КНЯ́ЗЬНІН ((Kniaźnin) Францішак Дыянізы) (4.10.1749 або 1750, г. Віцебск — 25.8.1807),
польскі паэт, драматург, перакладчык; прадстаўнік сентыменталізму. Скончыў Віцебскі езуіцкі калегіум (1764). У 1764—70 вучыўся ў Полацку, Нясвіжы, Слуцку. З 1770 у Варшаве. З 1775 сакратар кн. А.К.Чартарыйскага, з 1783 прыдворны паэт Чартарыйскіх у Пулавах (Люблінскае ваяв.). У зб. «Carmina» (1781) пераклады Гарацыя, «Трэнаў» Я.Каханоўскага, оды і элегіі на лац. мове. Аўтар зб. «Байкі» (1776) на ўзор Ж.Лафантэна, «Эротыкі» (т. 1—2, 1779) у духу анакрэантычнай паэзіі, «Вершы» (1783) з элементамі стылю ракако. У зб. «Паэзія» (т. 1—3, 1787—89) любоўна-ідылічная, паліт. (у т. л. вершы «Да Тадэвуша Касцюшкі»), рэліг. лірыка. Сярод драм. твораў — пастаралі з рысамі бел. фальклору, гераічна-патрыят. п’есы («Гектар»). Опера «Цыганы» на лібрэта К. ставілася ў Слонімскім т-ры Агінскага (1786). У некаторых вершах услаўляў край маленства — Віцебшчыну. На бел. мову асобныя творы К. пераклалі А.Жлутка, Н.Мерашчак, Л.Семянюк.
Tв.: Wiersze wybrane. Warszawa, 1981; Бел. пер. — у кн. Віцебскі сшытак. 1995. № 1.
Літ.:
Kostkiewiczowa T. Kniaźnin jako poeta liryczny. Wrocław, 1971.
С.Дз.Малюковіч.
т. 8, с. 367
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)