Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЗГУРТАВА́ННЕ БЕЛАРУ́СКІХ МАСТАКО́Ў І ЎМЕ́ЛЬЦАЎ,

бел. арг-цыя ў эміграцыі. Засн. ў 1978 у г. Саўт-Рывер (ЗША). Арганізоўвае маст. выстаўкі з удзелам бел. мастакоў і ўмельцаў з розных краін свету, каардынуе культ. праграмы, супрацоўнічае з каледжамі і універсітэтамі штатаў Нью-Джэрсі, Пенсільванія. У кіраўніцтва ўваходзяць Н.Кудасава, Г.Русак, Л.Махнюк і інш.

А.С.Ляднёва.

т. 7, с. 46

ЗГУРЫ́ДЫ Аляксандр Міхайлавіч

(н. 23.2.1904, г. Саратаў, Расія),

кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. СССР (1969), Герой Сац. Працы (1990). З 1932 рэжысёр «Саюзтэхфільма», потым «Мастэхфільма» («Цэнтрнавукфільм»). Праф. Усесаюзнага дзярж. ін-та кінематаграфістаў (э 1966). Многія навук.-папулярныя фільмы заснаваны на навук. назіраннях за прыродай і пабудаваны ў форме аповесцей, казак: «У пясках Сярэдняй Азіі» (1943), «Лясная быль» (1950), «У льдах акіяна» (1953), «Сцежкай джунгляў» (1959), «Зачараваныя астравы» (1965), «Лясная сімфонія» (1967), «Здаравяка» (1982, разам з М.Клдыяшвілі) і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1946, 1950, Дзярж. прэмія Расіі 1969. Прэміі Міжнар. кінафестываляў у Венецыі (1946, 1962, 1965), Карлавых Варах (1950) і інш.

т. 7, с. 46

ЗГУСА́ННЕ КРЫВІ,

ахоўная рэакцыя арганізма, накіраваная на прадухіленне і спыненне крывацёку, праяўляецца ўтварэннем крывянога згустка. Адбываецца пры ўзаемадзеянні фактараў, наяўных у плазме і форменных фактарах (пераважна ў трамбацытах) крыві і тканак. Выдзелена 13 фактараў З.к. (абазначаюцца рымскімі лічбамі). Асн. фазы З.к.: утварэнне актыўнага трамбапласта, ператварэнне пратрамбіну ў трамбін; ператварэнне фібрынагену ў фібрын; стабілізацыя фібрыну. Кроў чалавека ў норме загусае за 5—12 мін. Парушэнні З.к. бываюць пры анамаліях трамбацытаў, сасудзістай сценкі, фактараў згусальнай і супрацьзгусальнай сістэм ці іх спалучэнні. Адрозніваюць колькасныя і якасныя змены (дэфіцыт ці лішак аднаго з фактараў, парушэнне яго актыўнасці або струк гуры і інш.), набытыя (дзеянне таксічных і лек. рэчываў, інфекцыі, анкалагічныя хваробы, парушэнні бялковага і ліпіднага абмену і інш.) і прыроджаныя. Вынікі парушэння: запаволенае З.к. і крывацёкі (дыятэз гемарагічны), паскоранае З.к. і лакальнае (трамбоз) ці генералізаванае ўнутрысасудзістае З.к.

Літ.:

Кудряшев Б.А Биологические проблемы регуляции жидкого состояния крови и ее свертывания. М., 1975;

Фермилен Ж., Ферстате М. Гемостаз: Пер. с фр. М., 1984.

А.В.Лявонава.

т. 7, с. 46

ЗГУШЧА́ЛЬНІКІ,

апараты, у якіх адбываецца аддзяленне цвёрдых часцінак рэчыва ад вадкасці. Бываюць гравітацыйныя (часцінкі ападаюць пад дзеяннем сілы цяжару), інерцыйныя (выдаленне часцінак адбываецца за кошт узнікнення сіл інерцыі пры вярчэнні) і фільтрацыйныя (згушчэнне суспензіі адбываецца пры выдаленні часткі вадкасці). Выкарыстоўваюцца пры здабычы карысных выкапняў і высакародных металаў, у вытворчасці паперы і цэлюлозы.

т. 7, с. 47