Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРЭЙВС

(Graves) Майкл (н. 1934, г. Індыянапаліс, ЗША),

амерыканскі архітэктар. Скончыў ун-ты ў Цынцынаты і Гарвардскі. З 1962 праф. Прынстанскага ун-та. З 1964 кіраўнік фірмы «Майкл Грэйвс» у Прынстане. Будынкі, створаныя паводле яго праектаў у стылі постмадэрнізму, вызначаюцца вытанчаным элегантным густам. Сярод работ: Музей прыроды і навукі (1967), «Александэрхаўс» (1973) — абедзве ў Прынстане, грамадскія будынкі ў Портлендзе (1982) і Луісвілі (1986) і інш. Вядомы і як мастак-манументаліст.

т. 5, с. 489

ГРЭЙВС

(Graves) Роберт (26.7.1895, Лондан — 7.12.1985),

англійскі пісьменнік, літаратуразнавец. Сын ірландскага паэта А.П.Грэйвса. Скончыў Оксфардскі ун-т (1926), праф. гэтага ун-та ў 1961—66. Аўтар больш як 50 зб-каў паэзіі; майстар філас., пейзажнай і любоўнай лірыкі («Выбраныя вершы», 1938; «Вершы, 1938—1945», 1946, і інш.). Вядомасць яму прынеслі гіст. раманы «Я, Клаўдзій», «Боскі Клаўдзій» (абодва 1934), «Залатое руно» (1944), «Цар Ісус» (1946), «Дачка Гамера» (1955) і інш., а таксама аўтабіягр. раман «Развітаемся з усім гэтым» (1929). Аўтар літ. тэарэт. даследаванняў («Белая багіня. Гістарычная граматыка паэтычнага міфа», 1948, і інш.), перакладаў твораў Гамера, Апулея, Тэрэнцыя, Умара Хаяма. Каралеўскі залаты медаль і Залаты медаль паэта на Алімпійскіх гульнях у Мехіка (1968).

Тв.:

Рус. пер. — Скрипка за пенни: Стихи. М., 1965;

Мифы Древней Греции. М., 1992.

Літ.:

Seymour-Smith М. Robert Graves. London, 1982.

Н.М.Саркісава.

т. 5, с. 490

ГРЭ́ЙДЭР

(англ. grader ад grade нівеліраваць),

землярыйная дарожна-буд. машына. Рабочы орган грэйдара — адвал з нажом, якім зразаюць і разраўноўваюць грунт ці сыпкі буд. матэрыял (пры стварэнні землянога палатна, планіроўцы адкосаў насыпаў і выемак, рамонце гравійных і грунтавых дарог і інш.). Прадукцыйнасць да 45 м³/гадз. Разнавіднасць грэйдара — грэйдэр-элеватар.

Падзяляюцца на прычапныя і самаходныя (аўтагрэйдэры). Прычапныя грэйдары бываюць лёгкія (з нажом даўж. 2,5—3 м) і цяжкія (3,5—4,5 м). Аўтагрэйдэры больш прадукцыйныя і манеўраныя, дадаткова могуць аснашчацца кіркоўшчыкам, плужным снегаачышчальнікам, бульдозерным адвалам, навясным скрэперам і інш. Бываюць лёгкія (нож 2,5—3 м, магутнасць рухавіка да 55—67 кВт), сярэднія (3—3,6 м, 74—110 кВт) і цяжкія (3,6—3,8 м, больш як 150 кВт). Кіраванне рабочым органам грэйдара мех. або гідраўл. прыводам.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 490

ГРЭ́ЙДЭР-ЭЛЕВА́ТАР,

землярыйна-транспартная машына для зразання грунту і перамяшчэння яго ў насып (дамбу), адвал або ў трансп. сродак. Выкарыстоўваецца пры буд-ве насыпаў з бакавых рэзерваў, малых каналаў, распрацоўцы выемак, раскрыўных кар’ерных, планіровачных работах і інш. Прадукцыйнасць да 1600 м³/гадз.

