Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУ́КАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА, Лукава. У Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл., каля в. Лукава. Створана на месцы б. Лукаўскага воз. ў 1980. Пл. 5,4 км2, даўж. 3,15 км, найб. шыр. 2,7 км, найб. глыб. 11,5 м, аб’ём вады 23,2 млн. м³. Абгароджана дамбай (даўж. 9,5 км). Дно вадасховішча выслана сапрапелем.

Упадае некалькі меліярац. каналаў, выцякаюць р. Асіпоўка і канал Гусацкі. Ваганні ўзроўню на працягу года 3,1 м. Выкарыстоўваецца для ўвільгатнення с.-г. угоддзяў і рыбагадоўлі.

Ф.М.Ашэраў.

Лукаўскае вадасховішча.

т. 9, с. 362

ЛУ́КАЎСКІ КАНА́Л,

рака, гл. Беліца.

т. 9, с. 362

Лукашанец Аляксандр Аляксандравіч

т. 18, кн. 1, с. 422

ЛУКАШО́Ў (Валянцін Канстанцінавіч) (25.6.1938, С.-Пецярбург — 8.6.1998),

бел. вучоны ў галіне геахіміі і геалогіі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1986), д-р геолага-мінералагічных н. (1969), праф. (1994). Сын К.І.Лукашова. Скончыў БДУ (1961). З 1961 у Лабараторыі геахім. праблем АН Беларусі, з 1972 заг. лабараторыі Ін-та геал. навук Нац. АН Беларусі. Навук. працы ў галіне геахіміі зоны гіпергенезу і аховы навакольнага асяроддзя.

Тв.:

Геохимические поиски элементов в зоне гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1967 (разам з К.І.Лукашовым);

Геохимия ландшафтов. Мн., 1972 (з ім жа);

Географические очерки природы Белоруссии. Мн., 1983;

Геологические аспекты охраны окружающей среды. Мн., 1987;

Искусственные сорбенты в прикладной и экспериментальной геохимии. Мн., 1992.

т. 9, с. 362

ЛУКАШО́Ў (Канстанцін Ігнатавіч) (7.1. 1907, в. Гарадзец Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 23.5.1987),

бел. геолаг і геахімік. Акад. АН Беларусі (1953), д-р геолага-мінералагічных н. (1937), праф. (1938). Засл. дз. нав. Беларусі (1967). Скончыў Ленінградскі ун-т (1931). З 1931 заг. кафедры, дэкан ф-та, з 1938 рэктар Ленінградскага ун-та. З 1939 у Наркамаце замежнага гандлю СССР. З 1944 заг. кафедры Ін-та знешняга гандлю СССР, з 1949 заг. кафедры Маскоўскага ун-та. З 1953 рэктар БДУ. У 1956—69 віцэ-прэзідэнт АН Беларусі, адначасова ў 1963—70 заг. лабараторыі, у 1971—77 дырэктар Ін-та геахіміі і геафізікі АН Беларусі. Навук. працы па грунтазнаўстве, фіз. і эканам. геаграфіі, чацвярцічнай геалогіі і геахіміі. Распрацаваў занальную геахім. класіфікацыю кары выветрывання. Дзярж. прэмія Беларусі 1972.

Тв.:

Основы литологии и геохимии коры выветривания Мн., 1958;

Очерки по геохимии гипергенеза. Кн. 1—2. Мн., 1963;

Образование и миграция нефти. Мн., 1974 (разам з А.В.Кудзельскім);

Научные основы охраны окружающей среды. Мн., 1980 (разам з В.К.Лукашовым);

Эколого-геохимическое изучение биосферы... Мн., 1989 (разам з І.К.Вадкоўскай).

Г.А.Маслыка.

К.І.Лукашоў.

т. 9, с. 362

ЛУКА́ШЫК (Канстанцін Леанідавіч) (н. 18.9.1975, г. Гродна),

бел. спартсмен (стральба кулявая, спарт. пісталет). Засл. майстар спорту СССР (1992). Скончыў Гродзенскі эл.-тэхн. ліцэй (1994). З 1998 ваеннаслужачы. Чэмпіён XXV Алімп. гульняў (1992, г. Барселона, Іспанія). Чэмпіён свету і Еўропы (1991), бронз. прызёр чэмпіянату Еўропы (1996). Шматразовы чэмпіён Беларусі ў камандным і асабістым заліку.

т. 9, с. 362

ЛУКА́ШЫК (Мікалай Канстанцінавіч) (7.6.1934, в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне біяхіміі. Канд. мед. н. (1966), праф. (1991). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1959). З 1959 у Гродзенскім мед. ін-це (у 1968—87 прарэктар, у 1975—97 заг. кафедры). Навук. працы па біяхіміі вітамінаў, абмене рэчываў у арганізме жывёл і чалавека, педагогіцы і псіхалогіі.

Тв.:

Метаболические эффекты недостаточности функционально связанных В-витаминов. Мн., 1987 (у сааўт);

Справочник врача общей практики. Т.2. Мн., 1995 (у сааўт.).

т. 9, с. 362

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Аляксей Сцяпанавіч) (3.6. 1924, в. Чарнавосава Крупскага р-на Мінскай вобл. —13.11.1943),

Герой Сав. Саюза (1944). У Вял. Айч. вайну з крас. 1942 разведчык-падрыўнік партыз. атрадаў імя Сяргея і 28-га, якія дзейнічалі на тэр. Круглянскага, Талачынскага і Крупскага р-наў. Пусціў пад адхон 9 эшалонаў праціўніка, двойчы псаваў лінію сувязі са стаўкай ням. галоўнакамандавання. Трапіўшы ў засаду, цяжка паранены Л. апошняй процітанкавай гранатай падарваў сябе і ворагаў, што наблізіліся да яго. Помнік Л. ў в. Ухвала Крупскага р-на.

А.С.Лукашэвіч.

т. 9, с. 363

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Георгій Аляксеевіч) (5.2. 1939, в. Стрэльна Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 19.12.1997),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1996), праф. (1997). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1961), працаваў у ім (у 1997 заг. кафедры). Навук. працы па прафілактыцы і лячэнні пасляродавых септычных захворванняў.

Тв.: Женщине о женских болезнях. Мн., 1974; Послеродовый период // Справочник врача женской консультации. 2 изд. Мн., 1988.

т. 9, с. 363

ЛУКАШЭ́ВІЧ (Мікалай Антонавіч) (н. 10.5.1934, в. Пасінічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БДУ (1957), дзе і працуе. Навук. працы ў галіне якаснай і аналітычнай тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў (праблемы цэнтра-фокуса, ізахроннасці, пытанні інтэграванасці), па праблемах адназначнасці рашэнняў нелінейных сістэм, даследаваннях нелінейных ураўненняў Пенлеве.

Тв.:

Нелинейные колебания в системах второго порядка. Мн., 1982 (разам з У В.Амелькіным, А.П.Садоўскім);

Аналитические свойства решений уравнений Пенлеве. Мн., 1990 (разам з В.І.Громакам).

П.М.Бараноўскі.

т. 9, с. 363