Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛУБЯНЫ́Я ВАЛО́КНЫ,

валокны, якія ёсць у сцёблах наземных насенных раслін. Маюць моцна патоўшчаныя (часта адраўнелыя) сценкі з развітай слаістасцю, простымі порамі і вузкай поласцю. Жывое змесціва Л.в. пасля завяршэння фарміравання адмірае. Асн. функцыя — ахова элементаў мяккага лубу ад дэфармацыі, а таксама апорная сістэма органа. Бываюць гнуткія, мала адраўнелыя (лён, кіт. крапіва), грубыя, моцна адраўнелыя (пянька, джут і інш.). Выкарыстоўваюць у тэкст. прамысловасці.

т. 9, с. 355

ЛУБЯНЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання лубяных валокнаў. Паходзяць з розных сям., растуць ва ўмераных, трапічных і субтрапічных зонах. Адна- і шматгадовыя культуры. На Беларусі культывуюць лён-даўгунец, каноплі. Валакно знаходзіцца ў кары сцябла ў абутылону, джуту, лёну-даўгунцу (гл. ў арт. Лён), канапель, кенафу, кендыру, краталярыі, рамі і інш., у лісці агавы (валакно сізаль), новазеландскага лёну, прадзільнага банана (валакно манільская пянька) і інш. Валокны — сыравіна для тэкст. прам-сці, алей насення прыдатны ў ежу і на тэхн. мэты, з кастрыцы робяць буд. пліты, паперу, тэрмаізаляцыйныя матэрыялы, выкарыстоўваюць на паліва і інш.

У.П.Пярэднеў.

т. 9, с. 355