ЛЫ́НТУПЫ,

гарадскі пасёлак у Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р. Лынтупка; чыг. станцыя на лініі Полацк—Вільнюс. За 42 км на 3 ад Паставаў, 307 км ад Віцебска. Аўтадарогамі злучаны з Паставамі і г.п. Свір. 2,1 тыс. ж. (1998).

У гіст. крыніцах упамінаецца з 1385. У 1459 тут пабудаваны касцёл, пры ім шпіталь. 3 сярэдзіны 16 ст. ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. Уладальнікамі Л. былі Астроўскія, Гільзены, Бучынскія. У 1591 у мястэчку Л. каля 150 ж., 28 дымоў. З 1795 у Рас. імперыі, з 1843 цэнтр воласці Свянцянскага пав. У 1885 у Л. 214 ж., 13 двароў, валасное праўленне, школа (пабудавана ў 1865), касцёл, яўр. малітоўны дом, 3 крамы, карчма, праводзіліся кірмашы. У 1897—685 ж. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Свянцянскага пав. Віленскага ваяв. З 1939 у БССР, з ліст. 1940 у Пастаўскім р-не. У Вял. Айч. вайну моцна разбураны ням.-фаш. захопнікамі. З 22.8.1967 гар. пасёлак. У 1975 2 тыс. жыхароў.

Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магілы ахвяр фашызму. Помнікі архітэктуры: Лынтупская сядзіба (1-я пал. 19 ст.), Лынтупскі Андрэеўскі касцёл (пач. 20 ст.). На ПнЗ ад Л. курганны могільнік балтаў 10—11 ст.

т. 9, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)