Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

КВЕ́ТКАВЫЯ МУ́ХІ,

гл. Журчалкі.

т. 8, с. 216

КВЕ́ТКАВЫЯ РАСЛІ́НЫ,

тое, што пакрытанасенныя.

т. 8, с. 216

КВЕ́ТКАВЫ ПЫЛО́К,

сукупнасць пылковых зерняў (пылінак), якія ўтвараюцца ў гнёздах пыльніка (мікраспарангіях) і служаць для палавога ўзнаўлення. Складаецца з асобных пылінак, што могуць заставацца ў мацярынскай абалонцы. Яны злучаны ў тэтрады і больш буйныя групы па 8, 12, 16, 32. Спосабы злучэнняў К.п. ў розных сямействаў адрозніваюцца і з’яўляюцца сістэм. адзнакай. У ветраапыляльных раслін К.п. сухі, з гладкай паверхняй, са спец. прыстасаваннямі для пераносу ветрам, у энтамафільных — буйны, клейкі, з яркім колерам і пахам для прываблівання насякомых. Назапашваецца пчоламі ў выглядзе пяргі і інш. насякомымі для кармлення лічынак.

т. 8, с. 216

КВЕ́ТНІК,

участак з пасадкамі кветкава-дэкаратыўных раслін, прызначаны для ўпрыгожвання садоў, паркаў, двароў, сядзіб і інш. У залежнасці ад формы, памераў і складу раслін вылучаюць: бардзюры, клумбы, міксбордэры, партэры, рабаткі, жывыя агароджы; элементам К. можа быць газон, які з’яўляецца фонам для кветкавых раслін; К. ландшафтнага (вольнага) стылю — альпінарый. К. спалучаюць з малымі арх. формамі (фантанамі, альтанкамі, дэкар. машчэннем і інш.) або ствараюць з раслін аднаго ці некалькіх відаў (сартоў). Расліны падбіраюць з улікам гарманічнага спалучэння афарбоўкі і памераў кветак і лісця, тэрмінаў і працягласці цвіцення, кліматычных, ландшафтных і інш. умоў.

Кветнік.

т. 8, с. 216

КВЕ́ЦІНА,

возера ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ракітаўка, за 34 км на ПдУ ад г. Чашнікі. Пл. 0,3 км², даўж. 920 м, найб. шыр. 410 м, даўж. берагавой лініі каля 2,4 км. Схілы катлавіны выш. 5—7 м, параслі лесам і хмызняком, на Пн разараныя. Берагі забалочаныя. Пойма шыр. 100—250 м, забалочаная, пад хмызняком. На Пд выцякае ручай у р. Ракітаўка.

т. 8, с. 216