Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КІСЛАРО́ДНАЯ РЭ́ЗКА, аўтагенная рэзка, газавая рэзка,

рэзка матэрыялаў спальваннем іх струменем кіслароду. Награванне матэрыялаў да т-ры ўзгарання робіцца з дапамогай гаручых газаў (ацэтылену, прапану, пароў бензіну). Бывае ручная і машынная.

Для К.р. нізкалегіраваных, нізка- і сярэднявугляродзістых сталей, тытанавых сплаваў выкарыстоўваюць спец. ручныя або машынная разакі і гарэлкі зварачныя; для бетону, жалезабетону, вогнетрывалых матэрыялаў — кіслароднае кап’ё (стальную трубку, па якой прапускаюць кісларод); для хромістых сталей, чыгуну і медных сплаваў — К.р. з дабаўленнем флюсу (садзейнічае выдаленню тугаплаўкіх шлакаў, што ўтвараюцца пры рэзцы). Для К.р. пад вадой ужываюць трубчастыя (метал., вугальныя і інш.) электроды з унутр. каналам для падачы кіслароду. К.р. выкарыстоўваюць таксама для стругання, абточкі, зачысткі дэталей.

Кіслародная рэзка: 1 — сапло разака; 2 — падагравальнае газавае полымя; 3 — струмень рэжучага кіслароду; 4 — дэталь, якая разразаецца.

т. 8, с. 291

КІСЛАРО́ДНАЯ ТЭРАПІ́Я, аксігенатэрапія,

выкарыстанне кіслароду ў лекавых мэтах; адзін з метадаў фізіятэрапіі. Уваходзіць у склад тэрміновай, амбулаторнай ці стацыянарнай мед. дапамогі. Накіравана на папярэджанне развіцця ці ліквідацыю адмоўных вынікаў гіпаксіі; выкарыстоўваецца як асн. або спадарожны сродак аэразольтэрапіі, баратэрапіі, клімататэрапіі, рэанімацыі і інш., эфектыўная пры лёгачных і сардэчна-сасудзістых хваробах, траўматычным і шокавым стане, гангрэнах, некат. вострых атручэннях, парушэннях дыхання і кіслароднага балансу ў арганізме, вышыннай хваробе, таксікозе цяжарных і інш. Асн. метады К.т.: інгаляцыі кіслародна-паветраных сумесей, штучная вентыляцыя лёгкіх (актыўная ці пасіўная, пры дапамозе кіслародных падушак, спец. кіслародна-дыхальных апаратаў і без іх). Складаныя метады К.т. накіраваны на карэкціроўку абмену рэчываў, стабілізацыю працэсаў дыхання.

т. 8, с. 292

КІСЛАРО́ДНА-КАНВЕ́РТАРНЫ ПРАЦЭ́С,

разнавіднасць канвертарнага працэсу, пры якой атрымліваюць сталь прадзіманнем вадкага (звычайна пераробнага) чыгуну тэхнічна чыстым (больш за 95,5%) кіслародам. Ажыццяўляецца пераважна ў глухадонных канвертарах з асн. футэроўкай.

Кісларод падаюць зверху праз фурму, якая ахаладжаецца вадой. Пад уздзеяннем выдзімання дамешкі чыгуну (Si, Mn, C і інш.) акісляюцца з вылучэннем значнай колькасці цяпла. Пасля прадзімання метал раскісляюць (выдаляюць лішні кісларод). Выкарыстанне кіслароднага выдзімання замест паветранага дазваляе атрымаць сталь з нізкай (0,002—0,006%) колькасцю азоту. У параўнанні з мартэнаўскім працэсам К.-к.п. больш прадукцыйны, яго роля ў сусв. выплаўцы сталі пастаянна расце.

Да арт. Кіслародна-канвертарны працэс. Схема атрымання сталі ў кіслародным канвертары: 1 — загрузка металалому; 2 — заліўка чыгуну; 3 — прадзіманне кіслародам; 4 — выпуск сталі; 5 — зліў шлаку.

