творчасці. Мн., 1987.

Дз.Я.Бугаёў.

М.Лынькоў.

т. 9, с. 383

ЛЫНЬКО́Ў (Рыгор Ціханавіч) (1909, чыг. будка каля в. Старое Сяло Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 1941),

бел. паэт, перакладчык, публіцыст. Брат М.Лынькова. Працаваў заг. хаты-чытальні, у газ. «Камуніст» (Бабруйск), у 1936—41 адказны сакратар газ. «Літаратура і мастацтва». Удзельнік Вял. Айч. вайны, прапаў без вестак. Друкаваўся з 1925. Адзін з псеўд. Рыгор Суніца. Вострае адчуванне часу, багацце і разнастайнасць паэтычных форм — асн. рысы яго твораў. Пісаў артыкулы, на бел. мову пераклаў паэму У.Маякоўскага «Добра!» (з В.Віткам), асобныя яго вершы, п’есу М Святлова «Казка» (паст. Бел. т-рам юнага гледача імя Н.К.Крупскай, 1941), паасобныя творы А.Пушкіна, М.Някрасава, А.Блока, П.Тычыны, А.Міцкевіча, Э.Вайнерта і інш.

Р.Ц.Лынькоў.

т. 9, с. 383

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

стаянка эпохі неаліту, гл. ў арт. Кругліца.

т. 9, с. 384

ЛЫ́САЯ ГАРА́,

другі па вышыні пункт Беларусі ў Мінскім р-не, за 21 км на Пн ад Мінска; выш. 342 м. Займае цэнтр. буйнаўзгорыстую ч. Лагойскага ўзвышша. Складзена з марэнных суглінкаў. Глебы змытыя ў выніку эрозіі. На гары сухадольныя лугі і ўчасткі дрэвава-хмызняковай расліннасці.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Аляксандр Паўлавіч) (н. 13.4.1952, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне ветэрынарыі. Д-р вет. н. (1994). Скончыў Віцебскі вет. ін-т (1974). З 1993 вучоны сакратар аддз. жывёлагадоўлі і вет. медыцыны Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1994 заг. лабараторыі і нам. дырэктара Бел. НДІ эксперым. ветэрынарыі. Навук. працы па антыгенным складзе ўзбуджальніка туберкулёзу і атыпічных мікабактэрый, выдзяленні і ачышчэнні антыгенаў мікабактэрый, сродках і метадах дыягностыкі і прафілактыкі туберкулёзу чалавека і жывёл.

Тв.:

Выявление антигенов Mycobacterium bovis // Ветеринария. 1991. № 1;

Исследование сыворотки крови здоровых коров, больных туберкулезом и инфицированных атипичными микобактериями в перекрестном иммуно-электрофорезе и иммуноферментном анализе (у сааўт.) // Ветеринарная наука — производству: Науч. тр. Бел. НИИ эксперим. ветеринарии. 1998. Вып. 33.

т. 9, с. 384

ЛЫСЕ́НКА (Антаніна Фёдараўна) (н. 14.9.1930, в. Зарачаны Полацкага р-на Віцебскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1965). Сястра П.Ф.Лысенкі. Скончыла Гомельскі пед. ін-т (1955). Настаўнічала. З 1964 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1962. Даследуе пераважна публіцыстыку, творчую індывідуальнасць пісьменнікаў (З.Бядуля, Я.Сіпакоў, І.Шамякін, Х.Шынклер і інш.). Сааўтар кніг «Беларуская савецкая проза: Апавяданне, нарыс» (1971), «Стыль пісьменніка» (1974), «Беларуская літаратура: Дзень сённяшні» (1980), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (ч. 1—2, 1981—82) і інш.

Тв.:

Сучасны беларускі нарыс. Мн., 1978;

Лінія гарызонта: Нарыс творчасці Я.Сіпакова. Мн., 1986;

3 трывогай і надзеяй: Бел. публіцыстыка 80-х гт. Мн., 1991.

т. 9, с. 384