Бываюць прычапныя (да гусенічнага трактара), паўпрычапныя і самаходныя; з дыскавым плугам і перпендыкулярна размешчаным (адносна падоўжнай восі машыны) нахіленым транспарцёрам (элеватарам); з плоскім (прамым) нажом і дыяганальна размешчаным транспарцёрам. Кіраванне рабочым органам — мех. або гідраўлічнае, прывод транспарцёра — ад задніх хадавых колаў, вала адбору магутнасці трактара або асобнага рухавіка.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 490

ГРЭ́ЙЗЕН

(ням. Greisen),

горная парода метасаматычнага паходжання, якая складаецца пераважна з кварцу і светлых слюд—лепідаліту і мускавіту. Часта мае каштоўныя рудныя мінералы ў выглядзе ўкрапін (касітэрыт, вальфраміт, пірыт і інш.) у прамысл. колькасцях, тады грэйзен разглядаюць як руды. Залягаюць у выглядзе жыл і ўчасткаў унутры гранітных масіваў, пераважна ў іх краявых частках. Грэйзены ўтвараюцца ў выніку высокатэмпературнага (300—500°C) метасаматозу і перакрышталізацыі гранітоідаў пад уздзеяннем газаў і раствораў. Служаць пошукавымі прыкметамі на радовішчы руд рэдкіх металаў і каляровых камянёў (тапазу, берылу і інш.).

т. 5, с. 490

ГРЭ́ЙМАН Аляксандр Абрамавіч

(7.7.1899, г. Казань, Расія — 1.6.1970),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Д-р мед. н. (1961), праф. (1963). Скончыў БДУ (1926). З 1926 працаваў урачом у Мінскай вобл. У 1931—38 і з 1946 у Мінскім мед. ін-це. Навук. працы па хірургіі валляка, эндакрыннай сістэмы і органаў брушной поласці. Сааўтар кнігі «Актуальныя пытанні вострага апендыцыту» (1969).

Тв.:

Хирургическое лечение и патоморфология зоба. Мн., 1964.

т. 5, с. 490

ГРЭ́ЙПЕЛЬ,

Грэйпаль Леапольд (каля 1810—пасля 1847), бел. архітэктар. Скончыў Пецярбургскую АМ (1834). У 1830-я г. працаваў павятовым землямерам Полацка. У 1842—43 архітэктар Бел. навуч. акругі (Мінск). Аўтар праектаў будынкаў дваранскага прыходскага вучылішча (1835) у Полацку, гімназіі (1839) і шляхетнага пансіёна (1842) у Мінску, перабудовы манастырскага корпуса бернардзінцаў (пасля закрыцця касцёла і кляштара) пад пав. школу (1842—47) у Віцебску, пав. школы з домам для персаналу і школьнай б-кай у Маладзечне.

т. 5, с. 490

ГРЭЙПФРУ́Т

(Citrus paradisi),

шматгадовая вечназялёная пладовая расліна роду цытрус, сям. рутавых. Дзікарослы невядомы. Культывуюць у ЗША, Паўн. Афрыцы, у Закаўказзі. На Беларусі вырошчваюць у пакоях, аранжарэях.

Выш. 2—4 м. Лісце буйное, авальнае, бліскучае, скурыстае. Кветкі вял., белыя, двухполыя, адзіночныя або ў гронках у пазухах лісця. Плады масай 100—600 г, круглыя, з тоўстай аранжава-жоўтай скуркай, пахучыя, сакаўныя, гаркавата-салодкія, маюць танізоўныя ўласцівасці, паляпшаюць страваванне; спажываюць свежымі і перапрацаванымі (сокі, варэнне, кансервы).

т. 5, с. 491

ГРЭ́ЙФЕР

(ням. Greifer ад greifen хапаць, схопліваць),

1) грузазахопныя прыстасаванні пад’ёмных механізмаў (экскаватараў, кранаў, пагрузчыкаў, монарэйкавых цялежак), якія маюць паваротныя сківіцы (з зубамі) для захоплівання грузаў. Выкарыстоўваюцца для перагрузкі і транспартавання на невял. адлегласці сыпкіх і кускавых матэрыялаў, лесаматэрыялаў, для распрацоўкі невял., але глыбокіх катлаванаў у мяккіх грунтах, ачысткі вадаёмаў і інш. Найб. пашыраны грэйфер для сыпкіх грузаў ёмістасцю 0,8—1,2 м³.

2) Прыстасаванне ў апаратах і машынах для замацавання (захоплівання) прадмета, які апрацоўваецца.

І.І.Леановіч.

т. 5, с. 491

ГРЭ́КА

(Creco),

іспанскі жывапісец, гл. Эль Грэка.

т. 5, с. 491