т. 8, с. 291

КІСЛАРО́ДНЫ ЭФЕ́КТ,

змяненне біял. ўздзеяння іанізацыйнага выпрамянення пры павышэнні ці паніжэнні парцыяльнага ціску кіслароду ў апрамененым аб’екце. Праяўляецца ў біял. аб’ектах (мікраарганізмы, расліны, жывёлы) на ўсіх узроўнях іх арганізацыі (клетачным, тканкавым, органавым і арганізмавым). Выжыванне арганізма павялічваецца пры зніжанай колькасці кіслароду і змяншаецца пры павышанай. Узмацненне шкоднага ўздзеяння кіслароду праяўляецца ў момант апрамянення, пасля чаго яго прысутнасць наадварот спрыяе аднаўленню сістэм жыццядзейнасці ў пашкоджаных аб’ектах. Выкарыстоўваецца ў прамянёвай тэрапіі анкалагічных захворванняў.

К.​В.​Фамічэнка.

т. 8, с. 292

КІ́СЛІК (Навум Зіноўевіч) (26.9.1925, Масква — 27.12.1998),

бел. паэт, перакладчык. Скончыў БДУ (1950). Настаўнічаў. Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва» (1952—58), час. «Полымя» (1958—59). Друкаваўся з 1944. Пісаў на рус. мове. У кнігах паэзіі «Размова з сябрамі» (1956), «Пошук» (1959), «Пазыўныя зямлі» (1961), «Свята снегападу» (1972), «Успаміны пра вакзалы» (1976), «Першаснежжа» (1980), «Зімовы свет» (1985) і інш. лірычнае асэнсаванне лёсу, духоўных набыткаў ваен. пакалення. У перакладзе К. на рус. мове выдадзены кнігі Р.​Барадуліна, А.​Вялюгіна, А.​Карпюка, А.​Куляшова, Я.​Купалы, І.​Мележа, П.​Панчанкі, асобныя творы Я.​Коласа, М.​Багдановіча, П.​Броўкі, Я.​Брыля, А.​Бялевіча, А.​Вялюгіна, С.​Гаўрусёва, С.​Грахоўскага, С.​Дзяргая, У.​Караткевіча, А.​Пысіна, А.​Русецкага, М.​Стральцова, М.​Танка, Ю.​Таўбіна і інш. Аўтар кнігі перакладаў «Спелы бор» (1982).

Л.​М.​Гарэлік.

т. 8, с. 292

КІСЛІ́ЦА (Oxalis),

род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.

Кісліца звычайная.

т. 8, с. 292

КІСЛОТАЎСТО́ЙЛІВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ, кіслотатрывалыя матэрыялы,

металічныя і неметалічныя матэрыялы, устойлівыя супраць разбуральнага дзеяння кіслот. К. м. металічныя — высокалегіраваныя сталі і чыгун, некат. металы (напр., нікель, медзь, алюміній, цырконій, серабро) і сплавы. К. м. неметалічныя — горныя пароды (напр., андэзіт, граніт), каменнае ліццё (напр., базальт), палімерныя матэрыялы (полівінілхларыд, поліэтылен, фтарапласты і інш.), кераміка, шкло, спец. замазкі, цэменты і інш. Выкарыстоўваюць пераважна ў хім. прам-сці для вырабу розных ёмістасцей (і іх футравання), труб, шлангаў, падлогі, пакрыццяў, а таксама як кіслотатрывалыя герметыкі і ўшчыльняльнікі.

