Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

КЛЮЧАРО́Ў (Аляксандр Аляксандравіч) (1.7.1921, г. Варонеж, Расія — 18.6.1992),

бел. вучоны-інфекцыяніст. Д-р мед. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Ленінградскую ваен.-мед. акадэмію (1943). З 1949 у Мінскім мед. ін-це (у 1961—86 рэктар). Навук. працы па вывучэнні клінікі, эпідэміялогіі кішачных інфекцый (дызентэрыі, харч. таксікаінфекцыі, язвавага каліту).

Тв.:

Дифференциальная диагностика хронической дизентерии // Здравоохранение Белоруссии. 1960. № 5;

Клиническая характеристика язвенных колитов невыясненной этиологии // Там жа. 1963. № 11;

К вопросу об эволюции клиники острой дизентерии у взрослых // Там жа. 1969. № 6.

т. 8, с. 352

КЛЮЧАРО́Ў (Аляксандр Васілевіч) (1867, Разанская вобл., Расія — 23.11.1932),

вучоны ў галіне аграноміі. Праф. (1902). Скончыў Петраградскі ун-т і Пятроўскую с.-г. акадэмію. У 1923—29 у Бел. с.-г. акадэміі. Навук. працы па расліназнаўстве, земляробстве і глебазнаўстве.

Літ.:

А.​В.​Ключарев // Почвоведение. 1933. № 1.

т. 8, с. 352

КЛЮЧАЎСКА́Я СО́ПКА,

дзеючы вулкан на У п-ва Камчатка, найвыш. (4750 м) і самы актыўны ў Еўразіі. Размешчаны ў Ключаўскай групе вулканаў. Складзены з андэзіта-базальтавай лавы. Належыць да тыпу стратавулканаў. Правільны конус з кратэрам, што пастаянна курыцца, мае паблізу падэшвы 84 пабочныя конусы і кратэры. На вяршыні снежнікі і ледавікі, на схілах — фумаролы і сальфатары. За 270 гадоў адбылося больш за 50 моцных вулканічных вывяржэнняў; апошняе — у 1972—74. Каля падножжа — вулканалагічная станцыя.

Вулкан Ключаўская Сопка.

т. 8, с. 352

КЛЮЧВО́ЙТ, Ключнік,

службовая асоба ў ВКЛ, якая выконвала функцыі вартаўніка, замыкала нанач гарадскую браму або вароты замка і зберагала ключы ад іх. Так называлі і войта, які кіраваў часткай маёнтка феадала ці велікакняжацкай эканоміі — ключом. У 16—17 ст. вядома пасада К. віленскага.

т. 8, с. 352

КЛЮ́ЧНІКАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 13.7.1945, г. Давыд-Гарадок Столінскага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне радыёфізікі, электронікі і інфарматыкі. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1986). Скончыў БДУ (1967), дзе і працаваў. З 1988 у Віцебскім тэхнал. ін-це лёгкай прам-сці. Навук. працы па тэорыі, матэм. мадэляванні і распрацоўцы вырабаў спец. электронікі для ўзбраення радыётэхн. войск ППА, у т. л. апаратна-праграмных сродкаў для аўтаматызацыі іх вытв-сці і эксплуатацыйна-тэхнал. кантролю.

Тв.:

Антенные обтекатели. Мн., 1980 (разам з У.​І.​Замяціным, У.​І.​Швецам);

Радиооптика и голография. Мн., 1989.

М.​П.​Савік.

т. 8, с. 352

КЛЮ́ЧЫКІ,

кветкавая расліна, гл. ў арт. Першацвет.

т. 8, с. 352

КЛЮЧЭ́ЎСКІ (Васіль Восіпавіч) (28.1.1841, с. Васкрасенскае, Мардовія — 25.5.1911),

расійскі гісторык.

Акад. (1900, чл.-кар. 1889), ганаровы акад. (1908) Пецярбургскай АН, д-р гіст. н. (1882). Скончыў Маскоўскі ун-т (1865), з 1882 праф. у ім. У пач. 20 ст. член Канстытуцыйна-дэмакр. партыі. З пазіцый пазітывізму даследаваў рас. гісторыю ад старажытнасці да 19 ст., падзяляў яе на 4 перыяды: «Русь Дняпроўская, гарадская, гандлёвая»; «Русь Верхняволжская, удзельна-княжацкая, вольназемляробская»; «Русь Вялікая, Маскоўская, царска-баярская, ваенна-землеўладальніцкая»; «Усерасійскі, імператарска-дваранскі перыяд прыгонніцкай гаспадаркі, земляробскай і фабрычна-заводскай». Аўтар прац «Баярская дума Старажытнай Русі» (1882), «Паходжанне прыгоннага права ў Расіі» (1885), «Гісторыя саслоўяў у Расіі» (1887), «Пётр Вялікі сярод сваіх супрацоўнікаў» (1901) і інш. Лекцыі К. па рас. гісторыі, гістарыяграфіі і крыніцазнаўстве, прачытаныя ім з 1871 у шэрагу ВНУ Масквы, ляглі ў аснову «Курса рускай гісторыі» (ч. 1—5, 1904—21). Увёў у навук. ўжытак каштоўныя дакумент. крыніцы, у т. л. стараж.-рус. жыціі святых. Сярод вучняў К. А.А.Кізеветэр, П.М.Мілюкоў, М.М.Пакроўскі.

Тв.:

Соч. Т. 1—9. М., 1987—90;

Русская история: Полный курс лекций. Кн. 1—3. М., 1993.

Літ.:

Нечкина М.В. В.​О.​Ключевский: История жизни и творчества. М., 1974.

В.В.Ключэўскі.

т. 8, с. 352

КЛЮЧ-ТРАВА́,

папараць, гл. ў арт. Граздоўнік.

т. 8, с. 352