Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КРЫВАПЛЯ́МІСТАЯ ХВАРО́БА,

тое, што пецехіяльная ліхаманка.

т. 8, с. 493

КРЫВАРО́ЖСКІ ЖАЛЕЗАРУ́ДНЫ БАСЕ́ЙН (Крыўбас),

на Украіне, у Днепрапятроўскай вобл. Пл. каля 300 км². Прымеркаваны да пратэразойскіх парод крыварожскай серыі, у асноўным саксаганскай світы, якая складаецца з 7 гарызонтаў жалезістых кварцытаў і кварцавых сланцаў (агульная магутнасць 1500 м). Больш за 300 рудных пакладаў пласта-, слупа- і штокападобных, гнездавых і інш. Разведаныя запасы больш за 20 млрд. т. багатых жал. руд, у якіх жалеза 56,7% і лёгкаабагачальных жалезістых кварцытаў, у якіх жалеза 34,2%. Жал. руды мартытавыя і гематыт-мартытавыя (пераважаюць), магнетытавыя і інш. Прамысл. эксплуатацыя з 1881. Здабыча адкрытым (80%) і падземным спосабамі.

т. 8, с. 493

КРЫВАСМО́К (Sanguisorba),

род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 дзікарослы від — К. лекавы (S. officinalis) і 2 інтрадукаваныя: К. альпійскі (S. alpina) і К. танкалісты (S. tenuifolia). Трапляецца на лугах, высечках, у хмызняку.

Шматгадовыя травяністыя расліны, радзей кусты і паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі дробныя ў шчыльных галоўчатых ці коласападобных суквеццях. Плод — арэшак. Як лек. сродак (вяжучы, кроваспыняльны. супрацьзапаленчы) вядомы з глыбокай старажытнасці. Карм. і лек., некат. віды — дэкаратыўныя расліны.

Крывасмок.

т. 8, с. 493

КРЫВАСО́СКІ (Hippoboscidae),

сямейства круглашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. 21 род, больш за 200 відаў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца К. птушыная (Grataerina pallida), К. конская (Hippobosca equina), рунец авечы (Melophagus ovinus). Паразіты птушак і млекакормячых, некаторыя — пераносчыкі і рэзервуары ўзбуджальнікаў інвазійных хвароб.

Даўж. да 8 мм. Цела пляскатае, шырокае, ногі ўчэпістыя з зубчастымі кіпцюркамі. Ротавы апарат колючага тыпу. Крылы развітыя або рудыментарныя, ёсць бяскрылыя. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў целе самкі, нараджаюцца гатовымі да акуклівання.

Да арт. Крывасоскі. Рунец авечы.

т. 8, с. 493

КРЫВА́ЎКА,

тое, што дызентэрыя.

т. 8, с. 494

КРЫВА́ЎНІК (Achillea),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 100 відаў (па інш. даных каля 200). Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. На Беларусі 7 дзікарослых (найб. вядомы лек. К. звычайны A. millefolium); нар. назвы крывавец, серпарэзнік, грудная трава, рудамётка) і каля 10 інтрадукаваных відаў. Трапляецца на палях, лугах, абапал дарог, у лесе.

Шматгадовыя травяністыя прамастойныя расліны з паўзучым карэнішчам выш. 20—125 см. Лісце перыстарассечанае або суцэльнае. Кветкі ў дробных кошыках, сабраныя ў шчыткападобныя суквецці. Плод — сямянка. Лек., меданосныя і дэкар. расліны. Некат. віды ядавітыя.

Крываўнік звычайны.

т. 8, с. 494

КРЫВАЦВЕ́Т (Lycopsis),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. 3 віды. Пашыраны ў Сярэдняй Еўропе, Міжземнамор’і і Сярэдняй Азіі. На Беларусі — К. палявы (L. arvensis, нар. назвы калючнік, пакравец, страснік, сушанік).

Трапляецца на палях, засмечаных мясцінах.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. 30—50 см. Сцябло прамое, укрытае цвёрдашчаціністымі валаскамі, што сядзяць на бародаўках. Лісце падоўжанае, па краі хвалістае, з рэдкімі шчацінкамі. Кветкі блакітныя, правільныя, сабраныя ў моцнааблісцелыя завіткі. Плод — чатырохарэшак. Выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне.

Крывацвет палявы.

т. 8, с. 494

КРЫВАЦЁК, гемарагія,

выцяканне крыві з крывяносных сасудаў. Бывае пры траўмах, хваробах крывяносных сасудаў (гл. Гематурыя, Гемафілія, Дыятэз гемарагічны). Адрозніваюць К. артэрыяльны, вянозны, капілярны, змешаны; вонкавы (кроў выцякае вонкі) і ўнутр. (кроў выцякае ў органы, тканкі, поласці цела).

Назапашванне крыві ў калясардэчнай абалонцы наз. гемаперыкардытам, у грудной поласці — гематораксам, у поласці сустава — гемартрозам; выдаленне крыві праз дыхальныя шляхі (крывахарканне) — гемаптос; праз стрававод са страўніка (крывавая рвота) — гематамезіс; матачны К. — метрарагія і інш. Найб. небяспечны артэрыяльны К. Пры К. бывае бледнасць скуры і слізістых абалонак, слабасць, галавакружэнне, смага, задышка, паніжэнне артэрыяльнага ціску, слабы, часты пульс. Лячэнне: спыненне К. часовае (сціскальная павязка, жгут) і канчатковае (сасудзістае шво, перавязка сасудаў), кровазгусальныя і кроваспыняльныя сродкі, пераліванне крыві і кровазаменных вадкасцей.

Літ.:

Вишневский А.А., Шрайбер М.И. Военно-полевая хирургия. 3 изд., М., 1975;

Основы реаниматологии. М., 1966.

А.У.Чантурыя.

т. 8, с. 494

КРЫВАШЫ́ПНЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм са звяном (крывашыпам або каленчатым валам), якое пры вярчэнні вакол нерухомай восі пераўтварае адзін від руху ў другі. Бываюць К. м. плоскія (з рухам усіх звёнаў у паралельных плоскасцях) і прасторавыя, чатырох- і шматзвёнавыя.

Найб. пашыраны плоскія крывашыпна-паўзунныя (пераўтвараюць вярчальны рух у прамалінейны зваротна-паступальны або наадварот), крывашыпна-каромыславыя (вярчальны рух — у хістальны) і крывашыпна-кулісныя (раўнамерна вярчальны рух — у нераўнамерна вярчальны, хістальны або зваротна-паступальны; гл. таксама Кулісны механізм). К. м. выкарыстоўваюцца ў поршневых рухавіках, помпах, кампрэсарах, прэсах, металарэзных станках, цестамясілках, снегапагрузчыках і інш. машынах.

Плоскія крывашыпныя механізмы: а — крывашыпна-каромыславы; б — крывашыпна-паўзунны; в — крывашыпна-кулісны; г — крывашып з пастаянным радыусам r; 1 — крывашып; 2 — шатун; 3 — каромысел; 4 — паўзун; 5 — куліса.

т. 8, с. 494

КРЫВАШЫ́Я,

дэфармацыя шыі рознай этыялогіі, якая характарызуецца няправільным становішчам галавы з яе нахілам убок і паваротам. Прычыны К.: фіброз мышцаў, пашкоджанне або зрастанне шыйных пазванкоў, пашкоджанне скуры, мышцаў, запаленчыя працэсы ў вобласці шыі. Бывае прыроджаная і набытая, найчасцей — аднабаковая. Лячэнне тэрапеўтычнае, хірургічнае.

т. 8, с. 495