т. 8, с. 292

КІСЛО́ТНАСЦЬ ВАДЫ́,

уласцівасць, якую набывае вада пры перавышэнні ўтрымання ў ёй іонаў вадароду (H​+) больш за 1 × 10​−7 грам-іонаў на 1 л. У прыродных водах абумоўлена звычайна наяўнасцю ў іх свабоднай сернай, вугальнай і гумінавай к-т. Канцэнтрацыю іонаў вадароду прынята ўмоўна паказваць сімвалам pH (адмоўны лагарыфм ліку, які яго характарызуе). Пры pH = 7 рэакцыя вады нейтральная, pH < 7 — кіслая, pH > 7 — шчолачная. Паводле сан.-гігіенічных нарматываў рэакцыя вады для пітнога і культ.-быт. карыстання павінна быць pH 6,5—8,5. Падкісленне прыродных вод адмоўна ўплывае на існаванне жывых арганізмаў, іх біял. прадукцыйнасць, структуру біягеацэнозаў, пагаршае сан. стан і выклікае інш. негатыўныя з’явы. На К.в. адбіваюцца кіслотнасць глебы, змыў з палёў мінер. угнаенняў і інш. рэчываў, у склад якіх уваходзяць злучэнні серы і азоту; вял. ўплыў аказваюць кіслотныя дажджы. На тэр. Беларусі кіслотнасць прыродных вод у межах pH 6,3—8,5.

т. 8, с. 292

КІСЛО́ТНАСЦЬ ГЛЕ́БЫ,

уласцівасць глебы, абумоўленая наяўнасцю іонаў вадароду ў глебавым растворы, а таксама абменных іонаў вадароду і алюмінію ў глебавым паглынальным комплексе. Выражаецца паказчыкам pH. Бывае актыўная, або актуальная (кіслотнасць глебавага раствору) і пасіўная, або патэнцыяльная (кіслотнасць цвёрдай фазы глебы), якая падзяляецца на абменную і гідралітычную. Кіслыя глебы маюць pH 3,5—5,5, блізкія да нейтральных — 5,6—6,0, нейтральныя больш за 6 і да 7, больш як 7,0 — шчолачныя. Патрабавальнасць збожжавых, кармавых, садовых і ягадных культур да К. г. розная. Напр., пры pH 5,8—6,5 добра растуць азімая пшаніца, буракі, парэчкі і інш.; пры pH 5,3—6 — агуркі, суніцы, яблыня, ячмень і інш.; пры pH 4,5—5 — агрэст, шчаўе і інш.; на вельмі кіслых тарфяніках пры pH 4 і ніжэй — журавіны. Рэгулююць К. г. вапнаваннем кіслых, гіпсаваннем шчолачных глеб, фізіялагічна кіслымі і шчолачнымі ўгнаеннямі.

т. 8, с. 292

КІСЛО́ТНА-ШЧО́ЛАЧНАЯ РАЎНАВА́ГА,

адноснае пастаянства вадароднага паказчыка (pH) унутр. асяроддзя арганізма. У жывёл рэгулюецца фізіка-хім. (буферныя сістэмы крыві і тканак) і фізіял. (дыханне, выдзяленне) механізмамі. Абумоўлівае нармальны ход працэсаў жыццядзейнасці (гл. Гамеастаз). У норме pH крыві чалавека 7,37—7,45, тканкавых вадкасцей 7,1—7,4. Памяншэнне pH крыві ніжэй за 7 (ацыдоз) ці павелічэнне больш за 7,8 (алкалоз) прыводзяць да смерці. У раслін рэгуляцыя К.-ш. р. ажыццяўляецца функцыянаваннем пратоннай помпы, што выпампоўвае з клеткі лішак H​+-іонаў праз плазмалему з затратай энергіі АТФ, а таксама балансам карбаксіліруючых (падкісляючых) і дэкарбаксіліруючых (падшчалочваючых) ферментаў і сістэмай буфераў (арган. кіслоты, бялкі, карбанаты, фасфаты). pH цытаплазмы 6—7,5; pH вакуолі 5—6.

Літ.:

Робинсон Дж. Р. Основы регуляции кислотно-щелочного равновесия: Пер. с англ. М., 1969.

т. 8, с. 292