сямейства круглашоўных караткавусых насякомых атр. двухкрылых. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. 21 род, больш за 200 відаў. На Беларусі 6 відаў, найб. трапляюцца К. птушыная (Grataerina pallida), К. конская (Hippobosca equina), рунец авечы (Melophagus ovinus). Паразіты птушак і млекакормячых, некаторыя — пераносчыкі і рэзервуары ўзбуджальнікаў інвазійных хвароб.
Даўж. да 8 мм. Цела пляскатае, шырокае, ногі ўчэпістыя з зубчастымі кіпцюркамі. Ротавы апарат колючага тыпу. Крылы развітыя або рудыментарныя, ёсць бяскрылыя. Яйцы і лічынкі развіваюцца ў целе самкі, нараджаюцца гатовымі да акуклівання.