Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КНУД I ВЯЛІ́КІ (Knud den Store; каля 995—12.11.1035),

кароль Англіі (з 1016), Даніі (з 1018) і Нарвегіі (з 1028). Сын дацкага караля Свена I Вілабародага (п. у 1014), разам з якім з 1013 удзельнічаў у заваяванні Англіі. З 1016 суправіцель на англ. прастоле, замацаваўся як кароль Англіі пасля смерці Эдмунда II Жалезнабокага (1018). Апіраўся ў Англіі на дробных землеўладальнікаў і вышэйшае духавенства (надзяляў апошняе землямі і прывілеямі). У Даніі стаў каралём пасля смерці брата Харальда II; пры ім у краіне склалася асобае войска (ціглід) з прадстаўнікоў найб. знатных сем’яў (зародак мясц. рыцарства), пачалася рэгулярная чаканка манеты. Стаў каралём Нарвегіі, выгнаўшы Олафа II Харальдсана. Створаная К. I вялізная англа-дацка-нарв. дзяржава распалася неўзабаве пасля яго смерці.

т. 8, с. 364

КНУНЯ́НЦ (Іван Людвігавіч) (4.6.1906, г. Шуша, Нагорны Карабах — 21.12.1990),

расійскі хімік-арганік, заснавальнік навук. школы фторарганікаў. Акад. АН СССР (1953; чл.-кар. 1946), ген.-маёр-інжынер (1949). Герой Сац. Працы (1966). Скончыў Маскоўскае вышэйшае тэхн. вучылішча (1928), дзе і працаваў да 1932. З 1938 у Ін-це арган. хіміі, з 1954 у Ін-це элементаарган. злучэнняў АН СССР, адначасова з 1932 у Ваен. акадэміі хім. аховы. Навук. працы па хіміі фторарган. злучэнняў, біяхіміі фізіял. актыўных рэчываў. Сінтэзаваў процімалярыйныя сродкі — акрыхін і плазмахін (1933). Прапанаваў спосаб атрымання 5-фторурацылу (проціпухлінны прэпарат). Паказаў магчымасць полімерызацыі капралактаму і распрацаваў метад атрымання капрону (1944, разам з З.​А.​Раговіным). Адкрыў рэакцыю далучэння фторавадароду да этыленаксіду (1949). Распрацаваў прамысл. метады сінтэзу новых фторзмяшчальных манамераў і тэрмаўстойлівых палімераў, а таксама электрахім. метад увядзення атамаў фтору ў арган. малекулы. Ленінская прэмія 1972, Дзярж. прэміі СССР 1943, 1948, 1950.

Літ.:

И.​А.​Кнунянц. М., 1978.

А.​І.​Валожын.

І.Л.Кнунянц.

т. 8, с. 364

КНУШАВІ́ЦКІ (Святаслаў Мікалаевіч) (6.1.1908, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 19.2.1963),

расійскі віяланчэліст, педагог. Засл. дз. маст. Расіі (1956). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1929, клас С.Казалупава), з 1941 выкладаў у ёй (з 1950 праф.). З 1929 саліст-канцэртмайстар аркестра Вял. т-ра ў Маскве, у 1943—51 — аркестра Усесаюзнага радыё. Выступаў як саліст і ансамбліст. З 1940 удзельнік трыо (з Л.Аборыным і Д.Ойстрахам) і санатнага ансамбля (з Аборыным). У рэпертуары творы сусв. муз. класікі і сучасных аўтараў, у т. л. прысвечаныя яму канцэрты для віяланчэлі М.​Мяскоўскага, А.​Хачатурана, С.​Васіленкі. Яго выкананне вылучалася паэтычнасцю і высакароднасцю фразіроўкі, цёплым, выразным гукам. Сярод вучняў М.Хоміцэр. 1-я прэмія на Усесаюзным конкурсе музыкантаў-выканаўцаў (1933). Дзярж. прэмія СССР 1950.

т. 8, с. 365