Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КНЯ́ЗЕЎ (Васіль Аляксандравіч) (9 1.1920, г.п. Бобр Крупскага р-на Мінскай вобл. — 22.7.1968),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі аэраклуб, Адэскую ваен. авіяц. школу лётчыкаў (1940). У Чырв. Арміі з 1938. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941, удзельнік вызвалення Паўн. Каўказа, Украіны, Беларусі. Камандзір эскадрыллі авіяпалка ст. лейтэнант К. зрабіў 1088 баявых вылетаў, правёў 139 паветр. баёў, збіў 20 самалётаў ворага. Да 1962 у Сав. Арміі.

В.А.Князеў.

т. 8, с. 366

КНЯ́ЗЕЎ (Васіль Васілевіч) (18.1.1887, г. Цюмень, Расія — 10.11.1937, паводле інш. звестак, сак. 1938),

рускі паэт. Друкаваўся з 1905. Аўтар літ. і паліт. пародый, фельетонаў, эпіграм, памфлетаў (зб-кі «Сатырычныя песні», 1910; «Двухногія без пер’я», 1914). Збіраў нар. песні, частушкі (кн. «Жыццё маладой вёскі. Частушкі-каратушкі С.-Пецярбургскай губерні», 1913), якія выкарыстоўваў у сваіх творах (цыкл «Падпіцершчына», 1915). Творчасць паслярэв. часу мае хранікальна-дакумент. характар: паэт. зб-кі «Чырвоныя званы і песні» (1918), «Песні Чырвонага Званара» (1919), «Чырвоная ленінская вёска» (1925), рэв. песні, балады. Аўтар рамана «Дзяды» (1934; пад псеўд. Іван Сядых), кніг прыказак «Русь» (1924) і «Кніга прыказак» (1930). Пісаў для дзяцей. Рэпрэсіраваны, рэабілітаваны пасмяротна.

т. 8, с. 366

Князеў Станіслаў Нічыпаравіч

т. 18, кн. 1, с. 408

КНЯЗЬ,

кіраўнік манархічнай дзяржавы ці асобнага паліт. ўтварэння (удзельны К.) пераважна ў 9—16 ст. у славян і інш. народаў; пазней дваранскі тытул. Першапачаткова К. — правадыр племя часоў дакласавай ваен. дэмакратыі; паступова ён ператварыўся ў кіраўніка феад. дзяржавы, напачатку выбарнага, потым спадчыннага (напр., Рурыкавічы на Русі, Гедзімінавічы і Ягелоны ў ВКЛ, Пясты ў Польшчы, Пржэмыславічы ў Чэхіі). К., што ўзначальвалі ВКЛ і буйныя дзярж. ўтварэнні на Русі, наз. вялікімі князямі. У Польшчы, Чэхіі, Румыніі і Сербіі кіруючыя К. прынялі каралеўскі тытул. З утварэннем цэнтралізаваных манархій удзельныя К. паступова страчвалі свае суверэнныя правы і станавіліся прыдворнымі велікакняжацкіх двароў Расіі (з 1547 царскага) і ВКЛ, каралеўскага ў Польшчы і інш. Паступова з разрастаннем княжацкіх родаў значэнне тытула К. зменшылася. Стаць К. у ВКЛ і Польшчы можна было толькі праз нараджэнне ў сям’і К. (выключэнне — прадстаўнікі вышэйшага каталіцкага духавенства — біскупы і канонікі, якія карысталіся княжацкім тытулам пажыццёва), таму бел. магнаты Радзівілы (у 16 ст.) і Сапегі (у 18 ст.) набылі сабе ад імператараў «Свяшчэннай Рым. імперыі» ганаровы тытул імперскіх К. У Расіі да 18 ст. тытул К. быў таксама толькі радавым. З 1707 рас. цары пачалі надаваць тытул К. вышэйшым саноўнікам за асаблівыя заслугі перад дзяржавай. Адначасова ў Расіі на ўзор «Свяшчэннай Рым. імперыі» ўведзена больш высокая за звычайны княжацкі тытул ступень княжацкай годнасці — тытул святлейшага К. («яго светласці», у адрозненне ад «іхніх сіяцельстваў» — інш. князёў). Княжацкія тытулы ў Расіі адменены ў адпаведнасці з дэкрэтам ВЦВК «Аб знішчэнні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў» ад 10(23).11.1917.

М.​Г.​Нікіцін.

т. 8, с. 366

КНЯ́ЗЬНІН ((Kniaźnin) Францішак Дыянізы) (4.10.1749 або 1750, г. Віцебск — 25.8.1807),

польскі паэт, драматург, перакладчык; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіум (1764). У 1764—70 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы, Слуцку. З 1770 у Варшаве. З 1775 сакратар кн. А.​К.​Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяв.). У зб. «Carmina» (1781) пераклады Гарацыя, «Трэнаў» Я.​Каханоўскага, оды і элегіі на лац. мове. Аўтар зб. «Байкі» (1776) на ўзор Ж.​Лафантэна, «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі, «Вершы» (1783) з элементамі стылю ракако. У зб. «Паэзія» (т. 1—3, 1787—89) любоўна-ідылічная, паліт. (у т. л. вершы «Да Тадэвуша Касцюшкі»), рэліг. лірыка. Сярод драм. твораў — пастаралі з рысамі бел. фальклору, гераічна-патрыят. п’есы («Гектар»). Опера «Цыганы» на лібрэта К. ставілася ў Слонімскім т-ры Агінскага (1786). У некаторых вершах услаўляў край маленства — Віцебшчыну. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.​Жлутка, Н.​Мерашчак, Л.​Семянюк.

.: Wiersze wybrane. Warszawa, 1981; Бел. пер. — у кн. Віцебскі сшытак. 1995. № 1.

Літ.:

Kostkiewiczowa T. Kniaźnin jako poeta liryczny. Wrocław, 1971.

С.​Дз.​Малюковіч.

т. 8, с. 367

КНЯЗЬ-ВО́ЗЕРА,

гл. Чырвонае возера.

т. 8, с. 366

«КНЯЗЬ-КА́МЕНЬ»,

геалагічны помнік прыроды на Беларусі (з 1987). За 500 м на ПнЗ ад в. Бярозаўшчына Барысаўскага р-на Мінскай вобл. Валун ружова-чырвонага сярэднезярністага рапаківіпадобнага граніту. Даўж. 2,7 м, шыр. 2 м. выш. 2,2 м, у абводзе 8,5 м, аб’ём 6,3 м³, маса каля 17 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Выбаргскага масіву. Паводле паданняў, у камень ператварыўся князь, які страляў у абраз Божай Маці ў царкве, што стаяла тут раней.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 8, с. 366

КНЯ́СТВА,

манархічная дзяржава або асобнае паліт. ўтварэнне на чале з князем; феад. ўладанне князя. Вядомы ў многіх народаў. У Стараж. Русі К. ўзніклі ў 9 — пач. 10 ст. з плем. княжанняў, уладу над якімі захапіла дынастыя Рурыкавічаў. Называліся звычайна па гал горадзе. Буйныя К. падзяляліся на меншыя — удзельныя княствы. Буйнейшыя К. называліся вялікімі К. (Уладзіміра-Суздальскае ў 12—13 ст., Маскоўскае і Цвярское ў 14—15 ст. і інш.). На тэр. Беларусі з 10—11 ст. існавалі Полацкае, Тураўскае, з 12—13 ст. Берасцейскае, Ваўкавыскае, Віцебскае, Гальшанскае, Гарадзенскае, Друцкае, Ізяслаўскае, Капыльскае, Клецкае, Кобрынскае, Крэўскае, Лагожскае, Лукомскае, Менскае, Мсціслаўскае, Новагародскае, Пінскае, Свіслацкае, Слуцкае К.; асобныя часткі бел. зямель уваходзілі ў склад Галіцка-Валынскага, Кіеўскага, Чарнігаўскага і Смаленскага К. (гл. адпаведныя артыкулы). У 14—16 ст. бел., укр. і рус. княствы аб’яднаны пад уладай Вялікага княства Літоўскага (ВКЛ) і Маскоўскага вялікага княства. У ВКЛ былыя К. да 1-й пал. 16 ст. пераўтвораны ў намесніцтвы, ваяводствы, паветы, афіцыйна скасаваны паводле адм. рэформы 1565—66, але назва «княства» ў 17—18 ст. ужывалася ў адносінах да тэр. Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага і Слуцкага К. У Расіі апошняе ўдзельнае К. (Касімаўскае царства) скасавана ў 1681. К. існавалі і ў інш. краінах (напр., у Германіі да 1871, у Індыі да 1950). Некаторыя К. захаваліся да нашага часу — Ліхтэнштэйн, Манака, арабскія К. (эміраты).

т. 8, с. 367